Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 чэрвеня 1999 г.


Мікола Іваноў, Прага

Магчыма, сёньняшні дзень войдзе ў гісторыю як дзень, калі быў зроблены станоўчы крок да заканчэньня косаўскай вайны. Міжнародныя дыпляматычныя намаганьні пачалі прыносіць рэальныя вынікі. НАТА, Эўрапэйскі Саюз і Расея ўзгоднілі супольны мірны плян, з якім у Бэлград накіраліся прэзыдэнт Фінляндыі Марці Анцісаары і спецыяльны пасярэднік Расеі ў вырашэньні косаўскага канфлікту Віктар Чарнамырдзін.

Перамовы расейскага пасярэдніка Віктара Чарнамырдзіна і фінскага прэзідэнта Марці Ахцісаары ў Бэлградзе скончыліся паспяхова. Югаслаўскі парлямэнт прагаласаваў за прыняцьцё мірнага пляна, распрацаванага краінамі вялікай сямёркі і Расеяй.

Журналістам ў Боне, дзе ішлі апошнія перамовы, стала вядома, што НАТА здолела ўключыць у яго амаль усе свае галоўныя патрабаваньні, сфармуляваныя яшчэ на пачатку ваенай кампаніі. Гэта: вывад сэрбскіх войскаў з Косава, вяртаньне ўцекачоў, увод міжнароднага міратворчага кантынгэнту, дзе НАТА будзе адыгрываць важную ролю і прадстаўленьне Косаву аўтаноміі пасля вайны. Як сцвярджае ў сваім рэдакцыйным камэнтары газэта "Інтэрнэшнл гэральд трыбюн", новы мірны плян больш нагадвае пачатковыя ўльтыматыўныя патрабаваньні НАТА, чымся пацыфісцкія прапановы групы 7 найбольш развітых краінаў сьвету і Расеі, на якія афіцыйна згадзілася югаслаўскае кіраўніцтва. Але Расея дамаглася ад НАТА, каб ў мірных прапановах адсутнічала патрабаваньне знаходжаньня міратворчага ваеннага кантынгэнту пад камандваньнем НАТА, а таксама дазвол на захаваньне ў Косаве сымбалічнай групы югаслаўскіх вайсковых.

Югаславія выразна стомленая 70 днямі безупынных бамбаваньняў і ракетнага абстрэлу. Сэрбы чакаюць міру, нават на цяжкіх для іхнай краіны ўмовах. Аб гэтым сьведчыць факт, з якой хуткасьцю прэзыдэнт Югаславіі Слабадан Мілошавіч разгледзеў прапановы і нават не паспрабаваў падчас першага спатканьня з Чарнамырдзіным і Анцісаары пярэчыць ім, а адразу накіраваў іх на разгляд парляманту Югаславіі, які сёньня праводзіць у сувязі з гэтым сваю надзвычайную сэсію.

Рэацыя сьвету на першыя сьведчаньні перспектываў мірнага ўргуляваньня была пазытыўная. У Вашынгтоне дзяржаўны сакратар ЗША Мэдэлін Олбрайт заявіла, што НАТА свае прапановы зрабіла, і цяпер чакае кроку ў адказ ад Слабадана Мілошавіча.

Прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан, выступаючы перад выпускнікамі ваенна-паверанай акадэміі ў Каларада Спрынгс, заявіў, што ЗША не пойдуць на поўсродкі, і ніколі не згодзяцца на мірныя ўмовы, якія б маглі быць крыніцай новага канфлікту. Мілошавіч павінен ведаць, падкрэсліў амэрыканскі прэзыдэнт, - "Злучаныя Штаты рашуча наважаныя перамагчы".

Канцлер Нямеччыны Герхард Шрёдэр заявіў, што план з'яўляецца добрай падставай для міру.

Затое брытанскі прэм'ер-міністр Тоні Блэйэр папярэдзіў супроць занадтага аптымізму. Ён падкрэсліў, што ваенныя ўдары НАТА павінны працягвацца да таго часу, пакуль не будзе выразных сьведчаньняў згоды Мілошавіча на мір.

Цяпер, калі сэрбскі парлямэнт прагалаваў за гэты мірны плян, ён пачне дзейнічаць толькі тады, калі НАТА пераканаецца ў тым, што вывад сэрбскіх войскай пачаўся. Тады прыпыняцца і бамбаваньні. А Рада бяспекі ААН абмяркуе і прагаласуе за ўвод міратворчага кантынгенту, які ад гэтага часу будзе выступаць пад ААНаўскім сьцягам. Кантынгэнт гэты будзе складацца з амаль 48 тысячаў жаўнераў, зь якіх 10 тысячаў будуць расейцамі. ЗША плануюць накіраваць у склад яго 7 тысячаў сваіх вайскоўцаў.

XS
SM
MD
LG