Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 чэрвеня 1999 г.


Сяргей Шупа, Прага

Сёньня – 70-ты дзень паветранай кампаніі НАТО супраць Югаславіі. Нягледзячы на пэўныя посьпехі ў спробах дыпляматычнага вырашэньня косаўскага крызысу, натаўская авіяцыя яшчэ больш узмоцніла інтэнсіўнасьць налётаў і ракетна-бомбавых удараў. У сувязі з гэтым апошнімі днямі немалую трывогу выклікае штораз большая колькасьць ахвяраў сярод цывільнага жыхарства.

У панядзелак ракетамі НАТО былі збамбаваныя санаторыя і прытулак для старых людзей у мястэчку Сурдуліца за 355 кілямэтраў на паўдзённы ўсход ад Бялграду, у выніку чаго, паводле сэрбскіх уладаў, загінула як найменей 16 чалавек.

Асудзіўшы забойства цывільных жыхароў у Сэрбіі, прэзыдэнт Югаславіі Слобадан Мілошавіч заявіў, што паветраныя атакі апошніх дзён паставілі пад пагрозу кволыя мірныя намаганьні, якія маюць працягнуцца на гэтым тыдні перамовамі Мілошавіча зь фінскім прэзыдэнтам Ахцісаары. У гэтай сустрэчы плянуе ўзяць удзел і расейскі пасланец на Балканах Віктар Чарнамырдзін.

Югаслаўскі ўрад пацьвердзіў сваю згоду на праект вырашэньня косаўскага канфлікту, запрапанаваны Вялікай Сямёркай і Расеяй. Аднак апошнія заявы Мілошавіча ўсё яшчэ не апдавядаюць заходнім патрабаваньням што да складу будучага міратворчага кантынгенту ў Косаве.

Афіцыйныя прадстаўнікі НАТО выразна заяўляюць, што не зьбіраюцца весьці зь Бялградам ніякіх перамоваў, пакуль ня будзе спынены тэрор у Косаве, пакуль з краю ня будуць выведзенае сэрбскае войска, і пакуль аддзелам НАТО ня будзе дазволена ўвайсьці ў Косава зь міратворчай місіяй.

У Вашынгтоне прэсавы прадстаўнік Нацыянальнай Рады Бясьпекі ЗША Майкл Хамэр скептычна ацаніў гатовасьць Мілошавіча да міру. На ягоную думку, пра нейкі пералом у сытуацыі гаварыць пакуль што зарана.

Эўрапейскі Зьвяз запатрабаваў у панядзелак ад Мілошавіча, каб той ад словаў перайшоў да справаў і выявіў недвухсэнсоўную гатовасьць прыняць заходні плян урэгуляваньня канфлікту.

Тым часам блёк НАТО, нягледзячы на ўсё больш вострую крытыку ягонай няўдалай тактыкі выбару аб'ектаў бамбаваньня, прыступіў да эскаляцыі паветранай кампаніі. Учора амэрыканскія самалёты А-10 атакавалі сэрбскія аддзелы, якія вялі баі з альбанскімі паўстанцамі ў гарах на косаўска-альбанскай мяжы.

Паўночнаатлянтычны альянс паведаміў пра збамбаваньне зоны вайсковых казармаў і складоў амуніцыі ў ваколіцах Сурдуліцы. Аднак журналісты, якія пабывалі ў гэтым мястэчку, пабачылі карціну разбурэньняў і людзкога гора. Прайшло ўжо паўдня пасьля бамбаваньня, а ратаўнікі ўсё яшчэ выцягвалі з-пад руінаў санаторыя чалавечыя целы.

Бомбы трапілі ў галоўны корпус санаторыя, дзе жылі сэрбскія ўцекачы з Харватыі, і ў прытулак для старых людзей.

Мястэчка Сурдуліца аднойчы ўжо сталася ахвярай памылкі – 27 красавіка натаўская ракета, адхіліўшыся ад курсу, трапіла ў жыльлёвыя кварталы, забіўшы як найменей 15 чалавек.

Падчас іншай натаўскай атакі ў панядзелак, паводле сэрбскіх уладаў, ракета трапіла ў жыльлёвыя кварталы гораду Нові-Пазар, у выніку чаго загінула 10 і было паранена як найменей 20 чалавек. Гэтае паведамленьне пакуль не было пацьверджанае зь незалежных крыніцаў.

Кіраўніцтва НАТО прызнае, што ў выніку паветранай кампаніі, якая працягваецца ўжо трэці месяц, было забіта нямала цывільных жыхароў, аднак цьвердзіць, што гэта было зроблена ненаўмысна.

Тым часам у Брусэлі прадстаўнік НАТО палкоўнік Конрад Фрайтаг заявіў, што ў Сурдуліцы ўсе ракеты трапілі ў плянаваныя для бамбаваньня аб'екты і што НАТО ня можа пацьвердзіць паведамленьні пра чалавечыя ахвяры.

Нагадаем, што за дзень да гэтага 11 цывільных жыхароў загінула ў выніку збамбаваньня аднаго з мастоў у Цэнтральнай Сэрбіі.

У артыкуле газэты New York Times, прысьвечаным цывільным ахвярам косаўскага канфлікту, цытуюцца выказваньні альбанскіх уцекачоў, паводле якіх сэрбскія вайскоўцы ўжылі каля сяміста альбанцаў у якасьці жывога шчыта. Уцекачоў сагналі ў будынак складу ў адной зь вёсак у паўдзённым Косаве напярэдадні 13 траўня, калі ў выніку бамбаваньня загінула каля 80 чалавек.

Югаслаўскія ўлады запярэчылі гэтым паведамленьням, зая віўшы, што ўцекачы начавалі пад голым небам, калі самалёты НАТО пачалі скідаць на іх бомбы. Паводле НАТО, аб'ект, дзе былі сабраныя ўцекачы, служыў вайсковым лягерам і камандным пунктам.

На дыпляматычным фронце расейскі пасланец на Балканах Віктар Чарнамырдзін сёньня ў Боне сустракаецца з намесьнікам дзяржаўнага сакратара ЗША Строўбам Тэлбатам і прэзыдэнтам Фінляндыі Марці Ахцісаары. Пазьней яны запрошаныя на вячэру да канцлера Герхарда Шрёдэра, а заўтра зьбіраюцца вылецець у Бялград на перамовы зь Мілошавічам.

Аднак у канцылярыі фінскага прэзыдэнта паведамілі, што вылет у Бялград залежыць ад выніку перамоваў у Боне.

Расейскія і югаслаўскія сродкі масавай інфармацыі, асьвятляючы вынікі сустрэчы Мілошавіча з Чарнамырдзіным у мінулую пятніцу, паведамілі, што югаслаўскі прэзыдэнт у прынцыпе згадзіўся на мірны плян, выпрацаваны краінамі Вялікай Сямёркі й Расеяй.

У заяве, зь якою бялградзкі ўрад выступіў у панядзелак, была пацьверджаная згода на прапановы, высунутыя падчас сустрэчы Мілошавіча з Чарнамырдзіным. Там таксама было зазначана, што гэтыя прапановы прадугледжваюць спыненьне агрэсіі супраць Югаславіі, вяртаньне міру і палітычнае ўрэгуляваньне ў Косаве.

Аднак, паводле некаторых паведамленьняў, Мілошавіч надалей не пагаджаецца на вядучую ролю НАТО ў будучым міратворчым кантынгенце, на чым цьвёрда настойвае Паўночнаатлянтычны альянс. Магчыма, што ўжо найбліжэйшыя дні пакажуць, ці наступіў у косаўскім крызысе вырашальны пералом.

XS
SM
MD
LG