Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 чэрвеня 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Сёньня адбыліся пахаваньні некаторых з тых, хто загінуў 30 траўня ў падземным пераходзе станцыі мэтро "Няміга". Асноўныя пахаваньні адбыліся на Маскоўскіх могілках у Менску. Тут сёньня зьявілася 15 новых магілаў.

Пахавальныя цэрымоніі мала чым адрозьніваліся адна ад другой.Велічэзная колькасьць кветак, бацькі загінуўшых, якія самастойна зь цяжкасьцю маглі крочыць, праваслаўны сьвятар, а таксама тыя, хто быў прысутны на месцы катастрофы, але якім пашчасьціла выжыць.

Сёньня а 2 гадзіне дня ля мэтро "Няміга" зьявілася жанчына зь бел-чырвона-белым сьцягам, якую на месца трагедыі міліцыянты так і не дапусьцілі.

На месцы катастрофы я сустрэў дэпутата трагедыі Паўла Знаўца, які лічыць трагедыю не выпадкам, а заканамэрнасьцю. Вінаватымі ва ўсім спадар Знавец лічыць старшыню Менгарвыканкаму Ярмошына і прэзыдэнта Лукашэнку, якія спойваюць моладзь і ў якіх знаходзіцца неверагодная колькасьць міліцыянтаў для зьбіцьця дэманстрантаў і не знаходзяцца сродкаў для прадухіленьня катастрофы, - лічыць Знавец.

Адна з удзельніцаў той трагедыі, якая цэлы дзень прасядзела на прыступках станцыі мэтро "Няміга", назвала катастрофу "боскім знакам", сэнс якога пакуль немагчыма зразумець. Уваход у мэтро знаходзіцца акурат паміж царквою і касьцёлам. Разам з тым, у ліку вінаватых яна называе і міліцыянтаў, якія не дазволілі моладзі схавацца ад дажджу ў кінатэатры "Масква" і якія ня здолелі зарганізаваць натоўп у пераходзе мэтро.

XS
SM
MD
LG