Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 чэрвеня 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Менскі гарадзкі савет сёньня на сэсіі разглядаў пытаньне масавай гібелі людзей 30 траўня, аднак называць вінаватых у трагедыі дэпутаты так і не пажадалі. Разам з тым працягвае дзейнасьць грамадзкая камісія, якая аўтаномна ад уладаў дасьледуе абставіны трагедыі. Усю адказнасьць за гібель людзей сябры камісіі ўскладаюць на афіцыйныя ўлады.

Сэсія Менскага гарадзкога савету, якая адбылася сёньня, засьведчыла, што пытаньне адказнасьці за масавую гібель людзей 30 траўня пахаванае разам з ахвярамі трагедыі. Дэпутаты гарсавету эмацыйна выказваліся пра «чорныя сілы», якія вінаватыя ў трагедыі 30-га, аднак пэрсаналіі зь ліку менскіх афіцыйных уладаў, якія гэтым сілам паспрыялі, названыя так і не былі.

Выніковая пастанова гарсавету складаецца з трох сказаў, у якіх гаворыцца, што ўсе прапановы і заўвагі дэпутатаў павінны быць выкладзеныя ў пісьмовай форме і перададзеныя ў Менгарвыканкам, каб удасканаліць формы правядзеньня масавых мерапрыемстваў.

Дэпутаты Менгарсавету прапанавалі абсталяваць уваходы ў мэтро дадатковымі турнікетамі, а таксама часова не праводзіць на Нямізе масавых мерапрыемстваў. Пытаньне продажу непаўналетнім піва, а таксама дзеяньні міліцыі падчас цісканіны 30-га дэпутатаў не зацікавілі.

Падчас абмеркаваньня аднак былі названыя некаторыя лічбы. Напрыклад, 30 траўня па мэдычную дапамогу зьвярнулася больш за 400 чалавек, а цяпер у шпіталях Менску знаходзіцца 108 пацярпелых падчас катастрофы. Нагадаю, што на мінулым тыдні ўладамі паведамляліся значна меншыя лічбы.

Пытаньні, якія не хвалююць дэпутатаў гарсавету, хвалююць сяброў грамадзкай міжпартыйнай камісіі, якая аўтаномна ад уладаў дасьледуе абставіны трагедыі 30 траўня. Былы старшыня Менгарвыканкаму Георгі Таразевіч, які ўвайшоў у склад камісіі ад сацыял-дэмакратаў, заявіў нашаму радыё:

(Таразевіч:) «Тое, што гавораць улады — гэта проста няпраўда. Калі загінулі 52 чалавекі, дык тут віна ёсьць і віна вялікая. Тут віна тых, хто павінен быў арганізаваць бясьпеку людзей, якія там былі. Мне больш за ўсё незразумела — чаму не перакрылі ўваход у мэтро? Тыя два міліцыянты, якія страцілі сваё жыцьцё — яны ж не былі на службе, гэта былі людзі, якія адпачывалі».

(Карманаў:) Вядома, што створаная грамадзкая камісія для расьсьледаваньня падзеяў 30 траўня. Скажыце, сп. Таразевіч, на Вашую думку, ці дазволяць афіцыйныя ўлады правесьці гэтай незалежнай камісіі незалежнае расьсьледаваньне абставінаў трагедыі 30 траўня?

(Таразевіч:) «Думаю, добра зроблена, што створаная гэтая камісія. Камісія гэтая будзе рабіць сваю справу незалежна ад дзяржаўных ворганаў. І гэта добра. Гэтыя ахвяры поўнасьцю «вісяць» на ўладах».

У праваабарончым цэнтры «Вясна-96», які каардынуе працу ў грамадзкай камісіі паведамілі, што збор матэрыялаў у справе трагедыі працягваецца, аднак афіцыйныя ўлады чыняць перашкоды. Так, сьведкі трагедыі, якія пагаджаліся даваць паказаньні, раптоўна пачалі адмаўляцца, спасылаючыся на ціск з боку пракуратуры Менску.

XS
SM
MD
LG