Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 чэрвеня 1999 г.


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Нягледзячы на тое, што вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Славаччыне прынесьлі перамогу мэру места Кошыцы Рудольфу Шустару, які атрымаў падтрымку 57% выбаршчыкаў, прыхільнікі заходняга ўзору дэмакратыі даволі стрымана сьвяткуюць гэтую перамогу. У той самы час выбарчы апанэнт Шустэра, былы прэм'ер-міністар Славаччыны Уладзімір Мэчыяр і ягоныя прыхільнікі заяўляюць, што ўзятыя Мэчыярам 43% галасоў (а гэта 1.3 мільёны выбаршчыкаў) паказваюць, што партыя былога прэм'ера застаецца значнай палітычнай сілай.

А як жа ацэньваюць вынікі выбараў і іхныя наступствы самі славакі? Гаворыць сьпікер славацкага парляманту Ёзэф Мігаш:

(Мігаш:) "Гэты год будзе паваротным годам для краіны. Мы хочам быць у ліку першых, хто паступіць у Эўрапэйскі Саюз і я думаю, што наступны год прынясе нам таксама сяброўства ў Арганізацыі Эканамічнага Супрацоўніцтва і Разьвіцьця. На маю думку, новы прэзыдэнт Рудольф Шустар адыграе ў гэтым пазытыўную ролю".

У той самы час чэскае агэнства навінаў у Братыславе ЧТК падалі словы аналітыка Ўладзіміра Крывага, які лічыць, што ідэя пра тое, што Мечар пакіне славацкую палітыку - ілюзія. Крывы сказаў, што ў параўнаньні з восеньскімі выбарамі Мечар стаў больш моцным. Сам жа Мечар мала гаворыць пра выбары.

А вось што сказаў пра наступствы перамогі Шустара прэм'ер-міністр Славаччыны Міколаш Дзурында:

(Дзурында:) "Я хачу сказаць нешта для тых, хто галасаваў за Мечара. Гэта не благія навіны, што Шустар выйграў выбары і нават для тых, хто галасаваў супраць - гэта таксама добрыя навіны. Ніхто ня будзе пакрыўджаны незалежна ад таго як ён галасаваў. Я думаю, што адным з вынікаў выбараў будзе паляпшэньне адносінаў паміж кіраўнічай кааліцыяй і апазыцыяй."

Сам Рудольф Шустар кажа, што ён плянуе быць прэзыдэнтам, які рэпрэзэнтуе ня толькі альянс партыяў ягонай падтрымкі, але і апазыцыйныя сілы, дзеля чаго плянуе сустрэцца з Мечарам і апазыцыяй. Шустар падтрымлівае ўдзел Славаччыны ў Заходніх інстытутах, але ён супраць НАТАаўскага бамбаваньня Югаславіі і спадзяецца працаваць на мірнае разьвязаньне крызысу ў Косаве.

Прэзыдэнт Чэхіі Гавэл прымае перамогу Шустара, як падцьверджаньне дэмакратычнага разьвіцьця Славаччыны. Абодвы прэзыдэнты неўзабаве сустрэнуцца, каб абмеркаваць пэрспэктывы двухбаковага супрацоўніцтва.

Прадстаўнік НАТА Джэмі Шэй сказаў, што Паўночна-Атлянтычная супольнасьць задаволеная вынікамі выбараў і спадзяецца, што новы славацкі лідар неўзабаве наведае штаб-кварэту НАТА.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG