Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 чэрвеня 1999 г.


Сяргей Шупа, Прага

Сёньня камэнтары заходняга друку прысьвечаныя здачы Югаславіяй сваіх пазыцыяў у Косаўскім канфлікце. Камэнтатары засяроджваюцца на пытаньні - што будзе адбывацца далей?

Аглядальнік газэты New York Times Томас Фрыдман ставіць рубам галоўнае косаўскае пытаньне: «Як нам успрымаць учорашнюю навіну пра магчымае дасягненьне дамовы вакол Косава?» Адказваючы на гэтае пытаньне, Фрыдман зазначае, што па-першае, паветраная вайна, напэўна сапраўды нанесла сэрбам моцны ўдар, а па-другое, Захад мусіць задумацца - а што менавіта было выйграна ў гэтай вайне - ці ня права бясконца ладзіць дачыненьні паміж сэрбамі і косаўскімі альбанцамі? Вось гэта, на ягоную думку, мусіць выклікаць сапраўдны неспакой.

Лёнданская газэта Independent сьцісла падсумоўвае агульную думку ўсіх заходніх камэнтароў: Гэта перамога, пры якой ня надта адчуваеш сябе пераможцам.

Прысьвечаны Косаву рэдакцыйны артыкул у New York Times вельмі асьцярожны. Газэта піша: «Калі толькі Мілошавіч не гуляе ў нейкія дыпляматычныя гульні, дык вайна ў Югаславіі набліжаецца да канца. Дзякуючы рашучасьці НАТО і канструктыўнай міратворчасьці Расеі, Мілошавіч пагадзіўя ў чацьвер на ўмовы пагадненьня, якія да гэтага неаднаразова адхіляў».

Другая вядучая газэта ЗША - Washington Post - таксама абгарнула тон свайго рэдакцыйнага артыкула ўмоўнымі зваротамі. «Магчыма, - піша газэта, - непахіснасьць НАТО і прэзыдэнта Клінтана прынесла свой плён».

Затым Washington Post закранае вельмі далікатнае пытаньне, якое дадае замяшаньня ў дэклярацыі аб перамозе НАТО. «НАТО, - піша газэта, - мусіць актыўна супрацоўнічаць зь Міжнародным трыбуналам у справе пошуку і арышту ваенных злачынцаў - і перадусім сп. Мілошавіча. Толькі калі ён стане перад судом у Гаазе, Балканы змогуць сапраўды спадзявацца на мір і стабільнасьць. А тым часам рашучыя ўдары НАТО па сэрбскіх вайсковых аддзелах, могуць наблізіць вяртаньне касавараў у Косава».

Камэнтатар газэты Sueddeutsche Zeitung Пэтэр Мюнх піша, што гэты ўяўны канец збройнага акту косаўскага канфлікту можа азначаць ня гэтулькі нечую перамогу або паразу, як стому абодвух бакоў. Далей ён зазначае: «Югаслаўскае кіраўніцтва задыхалася, аднак палітычны ціск з патрабаваньнем дыпляматычнага разьвязкі узмацняецца ў краінах НАТО. Людзі з абодвух бакоў стаміліся ад вайны, і гэта павышае рызыку заключэньня нясьпелага міру».

Аўтар рэдакцыйнага артыкула ў нарвэскай газэце Aftenposten зазначае: «Пакуль яшчэ зарана меркаваць, што ўсе небясьпекі ў былой Югаславіі адоленыя. Застаецца яшчэ шмат ваенных, дыпляматычных і гуманітарных праблемаў. Згодна з плянам, Рада Бясьпекі ААН мусіць зацьвердзіцвь плян у той форме, якой ён быў прыняты Югаславіяй пад зьнешнім прымусам. Чым раней гэта адбудзецца, тым лепей. Такі акт адновіць аўтарытэт Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў у пытаньнях вайны й міру. Расея праўдападобна ўхваліць плян, аднак няма поўнай пэўнасьці, што яго падтрымае Кітай, сталы сябар Рады Бясьпекі з правам вэто.

Камэнтатар газэты San Francisco Examiner Стэфані Солтэр разважае над бязглуздасьцямі косаўскай вайны. У якасьці прыкладу яна падае камэнтар адной з дэпутатак Кангрэсу ЗША, якая сказала: «Трэба, каб нешта прымусіла сп. Мілошавіча ўзяцца за розум». Стэфані Солтэр працягвае: «Магчыма, ліхі і крывадушны Слабадан Мілошавіч будзе прытрымвацца міжнароднага мірнага пагадненьня і спыніць канфлікт, як гэта ўчора паабяцаў зрабіць ягоны ўрад. Магчыма, што ягоныя цьвёрдыя генэралы паглядзяць яму ў вочы і скажуць, што паводле апошніх аглядаў югаслаўскае войска ня мае дастаткова тэхнікі і амуніцыі, каб перамагчы ў зацяжной наземнай вайне. Аднак адзінае, чаго натаўскія ракеты і вайскоўцы ніколі ня здолеюць зрабіць, дык гэта прымусіць Мілошавіча ўзяцца за розум».

Лёнданская Daily Telegraph выказвае менш сумневаў, чым бальшыня заходніх газэтаў. Яе рэдакцыйны артыкул адназначна прызнае: «Пагадненьне вакол Косава, прынятае ўчора Слабаданам Мілошавічам і сэрбскім парлямэнтам - гэта перамога НАТО і апраўданьне ролі сучаснай авіяцыі».

Нарэшце, нямецкая газэта Die Welt знаходзіць сьветлыя адценьні ў змрочнай югаслаўскай карціне. Газэта піша: «Ваенная акцыя на Балканах можа даць нечаканы імпульс важнай эўрапейскай рэформе. Магчыма, Эўропа нарэшце вырашыць стацца моцным і баяздольным міратворцам. Дагэтуль усе спробы Эўропы палагоджваць крызысы сканчаліся правалам. Без умяшаньня Злучаных Штатаў балканскі крызыс так ніколі й ня быў бы вырашаны. Эўрапейскі Зьвяз мусіць змяніць гэткі стан рэчаў».

Нагадаю, што я пазнаёміў Вас з аглядам заходняга друку, прысьвечаным магчымаму пералому ў косаўскім крызысе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG