Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 чэрвеня 1999 г.


У Менску пачаўся Першы ўсебеларускі форум "Жанчына. Планэта. Будучыня". Каля дзвюхсот дэлегатаў з розных рэгіёнаў Беларусі, а таксама каля ста гасьцей з Расеі, Польшчы, Украіны, Малдовы ўдзельнічаюць у гэтай імпрэзе.

Яна зладжаная Усебеларускім жаночым фондам сьв.Ефрасіньні Полацкай пры падтрымцы дзвюх украінскіх няўрадавых жаночых арганізацыяў ды трох расейскіх. Такая вялікая прадстаўнічасьць форуму абумоўленая мэтамі арганізатараў - абудзіць жанчыну да сацыяльнай, грамадзянскай, духоўнай, інтэлектуальнайактыўнасьці, ды змусіць грамадзтва прыняць грамадзкую жаночую працу.

"Мужчынская сьвядомасьць зайшла ў тупік, і сьвет пакараны за тое, што адмовіўся ад жаночай энэргіі", - сказала на адкрыцьці форуму старшыня ягонага аргкамітэту славутая пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч.

І ў гэтай сувязі яна выказала сваё бачаньне прычынаў нечуванай трагэдыі на Нямізе. Мужчынская ваяўнічая статкавая сьвядомасьць, падпарадкаваная нейкаму важаку, адвучыла ад індывідуальнай адказнасьці за свае дзеяньні. А ўсяго толькі і трэба было ў той жахлівы момант - адступіцца назад, гэта значыць, замест інстынкту статку "Рабі, як усе!" - прыняць асабістую адказнасьць за сябе і таго, хто побач, лічыць Сьвятлана Алексіевіч.

Такая ваяўнічая мужчынская сьвядомасьць надзеленая сёньня ўладаю ва ўсіх постсавецкіх краінах, а таму народы гэтых краінаў асуджаныя на катастрофы - сацыяльныя, эканамічныя, палітычныя, - лічаць удзельніцы форуму.

Стваральнымі ды гуманнымі дзяржавы Усходняй Эўропы зробяцца толькі тады, калі ва ўсіх кіруючых ворганах жанчыны зоймуць палову адказных месцаў, - заявіла Лідзія Палонка, якая прадстаўляе на форуме Украінскі фонд "Жаночая доля". Яна заклікала жанчынаў далучацца да актыўнае палітыкі, зазначыўшы, што толькі яны здольныя да стварэньня гуманных дэмакратычных прынцыпаў у грамадзтве.

А кіраўнік беларускай Асацыяцыі жанчынаў-юрыстаў Галіна Дрэбізава акцэнтавала ўвагу ўдзельніцаў форуму на неабходнасьці адстойваць ўласную годнасьць у кожнай канкрэтнай сытуацыі. "Нашыя жанчыны звыкліся з абразаю іхніх правоў, між тым, гэта раўназначна нелюбові да сабе", - лічыць спадарыня Дрэбезава, якая мае намер распачаць першы ў Беларусі судовы працэс па справе дыскрымінацыі правоў жанчынаў.

Пра неабходнасьць прававой жаночай ды дзявочай адукацыі гаварыла на форуме Даяна Максэй, супрацоўніца амбасады ЗША ў Беларусі. Яна зазначыла, што толькі дзякуючы вялікім урадавым інвэстыцыям у адукацыі дзяўчынак ды жанчынаў, ЗША мае высокаразьвітую эканоміку, доўгажыхарства, нізкую дзіцячую сьмяротнасьць, высокі ўзровень жыцьця, трывалыя сем'і.

На фоне амэрыканскі выступ прадстаўніцы беларускіх уладаў прагучаў поўным дысанансам. Былая старшыня калгасу, былая першы сакратар Нясвіскага РК КПБ , а цяпер дэпутат "палаты прадстаўнікоў" Марыя Худая распавяла пра посьпехі ў стварэньні экалягічнага заканадаўства ў Беларусі, потым - пра залевы, засухі, маразы, якія перашкаджаюць стварыць дабрабыт народу, а напрыканцы заклікала жанчынаў адзначыць 55-годдзе вызваленьня Беларусі ад фашыстаў, мацаваць мір ва ўсім сьвеце ды абавязкова прыняць адозву пра Сэрбію.

Валянціна Аксак, Менск.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG