Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 чэрвеня 1999 г.


Юрась Краманаў, Менск

Афіцыйныя зьвесткі і інфармацыя відавочцаў, у тым ліку і ў дачыненьні да колькасьці тых, хто загінуў 30 траўня, значна разыходзяцца.

Месца катастрофы - прыступкі ля станцыі мэтро "Няміга" - чацьверты дзень больш нагадваюць "сьцяну плачу". Сябры і блізкія загіблых пішуць на сьценах падземнага пераходу прысьвячэньні. Цэлыя суткі на месцы трагэдыі гараць сьвечкі. Шок, які спазналі ўдзельнікі трагэдыі 30 траўня, зьмяніўся іншым шокам.

На месцы трагэдыі я сустрэў студэнтку Ганну Коваль, якая не знайшла ў афіцыйным сьпісе з 52 загіблых прозьвішча дзьвюх памерлых сябровак.

Нашаму радыё Ганна Коваль паведаміла:

(Ганна Коваль, праз плач: ) "Загінула нашмат больш людзей. Многія не занесеныя ў сьпісы. Загінула каля ста чалавек, магчыма, нават і болей. Я бачыла ўсё, што адбывалася, на ўласныя вочы. Калі маю сяброўку вынесьлі і проста паклалі мне на рукі. Толькі сёньня я даведалася, што загінула мая другая сяброўка. Сёньня ў газэтах, пасьля таго, як я прачытала імёны, - я не знайшла ні аднага, ні другога прозьвішча. Імёны я назаву, а прозьвішчы - ня буду. Адну сяброўку звалі Вольга, другую звалі Натальля. Пішуць абсалютную няпраўду пра тое, што тут адбылося! Скажаюць факты... Асабіста я выцягнула з натоўпу хлопчыка, якому... я не магу сказаць дакладна, колькі яму гадоў, але яму, хутчэй за ўсё, не было дванаццаці ... Я асабіста выцягнула яго з гэтага натоўпу дюдзей...".

10-12 гадовага хлопчыка ў сьпісе тых, хто загінуў, няма. Яшчэ адна дзяўчына, Натальля, распавяла нашаму радыё, што бачыла, як загінуў 8-гадовы хлопчык.

(Натальля: ) "... і яшчэ загінуў тут хлопчык, яму было гадоў восем".

Гэтага хлопчыка ў афіцыйных сьпісах таксама няма.

Супрацоўніца шпіталю хуткай дапамогі, якая пабаялася назваць сваё імя, заявіла на месцы катастрофы, што сапраўдная колькасьць ахвяраў афіцыйнымі ўладамі хаваецца. Лекараў, якія трымалі трупы, прымусілі напісаць "падпіскі аб неразгалошаньні". Змусіць да гэтага лекараў, гаворчыць Ганна Коваль, было ня так складана, бо дзеяньні супрацоўнікаў "хуткай дапамогі" ў часе трагэдыі выклікаюць шмат пытаньняў.

(Ганна Коваль: ) "Першая "хуткая дапамога" прыехала толькі праз паўгадзіны. Гэта - факт, які ўсе могуць падцьвердзіць. Выбачайце, назаву такую лічбу: прыблізна сарака дзяўчынам рабілі штучнае дыханьне, ведаючы, што яны мёртвыя. Людзі звычайныя дапамагалі нашмат болей, чым "хуткая дапамога".

Акрамя таго, сябры "Маладога Фронту", у тым ліку лідар гэтай арганізацыі Павал Севярынец, заўважылі, што сьцяна ў пераходзе расьпісаная імёнамі загіблых, у тым ліку і тымі, якіх няма ў афіцыйным сьпісе. Гэта - Хрысьціна, Даша, Валеры, Віталь, Канстанцін, а таксама прозьвішча: "Фраловіч Т." .

Супрацоўніца праваабарончага цэнтру "Вясна-96" Паліна Сьцепаненка паведаміла, што 23-гадовы Валеры Новікаў паведаміў у гэтую арганізацыю, што ў яго загінулі бацька і маці, прозьвішчаў якіх таксама няма ў афіцыйных сьпісах.

З просьбай пракамэнтаваць гэтую сытуацыю мы зьвярнуліся да кіраўніцы надзвычайнага штабу ГУУС Менгарвыканкаму Натальлі Лапо, якая заявіла:

(Лапо: ) "Канечне, гэта вельмі сур'ёзна. Мы зараз пачнем шукаць гэтую Коваль Ганну".

(Карэспандэнт: ) Мне распавядалі на месцы трагедыі, што там загінуў трохгадовы дзіцёнак. І прыходзіла маці гэтага дзіцёнка, ускладала там кветкі. Што-небудзь Вы ведаеце?

(Лапо: ) "Не, я пра гэта нічога ня ведаю. Вы ведаеце, што створаная камісія і пракуратура ўзбудзіла крымінальную справу. Каму ёсьць сэнс хаваць зьвесткі? Даруйце за цынізм, але калі больш на 5 чалавек, альбо меньш на 5 - трагізм сытуацыі ад гэтага не мяняецца. Гэта - бацькам гора. На ўвесь сьвет гэта вядома. Таму я ня думаю, што хтосьці зацікаўлены хаваць рэальную лічбу".

Учора ўвечары мэр Менску Уладзімер Ярмошын падаў на імя прэзыдэнта Лукашэнкі прашэньне аб адстаўцы, якое, аднак, не было прынятае прэзыдэнтам. Аляксандар Лукашэнка па-ранейшаму лічыць, што адказных за трагэдыю няма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG