Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 чэрвеня 1999 г.


Не прайшло і дванаццаці гадзінаў з моманту трагедыі, як прэзыдэнт Лукашэнка заявіў: вінаватых няма. Слушнасьць гэтай заявы шмат у каго выклікала сумненьні. Гэтыя сумненьні падаюцца асабліва важкімі, калі іх выказваюць прафэсыяналы, прычым прафэсыяналы ў сфэры забясьпечваньня бясьпекі масавых мерапрыемстваў.

Вось што зхаявіў у інтэрвью радыё "Свабода" былы сьпікер Вярхоўнага Савета, генэрал-лейтэнант міліцыі Мячаслаў Грыб.

(Карэспандэнт: ) Як Вы ацэньваеце дзеяньні міліцыі падчас трагэдыі 30 траўня?.

(Грыб: ) "Па-першае, я хацеў бы выказаць глыбокае спачуваньне ўсім тым людзям, якія пацярпелі, дзеці якіх загінулі ў гэтай цяжкай трагэдыі. Я смуткую разам з усімі людзьмі. Хацеў бы адзначыць, што я адпрацаваў 36 каляндарных гадоў. Зь іх 15 гадоў непасрэдна я займаўся аховаю грамадзкага парадку ў Віцебску, і чатыры гады ў свой час узначальваў сыстэму аховы грамадзкага парадку ў міністэрстве ўнутраных справаў. Мне даводзілася рэалізоўваць цэлы шэраг мерапрыемстваў пры правядзеньні масавых мерапрыемстваў у Віцебску. Гэта - вельмі сур'ёзная і адказная справа. І мы заўсёды да яе рыхтаваліся належным чынам, пляны складалі, рэкагнасцыроўку на мясцовасьці праводзілі. І, дзякуй Богу, нам удавалася гэта рабіць. Што тычыцца таго, што адбылося ў Менску 30 траўня, то, на мой погляд, гэта проста нядбайнасьць. Нядбайнасьць кіруючых асобаў. І ня толькі міліцыі, але і нядбайнасьць уладаў. Мне цяжка сёньня абвінавачваць усіх супрацоўнікаў міліцыі, ня маю на гэта права, бо двое зь іх загінулі, выратоўваючы людзей, астатнія выконвалі тое, што ім даручылі. Алн тыя, хто гэта ўсё арганізоўваў, ня прадугледжвалі разьвіцьця падзеяў у такім пляне, як яны адбыліся. А гэта ўсё ляжала на паверхні. Каб больш-меньш падрыхтаваныя людзі папярэдне выехалі на месца, прааналізавалі, што і як, паразважалі - "А што можа здарыцца, калі будзе дождж, цт сьнег, ці град? А што можа здарыцца, калі ўчыніцца вялікая бойка паміж групоўкамі? Куды пойдуць людзі? Куды яны павядуць?". І трэба было зачыніць гэтае мэтро, загарадзіць ўваход нейкім плотам, ды чым хочаце, нарад там паставіць моцны. І трэба было загарадзіць праход па Машэрава - там таксама магло падобнае адбыцца. Таму што кожны павінен разумець: калі чалавек спускаецца ўніз па лесьвіцы, ён мае вельмі малую ўстойлівасьць. Незалежна ад таго, у чым ён - у красаўках ці ў чаравічках на высокім абцасе. А калі заднія шэрагі крыху паціснуць на пярэднія - дык пярэдніх ужо проста размазваюць па сьценцы.

Мне цяжка цяпер разважаць, бо я ня бачыў ні планаў аховы парадку, ні парадку мерапрыемстваў, якія павінныя былі быць зафіксаваныя на паперы і зацьверджаныя пэўным чынам, - нічога гэтага няма. Ня ведаю, ці было гэта навогул. Магчыма, што і не было, а проста так - накіравалі пэўную колькасьць супрацоўнікаў і сказалі: ідзіце і ахоўвайце.

Спасылка на тое, што ніхто не вінаваты, акрамя дажджу і граду... Гэта мог быць ня дождж, гэта мог быць ня град. Была ўтворананя такая пастка, якая чакала сваю ахвяру. Гэта магло быць не 30-га. Гэта магло быць раней. Гэта магло быць і пазьней. Але ўмовы дзеля гэтага усе былі створаныя.

І хто гэтыя ўмовы не зьняў, той і павінен адказваць.

Нехта кажа, што было 150 міліцыянераў, а начальнік галоўнага ўпраўленьня кажа, што было не 150, а за 200. Але справа не ў колькасьці - справа - арганізацыі. На мой погляд, там дастаткова было і 50 чалавек, але ж трэба было людзей раставіць так як трэба.

Магло быць з прычыны нядбайнасьці, спрошчанасьці. А трагедыю папярэдзіць можна было, і патрэбна было".

Юры Дракахруст, Менск

XS
SM
MD
LG