Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 02 чэрвеня 1999 г.


Алена Радкевіч, Прага

Паводзіны непасрэдных удзельнікаў трагедыі ля мэтро "Няміга" камэнтуе кандыдат псіхалягічных навук Надзея Цыркун.

(Цыркун: ) "Агульная заканамэрнасьць паводзінаў натоўпу, калі ён складаецца з моладзі - як у гульні "куча мала": трэба каго-небудзь штурхнуць, усе пачынаюць падаць і ўсе сьмяюцца, і ў бясьпечным месцы гэта ніколі не вядзе да трагічных наступстваў. У натоўпе ў чалавека мяняецца сьвядомасьць - ён дзейнічае ў стане звужанай увагі, і спрацоўваюць нават біялягічныя законы руху ў натоўпе. Чалавек не бачыць нічога вакол сябе, ён бачыць толькі масу, якая рухаецца. І больш таго, гэтая сыстэма сацыяльнага ўзаемадзеяньня - "рабі, як усе!" - яна прыводзіць да таго, что чалавек па інэрцыі рухаецца туды ж, куды рухаецца натоўп, і ня можа спыніцца."

(Карэспандэнт: ) А як Вы, як псіхёляг, ахарактарызавалі б тое, што паводле інфармацыі тых, хто там прысутнічаў, ужо пасьля таго, як адбылася гэтая трагэдыя, пэўная частка моладзі пайшла далей весяліцца ? Ва усялякім выпадку, шоў працягвавлася?

(Цыркун: ) "Тут - шокавы стан. І першая рэакцыя ў стане эмацыйнага шоку - непрыняцьце псыхікай таго, што здарылася. І нават у людзей, у якіх гіне нехта з родных, першая думка - "гэтага ня можа быць, я ў гэта ня веру". І вось гэты шокавы стан прыводзіць да неадэкватных паводзінаў. Больш адэкватна рэагуюць тыя, хто там ня быў і ня ўдзельнічаў. Яны адразу ўсьведамляюць тое, што здарылася. А вось той, хто быў удзельнікам альбо відавочцам трагедыі, могуць трапіць у шокавы стан. І тады чалавек робіць зусім не вытлумачальныя, нават з пункту погляду этыкі, ўчынкі У тым выпадку мела месца масавая трансфармацыя сьвядомасьці ў неадэкватнай сытуацыі".

(Карэспандэнт: ) Якое наступства можа быць для грамадзтва ад гэтага шоку?

(Цыркун: ) "Па-першае, прытупляецца адчувальнасьць. І робяць гэта сродкі масавай інфармацыі, бо яны паказваюць шмат розных жудасных падзеяў, і дзеля таго, каб чалавек мог жыць у полі такой інфармацыі, ён павінен панізіць уласную адчувальнасьць. Ён павінен быць меньш ўражвальным. Па-другое, канечне, такія сытуацыі спрыяюць згуртаванасьці народа, вядуць да суперажываньня ў агульнай бядзе, што таксама мае месца. Няма нікога, хто б заставаўся абыякавы. І, што мне падаецца асабліва істотным, усе павінныя навучыцца на гэтых прыкладах, - што трэба рабіць, што ня трэба раіць, якія рашэньні прымаць. Я мяркую, што трэба лепш рыхтаваць кожнага чалавека да жыцьця ў грамадзтве, сярод людзей, і нават праводзіць адмысловыя курсы. Трэба рыхтаваць і тых, для каго выратаваньне людзей - прафэсія. Трэба арганізоўваць псыхалягічную службу больш шырока, Гэта - сацыяльны працэс, які можа спрыяць большай устойлівасьці".

(Карэспандэнт: ) Але, напрыклад, на рок-канцэрты, на ўсялякія масавыя забавы зьбіраюцца ва ўсіх краінах, аднак жа мала дзе адбываюцца такія трагэдыі. Якія псыхалягічныя рычагі павінныя быць у чалавека, чаго не хапала тым, хто сабраўся ў той вечар?

(Цыркун: ) "Тут спрацоўвае пэўны закон. Калі зьбіраецца шмат людзей, дык адказнасьць з кожнага як бы здымаецца. І калі б кожны ўдзельнік захаваў бы сваю ўласную адказнасьць за жыцьцё сваё і іншых, - канечне, наступствы былі б меньш жудасныя. А ў натоўпе, як правіла, адказнасьць падзяляецца на ўсіх, і таму яе робіцца меней і меней...".

Вы мяркуеце, што пасьля гэтай трагедыі кожны чалавек будзе адчуваць большую адказнасьць?

(Цыркун: ) "Не, канечне. Павінны быць адмысловыя мерапрыемствы адукацыйныыя, выхаваўчыя. Тэма гэтых мерапрыемстваў - адказныя і бясьпечныя паводзіны, пры якіх ты лічыш каштоўнасьцю уласнае жыцьцё і жыцьцё іншых".

(Карэспандэнт: ) Ці гэта асаблівасьць менавіта беларускай мэнтальнасьці - няўменьне, нежаданьне прымаць самастойнае рашэньне, а падпарадкоўвацца натоўпу?

(Цыркун: ) "Я б не казала, што гэта менавіта беларускае..."

(Карэспандэнт: ) Я ўдакладню: савецкага беларуса, чалавека, адвучанага самастойна прымаць рашэньні.

(Цыркун: ) "А вы бачылі несавецкага беларуса?"

XS
SM
MD
LG