Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 чэрвеня 1999 г.


Віталь Тарас, Менск

Днямі былі абнародаваныя вынікі арыгінальнага дасьледаваньня СМІ Беларусі, праведзенага ў пэрыяд прэзыдэнцкіх выбараў. Тое, што, напрыклад, агульны час тэлесюжэтаў, прысьвечаных Лукашэнку, складае амаль 90% усяго часу, прысьвечанага палітыку — гэта вынік з разраду прагназаваных. Аднак ёсьць і больш нечаканыя вынікі, якія прымушаюць крыху па-новаму паглядзець на ролю СМІ ў грамадзтве.

Гэткае дасьледаваньне ў Беларусі праводзілася ўпершыню, але ж ідэю, трэба адзначыць, падказалі дасьледнікі з Братыславы. Група маладых людзей у рамках праекту пад назвай МЭМА на працягу апошніх двух гадоў праводзіла маніторынг асьвятленьня ў прэсе некалькіх выбарчых кампаніяў у Славаччыне, спачатку парлямэнцкіх выбараў, а зусім нядаўна — прэзыдэнцкіх. Выявілася, у прыватнасьці, непасрэдная сувязь паміж колькасьцю згадак кандыдата ў мэдыях і ягоным рэйтынгам, а ўрэшце — і посьпехам на выбарах.

У рамках праекту «Мэдыя-Абсэрваторыя» арганізацыя IREX-ProMedia ў Менску правяла аналягічнае дасьледаваньне. Яго аб'ектам сталі публікацыі ў друку з моманту абвяшчэньня Вярхоўным Саветам прэзыдэнцкіх выбараў да іхнага фармальнага заканчэньня, а таксама інфармацыйныя тэле- і радыёпраграмы пачатку траўня. Дасьледнікі фіксавалі колькасьць згадак імёнаў 10 палітыкаў на старонках 9 дзяржаўных і недзяржаўных выданьняў, а таксама ў эфіры.

На падставе лютаўскага рэйтынгу палітыкаў у сьпіс імёнаў, між іншым досыць умоўны, былі ўключаныя Лукашэнка, Чыгір, Ганчар, Лінг, Пракаповіч, Карпенка, Шарэцкі, Латыпаў, Пазьняк і Замяталін. Фіксавалася колькасьць публікацыяў, у якіх імя палітыка згадвалася хоць бы адзін раз. Пры гэтым у мэтодыцы падлікаў улічвалася розьніца як у аб'ёме газэтаў, так і пэрыядычнасьць выхаду. Афіцыйныя дакумэнты за подпісам прэзыдэнта або прэм'ера ня ўлічваліся зусім.

Часьцей за ўсіх згадвала імя Лукашэнкі «Советская Белоруссия» — 361 раз. За ёй ідуць «Белорусская Деловая Газета» — 257 разоў, затым — «Белорусская Газета», «Навіны», «Белорусский Рынок» і г.д. Замыкае сьпіс газэта «Рэспубліка» — усяго 23 згадкі. Дарэчы, прэм'ер Лінг згадваўся гэтай урадавай газэтай усяго 8 разоў. Цікава, што «Народная Газета» за гэты час па 27 разоў згадвала Лукашэнку і Ельцына, 22 разы — расейскага прэм'ера Прымакова і толькі 2 разы — Лінга. Цікава і тое, што паводле сярэдняй колькасьці згадак прэзыдэнта ў адным нумары «Советская Белоруссия» апынулася толькі на 4-тым месцы, прапусьціўшы наперад «БГ», «Беларускі Рынак» і «БДГ». Праўда, «Белорусская Газета» больш за іншых пісала і пра Міхаіла Чыгіра.

Чыгір аказаўся другім паводле сумарнай колькасьці згадак палітыкам. За чатыры месяцы ягонае імя згадвалася ў друкаваным мэдыях 215 разоў. За ім ідуць імёны Ганчара, Карпенкі, Шарэцкага і Пазьняка. Пазьняк згадваўся 80 разоў. Для параўнаньня: імя Лукашэнкі згадвалася 1185 разоў, што склала 53% ад згадак усіх палітыкаў разам узятых.

Трохі зьмянілася карціна ў першай палове траўня. Пазьняк тады выйшаў на 3-яе месца, апярэдзіўшы Ганчара. Тым ня менш у параўнаньні з абодвума кандыдатамі ў прэзыдэнты — Пазьняком і Чыгіром — дзейны прэзыдэнт згадваўся ў прэсе амаль удвая часьцей. Калі ў друку ў цэлым яшчэ прысутнічае пэўны плюралізм, дык у дзяржаўным тэлебачаньні і радыё карціна больш ясная. 88% сумарнага часу інфармацыйных сюжэтаў, прысьвечаных палітыкам за першы тыдзень траўня, на Беларускім Тэлебачаньні аддадзены Лукашэнку, у толькі 12% — усёй апазыцыі разам. На Беларускім Радыё суадносіны 85%—15%. Імя Чыгіра на радыё за гэты час прагучала толькі аднойчы, Пазьняка — двойчы.

У дасьледаваньні, варта адзначыць, не было гаворкі пра ацэнку палітыкаў , зь якім знакам — станоўчым ці адмоўным — яны згадваліся. Але ж адна выснова напрошваецца міжволі. Калі недзяржаўны друк дзень пры дні піша пра тых самых палітыкаў і ў першую чаргу — пра прэзыдэнта, не даводзіцца зьдзіўляцца пашыранаму меркаваньню, быццам у Беларусі няма альтэрнатывы цяперашняй уладзе. Ступень адказнасьці СМІ за гэткую сытуацыю — тэма асобнай гаворкі.

XS
SM
MD
LG