Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 чэрвеня 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

На працэсе ў справе забойствa прэзыдэнцкага кантралёра Яўгена Мікалуцкага заканчваюцца судовыя спрэчкі. Ня выключана, што ўжо заўтра прагучыць прысуд. Як стала вядома некалькі дзён таму, пракурор папрасіў суд прысудзіць абвінавачаных да турмы тэрмінам ад 5 да 15 гадоў.

Ад красавіка ў Вярхоўным Судзе Беларусі на закрытым працэсе судзяць трох жыхароў Магілева, якіх абвінавачваюць у забойстве Яўгена Мікалуцкага і ў падрыхтоўцы замаху на беларускага прэзыдэнта. Як стала вядома сёньня ад маці аднаго з абвінавачаных — Тамары Антонаўны Янчэўскай, яе сыну Віктару пракурор запрасіў 15 гадоў турмы. Паводле зьвестак Тамары Янчэўскай, пракурор просіць прызнаць вінаватымі ў падрыхтоўцы забойства прэзыдэнцкага кантралёра Яўгена Мікалуцкага таксама Анатоля Гаўрылава і Рамана Радзікоўскага. Гаўрылаву пракурор запрасіў пакараньне 8 гадоў турмы, Радзікоўскаму — 5 гадоў.

Тамара Янчэўская, паведамляючы гэтыя зьвесткі, спасылаецца на канфідэнцыйныя крыніцы ў судзе. Паводле яе крыніцаў, ня выключана, што прысуд абвінавачаных будзе вынесены ўжо заўтра. Янчэўская тлумачыць гэты прагноз тым, што яе сын з апошнім словам ужо выступіў. Прагучала і прамова ягонага адваката. Жанчына сказала, што сын не прызнаў сябе вінаватым у забойстве Мікалуцкага і выказаў спадзяваньне, што ў рэшце рэшт будуць знойдзеныя сапраўдныя забойцы.

Як паводзілі сябе ў апошнія дні працэсу астатнія абвінавачваныя — Гаўрылаў і Радзікоўскі — невядома. Нават іхным бацькам ніхто не паведаміў пра тое пакараньне, якое запрасіў ім пракурор, і пра тое, што яны заявілі ў сваім апошнім слове. Гэта мне пацьвердзілі сёньня ў тэлефоннай размове маці Радзікоўскага Ніна Заідзэ і маці Гаўрылава Яўгенія Іванаўна.

Заўтра з раніцы Тамара Антонаўна Янчэўская зьбіраецца дзяжурыць каля дзьвярэй Вярхоўнага Суду. Яна перакананая, што разам зь ёй да суду прыйдуць назіральнікі АБСЭ, якія ад пачатку надаюць вялікую ўвагу працэсу ў справе аб забойстве Мікалуцкага і якіх таксама на працэс не дапусьцілі.

Маці абвінавачанага, якому пагражае 15 гадоў турмы — Тамара Янчэўская — заяўляе, спасылаючыся на аднаго з удзельнікаў працэсу: «Усё далейшае залежыць ад сумленьня судзьдзяў, бо справа супраць нашых сыноў цалкам сфальсыфікаваная».

Нагадаем: справу разглядае судовая калегія Вярхоўнага Суду Беларусі на чале з судзьдзём Фёдарам Чубкаўцом.

XS
SM
MD
LG