Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 чэрвеня 1999 г.


Казімір Яноўскі, Гомельская вобласьць

Сёньня ў Беларусі хаваюць чатырнаццаць маладых людзей, якія трагічна загінулі 30 траўня пад час масавых гуляньняў у Менску. Пахаваньне іншых трыццаці васьмі адбылося ўчора. Рэха менскай трагедыі працягвае каціцца па рэгінах.

Сёньня ў другой палове дня ў Рэчыцы хавалі 18-гадовую Юлію Жолабаву.

Цела дзяўчыны прывезьлі ў горад толькі ўчора ўвечары, бо студэнты менскага мэдычнага інстытуту, дзе Юля займалася на падрыхтоўчым аддзяленьні, наладзілі паніхіду. Рэчыцкія ўдлады ўзялі на сябе арганізацыю пахаваньня - замаўлялі вянкі, аркэстар, сьвятара, памінальную вячэру. Адпраўлялі нават у Менск труну, якая, аднак, не спатрэбілася і была вернутая назад.

На пахаваньне прыехалі старшыня аблсавету Валер Сівіцкі і кіраўнік правамі аблвыканкаму Мікалай Пратасавіцкі. Тут жа былі і чыноўнікі гарвыканкаму, настаўнікі і навучэнцы школы нумар 6, якую Юля Жолабава скончыла са срэбраным медалём.

Рэчыцкія прадпрыемствы, на якія, дарэчы, і ўскладзеныя асноўныя выдаткі ў сувязі з пахаваньнем, аказалі да таго ж сям'і Жолабавых матэрыяльную дапамогу. Гэта цяпер ня лішне ледзь ня кожнай беларускай сям'і, а тым болей - пад час такога гора. Да таго ж, бацька загінуўшай Юлі - беспрацоўны, маці працуе на заводзе "Тэрмапласт", дзе работнікі асаблівым заробкам пахваліцца ня могуць.

Жалобная цэрымонія апошняга разьвітаньня з ахвярай сталічнай трагедыі праходзіла і ў суседнім з Рэчыцай Сьветлагорску. Тут, на гарацкіх могілках, хавалі 20-ці гадовага студэнта інстытуту кіраваньня Дзіму Корзуна. Апошнім часам маці выхоўвала Дзіму адна, бо з бацькам яны ў разводзе. Сама яна - пэнсіянэрка, да нядаўняга часу працавала ў лабараторыі аб'яднаньня "Хімвалакно". Менавіта аб'яднаньне і дапамагала купіць усе неабходныя рэчы для праводзінаў юнака ў апошні шлях. На бяду адгукнулася і гарадцкое аб'яднаньне жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, дзе працуе бацька Дзімы Корзуна. У жалобным мітынгу таксама бралі ўдзел, апроч бацькоў, сваякоў і моладзі, і чыноўнікі з аблвыканкаму і гарвыканкаму. У прыватнасьці, старшыня Гомельскага аблвыканкаму Мікалай Вайцянкоў і ягоны намесьнік Валеры Ахрэсьцін.

Аднак прамовы іх мала чым адрозьніваліся ад тых, што гучалі ў Рэчыцы.

Прычыну пагібелі дзясяткаў юнакоў і дзяўчат яны, усьлед за высокімі дзяржаўнымі прамоўцамі, бачылі ў трагічным зьбегу абставінаў, непрадказальным надвор'і.

Ніхто зь іх не зьвярнуў увагі на бяздумныя масавыя сьвяты з напоямі, якія даволі часта зараганізоўваюцца ўладамі на фоне агульнага зьбядненьня людзей.

Ніхто не засяродзіў увагу і на тым, што пры наяўнасьці, у параўнаньні з краінамі -суседзямі, самай вялікай арміі ахоўнікаў парадку на тысячу жыхароў, гэтых самых ахоўнікаў у належным мейсцы і ў належны час якраз і не хапае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG