Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 чэрвеня 1999 г.


Віталь Цыганкоў, Прага

У судовым працэсе над лідарам Курдскай Рабочай партыі Абдулой Аджаланам, бадай, найбольш сэнсацыйнай стала заява Аджалана, што ён жадае пакласьці канец 15-гадовай вайне супраць турэцкай арміі. У сераду курдская рабочая партыя абвясьціла, што падтрымлівае заклік свайго кіраўніка.

У адмысловай заяве КРП называе прапанову Аджалана "сьпелай і адказнай". "Уся арганізацыя, адзіная і згуртаваная, цалкам падтрымлівае намаганьні нашага лідара, - сказана ў заяве, якая была рапаўсюджаная праз курдскае інфармацыйнае агенства Ды І Эм. "Наш старшыня зрабіў вялікую ініцыятыву, якая пасуе сапраўднаму войну" - сцвярджае КРП. Але разам з намерам паўстанцаў вітаць заклік Аджалана пакончыць з варожасьцю, яны падкрэсьліваюць, што гатовыя змагацца далей, калі турэцкі ўлад не дасьць ніякага адказу.

Нагадаем, Аджалану вылучаныя абвінавачваньні, паводле якіх ён можа быць прысуджаны да сьмяротнай кары. У панядзелак, у дзень адкрыцьця судовага працэсу, ён прынёс прабачэньні за сваю ролю ў вайне, якая каштавала каля 30 тысячаў жыцьцяў, уключаючы больш як 5500 турэцкіх салдатаў.

"Калі турэцкая рэспубліка, а таксама хтосьці ў нашым рэгіёне і ва ўсім сьвеце думаюць, што гэта праява слабасьці, то яны робяць вялікую памылку" - настойвае у сваёй заяве Курдская рабочая партыя. "Мы падрыхтаваныя да таго, каб змагацца яшчэ 15 гадоў тым самым спосабам. Але мы кажам, што 15 гадоў вайны - гэта больш чым дастаткова".

Заява Аджалана ў зале суда відавочна была настолькі ж нечаканай для ягоных прыхільнікаў як і для ягоных зацятых ворагаў. Напачатку, КРП не зрабіла ніякага афіцыйнага каментару. Прыхільнікі Аджалана ў Эўропе падзяліліся - некаторыя выказвалі салідарнасьць, іншыя ж прапярэджвалі, што ён мог гаварыць пад удзеяньнем наркотыкаў альбо пад ціскам турэмнікаў.

Заява Аджалана паказвае, што нават у сытуацыі вязьня Аджалан можа захоўваць дастаткова ўлады, каб загадаць скончыць канфлікт у паўднёваўсходняй Турцыі. Аднак пакуль што канфлікт не скончаны. Паўстанцы, як паведамляецца, забілі двух салдатаў у аўторак. Іншы баявік-самагубца ажыцьцявіў атаку на вайсковы пункт.

Пакуль што немагчыма нічога пэўнага сказаць, ці будуць турэцкія ўлады рэагаваць на мірную прапанову Аджалана. На працягу гадоў яны кляліся ніколі не ўступаць ў перамовы і не ісьці на кампрамісы з курдскімі паўстанцамі, якіх яны называюць тэрарыстамі.

Падчас свайго сьведчаньня ў панядзелак, Аджалан сказаў, што жадае заклікаць сваіх байцоў адкласьці зброю. Але ён заўважыў, што курды не будуць задаволеныя, пакуль турэцкі ўрад не гарантуе ім большыя культурныя і моўныя правы. У мінулым турэцкія ўлады заўсёды адхілялі такія заклікі. Яны баяцца, што саступкі прывядуць да патрабаваньняў яшчэ большых саступак, і потым да заклікаў аўтаноміі альбо нават незалежнасьці курдскага рэгіёну.

Апошнімі месяцамі, аднак, прыкметныя палітычныя фігуры, уключаючы судьдзю турэцкага вышэўшага суда, зьвяртаюцца да ўраду адмяніць законы, якія абмяжоўваюць палітычныя свабоды ў Курдыстане. Заканадаўства, у прыватнасьці забараняе, ужываньне курдскай мовы.

Прэзідэнт Турцыі Сулейман Дэмірэль заклікаў курдскіх баявікоў прыслухацца да прапановы свайго лідара і спыніць уззброенае змаганьне. Ён, аднак, ніяк не паказаў, што ўрад плянуе нейкі афіцыйны адказ на заклік Аджалану.

XS
SM
MD
LG