Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 03 чэрвеня 1999 г.


Сёньня прэзыдэнт Расеі Барыс Ельцын абвясьціў мараторый на сьмяротнае пакараньне. Перад гэтым аналагічны крок зраьіў прэзыдэнт Украіны. За час прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі ён атрымаў дзясяткі просьбаў аб памілваньні ад асуджаных на сьмерць - і, як сам прызнаецца, нікога не памілаваў.

Сёньня прэзыдэнт Расеі Барыс Ельцын абвясьціў мараторый на сьмяротнае пакараньне. Вядома, гэты мараторый можна разглядаць і як імкненьне Ельцына на прыканцы свайго апошняга прэзыдэнцкага тэрміну ўвайсьці ў гісторыю гуманістам. Гэткай ацэнцы, праўда, замінаюць цяперашнія прагнозы накшталт таго, што Ельцын пойдзе абірацца на трэці тэрмін, хоць гэта і не дазволена Канстытуцыяй.

Але, акрамя канстытуцыйных тэрмінаў, кожны мае ўласны тэрмін знаходжаньня на гэтай зямлі і, напэўна, толькі Бог можа вызначыць, колькі каму адмерана. І толькі Бог мае права пазбаўляць чалавека жыцьця, — а не нейкі іншы чалавек.

На гэтай ісьціне і базуцца прыхільнікі ідэі адмены сьмяротнага пакараньня, якая ўзяла пачатак ў глыбіні стагоддзяў. У найноўшай гісторыі яна ўвасобілася ў шостым артыкуле Дэклярацыі правоў чалавека і ў рэзалюцыі Рады Эўролпы 83-га году. Тады, як вядома, Рада абавязала сваіх членаў адмовіцца ад сьмяротнага пакараньня, за выключэньнем ваеннага часу.

Сьмяротнае пакараньне існуе ў 38-мі штатах ЗША; ягоная адмена часам падаецца як вынік менавіта эўрапейскага гуманістычнага вопыту, набытага яшчэ ў тыя часы, калі па амэрыканскіх прэрыях гойсалі статкі бізонаў.

Украіна, у адказ на патрабаваньні Рады Эўропы, абвясьціла "прэзыдэнцкі мараторый" на сьмяротнае пакараньне, аднак месяц таму сьмяротны прысуд быў вынесенгы Анатолю Анупрыенку, "жытомірскаму маньяку" на сумленьні якога - больш як пяцьдзясят чалавечых жыцьцяў. Менавіта такога выніку патрабавалі блізкія забітых, ды і значная частка украінскага грамадзтва, якая сачыла за судовым працэсам. Аднак дэпутаты парляманцкай асамблеі Рады Эўропы заявілі, што калі гэты прысуд будзе выкананы - Украіна страціць права членства ў Асамблеі. Перад Леанідам Кучмай паўстала ці не самая складаная дылема з ліку тых, якія навогул могуць паўстаць перад палітыкам.

А вось для прэзыдэнта Беларусі падобных дылемаў не існуе - для яго ўсё зразумела і праблему жыцьця і сьмерці ён аднойчы і на заўсёды вырашыў на карысьць сьмерці. За час прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі ён атрымаў дзясяткі просьбаў аб памілваньні ад асуджаных на сьмерць - і, як сам прызнаецца, нікога не памілаваў. Усе былі растраляныя. Ёсьць і чым прыкрыцца - на так званым рэфэрэндуме 96-гга году людзтва выказалася супраць адмены сьмяротнага пакараньня.

Між тым адзін з найбольш моцных аргумантаў прыхільнікаў адмены сьмяротнага пакараньня --- вялікая верагоднасьць судовай памылкі. Ёсьць выпадкі, і іх нямала, калі на сьмерць асуджаюцца бязвінныя людзі. Прыгадаем знакамітую "віцебскую справу", калі віна Міхасевіча была ускладзена на іншых людзей. Такія памылкі тэарэтычна ня выключаныя ў краінах з дасканалай судовай сыстэмаю, дзе сьледчыя знаходзяцца пад жорсткім кантролем адвакатаў з самага пачатку працэсу, а судьдзі пазбаўлены якога б то ні было ціску як з боку уладаў, так і з боку грамадзтва.

Пра дасканаласьць правасудзьзя ў сёняшняй Беларусі, дзе пад час сьледства выкарыстоўваюцца допыты, дзе адвакатам часам цяжка прабіцца да падабароннага, а судьдзі нават у жыльлёвых умовах залежныя ад волі "прэзыдэнцкай вэртыкалі" - казаць не даводзіцца. На нашых вачах развальваецца так званая "справа забойцаў Мікалуцкага", аднак недаказанасьць абвінавачваньняў зусім не прычына, каб тым, хто цяпер сядзіць на лаве падсудных, не быў вынесены сьмяротны прысуд за "забойства лепшага сябра прэзыдэнта".

Зрэшты, задоўга да нас было сказана: лепш апраўдаць сотню вінаватых, чымсьці асудзіць на сьмерць аднаго нбязвіннага.

Сяргей Навумчык, Прага

XS
SM
MD
LG