Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 чэрвеня 1999 г.


Сяргей Шупа

Сакрэтныя сьпісы будучых афіцэраў беларускага КГБ зьявіліся ў Інтэрнэце. Пару тыдняў таму інтэрнэт стаўся прычынаю палітычнага скандалу, калі ў адным з куткоў кібэрпрасторы зьявіліся даступныя любому карыстальніку інтэрнэту сьпісы супрацоўнікаў Брытанскай Сакрэтнай Службы MI6. Праўда, рэакцыя брытанскіх службаў была імгненная — небясьпечная старонка была адразу зачыненая, аднак інфармацыя ўсё адно выйшла з-пад кантролю і працягвала зьяўляцца то тут то там. І вось падобная гісторыя адбываецца цяпер і ў беларускім варыянце.

Нечаканая навіна зьявілася сёньня ўначы ў гасьцявой кнізе «Дранікаў» — даволі папулярнага беларускага інфармацыйнага рэсурсу. Адзін з наведнікаў, які хаваецца за мянушкай Боб, запытаўся: «Ну што, піпл? Ці ўсе праверылі сьпісы (далей ідзе інтэрнэтны адрас) на прадмет наяўнасьці сяброў і знаёмых??»

Праверыў згаданы адрас і я. І вось што там пабачыў. На чорным тле два шэрыя радкі: сьпісы курсантаў КГБ у Менску 1977-1979 гадоў нараджэньня. Адчыняю сьпісы - гэта дзьве групы — 32 і 35 чалавек, падаюцца поўнасьцю імёны, імёны па бацьку й прозьвішчы, даты нараджэньня, месца працы і дакладныя хатнія адрасы.

Так, прыкладам, паводле гэтых сьпісаў, курсанты КГБ жывуць у Менску на пр. Ракасоўскага, 77, на Цнянскай, 9, на Якубава, 66 корпус 3, на Ясеніна 6 корпус 1 і г.д. Зазначу, што пра даставернасьць гэтых сьпісаў нам нічога не вядома. Ня выключана, што гэты дакумэнт фальшывы, таму я ўстрымаюся ад шырэйшай ягонай рэклямы.

Аўтар старонкі называе сябе К. Green Biomass (К. Зялёная Біямаса), сама старонка была выстаўленая 27 траўня і месьціцца на сэрвэры Intertrash (ціто Інтэрсьметнік), які рэклямуе сябе гэткім чынам: «Адзінае месца для безгустоўных, непатрэбных, нізкапробных, палітычна некарэктных, грубых, ідыёцкіх, бессэнсоўных, паскудных пэрсанальных старонах, якія засьмечваюць інтэрнэтныя каналы».

Вось і ўсё, што ўдалося выявіць.

Натуральна, нам было цікава даведацца пра афіцыйную рэакцыю Камітэту Дзяржаўнай Бясьпекі Рэспублікі Беларусь на гэтую неардынарную падзею.

Я зьвязаўся тэлефанічна зь Фёдарам Сямёнавічам Котавым, начальнікам Цэнтру Інфармацыі і Грамадзкіх Сувязяў КГБ Рэспублікі Беларусь, які якраз упаўнаважаны даваць афіцыйныя заявы ад Камітэту. Вось што ён мне адказаў:

***

(Котаў:) «Пра тое, што там паявіўся сьпіс нейкіх людзей, якія абазначаныя як навучэнцы нашай акадэміі, я ведаю, але наколькі ён дакладны...»

(Шупа:) Значыць, вы не правяралі і ня ведаеве — наколькі ён даставерны і як наагул гэта можна расацніць?

(Котаў:) «Справа ў тым, што гэта не ўваходзіць у маю кампэтэнцыю — правяраць сьпісы і выяўляць нейкія недакладнасьці. Думаю, што сёньня да канца дня я проста падрыхтую афіцыйнае паведамленьне з гэтай нагоды. Камітэт Дзяржаўнай Бясьпекі сваю ацэнку таму, што адбылося, дасьць».

(Шупа:) А калі і як можна будзе пра гэта даведацца? Пра гэта будзе дзе-небудзь афіцыйна паведамлена?

(Котаў:) «Так, вядома. Гэта будзе афіцыйнае паведамленьне, якое разыйдзецца па ўсіх сродках масавай інфармацыі».

(Шупа:) Калі б выявілася, што гэта сапраўды даставерная інфармацыя — наколькі гэта было б непрыемна для камітэту і небясьпечна для тых людзей, якія ў гэтых сьпісах значацца?

(Котаў:) «Я думаю, што тут і камэнтароў ніякіх ня трэба. Яны былі б залішнія. Вы самі разумееце, што апублікаваньне сьпісаў супрацоўнікаў — гэта заўсёды вельмі балюча. Ва ўсіх на памяці яшчэ апублікаваньне сьпісаў брытанскай MI6. Тут — непасрэдная аналёгія».

(Шупа:) Гэта якраз тое, пра што я хацеў у Вас запытацца — ці можна тут правесьці такую аналёгію?

(Котаў:) «Яна проста сама напрошваецца, яна ёсьць».

(Шупа:) А якая наагул ёсьць адкрытая інфармацыя на тэму «Камітэт Дзяржаўнай Бясьпекі Беларусі і Інтэрнэт»?

(Котаў:) «На жаль сваёй старонкі ў нас пакуль няма. Мы робім усё, каб такая старонка зьявілася ў Інтэрнэце, у нас тут ёсьць пэўныя напрацоўкі, ідэі, але для практычнага ажыцьцяўленьня патрэбны яшчэ пэўны час».

(Шупа:) Мы ведаем, што брытанская сакрэтная служба вельмі хутка адрэагавала на зьяўленьне інфармацыі ў Інтэрнэце. Ці гатовы Камітэт Дзяржаўнай Бясьпекі Беларусі гэтак жа хутка адрэагаваць і зьняць тую староку?

(Котаў:) «Вядома гатовы. Але я Вам скажу так: відаць, хуткасьць рэакцыі непасрэдна залежыць ад той шкоды, якая нанесеная спэцслужбам».

(Шупа:) Але бачыце — гэтая старонка «вісіць» ужо два тыдні, пра яе ўжо ўсе фактычна ведаюць.

(Котаў:) «Вось з гэтага я б, прыкладам, як чалавек, які ня ведае ўсіх дэталяў, зрабіў бы выснову ці адну з высноваў — тое, што апублікавана, ніякай шкоды камітэту не наносіць, значыць, сьпісы гэтыя фальшывыя і хай яны разыходзяцца, хай іх чытае хто заўгодна».

(Шупа:) Бо іначай рэакцыя была б імгненная і ніхто б пра гэту старонку нічога ня ведаў?

(Котаў:) «Абсалютна слушна. Бо калі ўжо зьявілася ў Інтэрнэце, дык усё роўна пайшло гуляць па сьвеце — хоць пряаз гадзіну адрэагуй, хоць праз суткі... Тут ужо часавы інтэрвал будзе сьведчыць толькі пра тое, наколькі гэта балюча для спэцслужбаў».

(Шупа:) Я Вам шчыра дзякю за адказы.

(Котаў:) «Няма за што. Чакайце, я думаю, што сёньня — бо гэта ўсё ж ня першы ў нас званок — мы нейкі афіцыйны пункт погляду распаўсюдзім».

***

На жаль, на час выхаду праграмы ў эфір мы яшчэ не атрымалі тэксту афіцыйнай заявы КГБ у справе гэтага віртуальнага ўдару, які можа быць пачаткам інтэрнэтнай вайны невядомага насельніка кібэрпрасторы з Камітэтам Дзяржаўнай Бясьпекі. Мы будзем інфармаваць вас пра далейшы ход падзеяў у нашых наступных перадачах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG