Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 чэрвеня 1999 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Выхавацелі-лагапэды гомельскага дзіцячага садку "Верасок", куды да траўня гэтага году хадзіў пяцігадовы сын Вольгі Цярэшчанка, Францішак, прызналі хлопчыка псыхічна нездаровым. Справа ў тым, што Францішак выхоўваецца ў беларускамоўнай сям'і, і, фактычна, ня ўмее размаўляць па-расейску. На гэтай падставе "лагапэд вышэйшай катэгорыі" Натальля Прымакова паставіла хлопчыку дыягназ: "запаволенае моўнае і псыхічнае разьвіцьцё", ды накіравала Франака ў спэцыялізаваную дзіцячую групу для слабаразумовых дзяцей.

Лагапэд прымакова зрабіла сваё заключэньне аб запушчанасьці сына Вольгі на той падставе, што дзіцё ня ведае па-расейску назвы некаторых прадметаў, а значыць, слаба арыентуецца ў навакольным асяродзьдзі. Прычым тэставаньне Францішака лагапэд праводзіла ня ў прысутнасьці бацькоў і, натуральна ж, па-расейску. А на пытаньне Вольгі, ці валодае яна беларускай мовай, Натальля Прымакова заявіла, што дзяржаўнай мовы ня ведае і ведаць не жадае. Маўляў, мне вашая мова не патрэбная, а ўсе лагапэдычныя праграмы ў Беларусі складзеныя па расейску.

Праўда, непасрэдная начальніца Прымаковай, загадчыца дзіцячым садком "Верасок" сказала, што мову беларускага народа ведае, аднак нічога для Францішака ня можа зрабіць. Бо дзіцячы садок - расейскамоўны, і беларускіх групаў ў ім няма.

Абражаным бацькам Францішака нічога не заставалася, як забраць сына ад такіх "выхавацеляў". У сваёй заяве, накіраванай ў Беларускі Гэльсынскі камітэт (БГК), Вольга Цярэшчанка адзначае, што супрацоўнікамі дзіцячага садку быў парушаны адзін з асноўных артыкулаў Канстытуцыі Беларусь - іх дзіцё пазбаўленае права на выхаваньне і атрыманьне адукацыі на роднай мове, а бацькам нанесеная маральная шкода. На думку Вольгі, калі разьвіцьцё такіх антынацыянальных тэндэнцыяў у грамадзтве ня будзе спыненае, то ўсе беларускамоўныя дзеці ў хуткім часе могуць апынуцца ў псыхіятрычных шпіталях з дыягназам "беларус".

З занепакоенасьцю і адчаем маці малога Францішака - цяжка не пагадзіцца. Але пытаньне ў іншым. Чым гэтай сям'і, як і шмат якім іншым бацькам, пазбаўленым права даць сваім дзецям адукацыб па-беларуску, можна дапамагчы?

Паводле словаў прадстаўнікоў Гэльсынскага камітэту, ім вельмі цяжка ў такой сытуацыі нават апэляваць да міжнароднай супольнасьці і грамадзкасьці. Справа ў тым, што заходнія праваабаронцы часам проста ня могуць зразумець: як гэта ў Беларусі можа парушацца права асноўнага нгароду гэтай краіны на разьвіцьцё сваёй роднай мовы?

А вось што думаюць наконт парушэньня нацыянальных правоў дзіцяці беларускія праваабаронцы. Гаворыць прадстаўніца маніторынгавай групы БГК Сьвятлана Курс.

(Курс: ) "Практыка БГК сьведчыць, што ў краіне няма беларускамоўных садкоў. Аднак у 6-м артыкуле Закона аб адукацыі сказана, што беларуская мова зьяўляецца асноўнай для дашкольных установавў. Аднак беларускамоўныя лягапэдычныя праграмы не прымяняюцца. Адносіны да беларускамоўнага дзіцяці залежаць выключна ад выхавальніцы, ці лягапэду. Таму дзіця з маленства можа атрымаць маральна-псыхалягічную траўму, з прычыны асабістай некультурнасьці дарослага, альбо беларусафобіі, якая, на жаль, насаджаецца зараз".

А тым часам задушэньне беларускамоўнага школьніцтва ў краіне ўсё набірае і набірае тэмпы. Як адзначаецца ў камэнтары службы маніторынгу БГК, толькі з 1994 па 1999 гады ў Беларусі зьліквідавана каля 600 беларускіх школаў. А дзяржава тым часам, адзначаюць экспэрты БГК, заклапочаная толькі падтрымкаю расейскага культурнага ўплыву ў Беларусі. З прычыны гэтай дзіўнай любові ўладаў да расейшчыны і пазбаўлены 5-гадовы Францішак (па бацьку - Яўсеянка) права выхоўвацца ў дзіцячым садку на роднай мове - па-беларуску.

XS
SM
MD
LG