Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 чэрвеня 1999 г.


Альгердт Невяроўскі, Менск

Паводле афіцыйнай і ўдакладненай інфармацыі, у падземным пераходзе загінулі 52 чалавекі. Зьвесткі пра 54 ахвяры паводле мэра Менску Ярмошына, сталі вынікам памылкі ў падліках. Цела адной старой жанчыны, якая памерла натуральнай сьмерцю ва ўласнай хаце, у моргу залічылі ў лік ахвяраў, а адна маладая дзяўчына фігуравала ў сьпісе ахвяраў два разы, толькі пад рознымі прозьвішчамі.

Целы ўсіх загінуўшых апазнаныя, і сёньня іх пачалі хаваць. Па словах мэра, улады прадаставілі сваякам памерлых для пахаваньня любыя могілкі Менску - нават закрытыя. Усяго ў сталіцы пахаваюць 38 чалавек. 8 ахвяраў - на Маскоўскіх могілках, 7 - на Чыжоўскіх, а таксама Паўночных і іншых пагостах Менску.

Міліцыянтаў Уладзімера Говіна і Генадзя Рабаконя , што загінулі ў тым пераходзе, ратуючы падлеткаў, пасьля грамадзянскай паніхіды і адпяваньня ў Палацы культуры чыгуначнікаў пахавалі на Кальварыі. Увечары ў палкавым храме Унутраных войскаў , што пад Менскам, адбудзецца малебен за душы загінуўшых.

Усіх астатніх ахвяраў трагедыі будуць хаваць у іншых месцах Беларусі.

Па словах ярмошына, на гэты раз у менскіх шпіталях знаходзяцца 75 чалавек з рознымі траўмамі, у тым ліку і вельмі цяжкімі. Улады будуць усяляк дапамагаць семьям памерлых, а таксама пацярпелым.

Аднак што да канкрэтных вінаватых у трагедыі - дык і Ярмошын, і міліцэйскі генэрал Тарлецкі ўпарта сьцьвярджаюць, што вінаватых няма. Маўляў, трагічны зьбег акалічнасьцяў - і ўсё тут.

Міліцыі, па словах Тарлеукага, на месцы правядзеньня канцэрту было дастаткова ажно 195 чалавек. Але сьведкі трагедыі сьцьвярджаюць, што на месцы шоў было ня больш дзесятку ахоўнікаў парадку.

"Дзе ж былі астатнія Вашыя падначаленыя?" - спыталі журналісты ў генэрала. "Сядзеліі ў службовых машынах і патрулявалі прашпэкт Машэрава" - прагучала ў адказ.

Ня здолелі спадары Ярмошын і Тарлецкі даць уразумляльнага адказу і на пытаньне, чаму падлеткам свабодна прадавалі ня толькі піва, але і гарэлку, пасьля чаго многія зь юнакоў паводзілі сябе не зусім адэкватна, што таксама паспрыяла трагедыі.

Затое менскі мэр раптам накінуўся з абразамі на Старшыню Вярхоўнага Савету Сямёна Шарэцкага, які ўвайшоў у створаную апазыцыяй грамадзкую камісію па расьсьледваньні акалічнасьцяў трагедыі. Маўляў, апазыцыянэрам трэба цяпер не супрацьстаяць уладзе, а супрацрўнічаць зь ёю, бо ў ва ўсіх адна бяда.

Па словах Ярмошына, улады зробяць самыя сур'ёзныя высновы з гэтай трагедыі, каб нічога падобнага не паўтарылася ў будучыні. Мэр Менску не з'яўляецца таксама прыхільнікам нейкіх жорсткіх мераў, і лічыць, што сьвяточныя мерапрыемствы павінныя праходзіць у беларускай сталіцы надалей. Але Уладзімер Ярмошын за тое, каб у 9-ты і 40-вы дзень трагедыі была абвешчаная жалоба. Менскі мэр таксама выказаў меркаваньне, што сьвяткаваньне 200-гадовага юбілею Аляксандра Пушкіна , прызначанае ў Менску на 12 чэрвеня, і на якое мае прыехаць маскоўскі мэр Юры Лужкоў, варта перанесьці на больш пазьнейшы тэрмін.

XS
SM
MD
LG