Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 31 траўня 1999 г.


Чарговы раз бамбаваньне авіяцыяй НАТА сэрбскіх аб'ектаў прывяло да гібелі мірных людзей у маленькім сэрбскім мястэчку Варварын. Аднак прадстаўнікі альянсу заяўляюць, што пілёты ня бачылі цывільных і не могуць пацьвердзіць лічбы ахвяраў, названыя сэрбскім бокам.

Нядзельная раніца пачалася мірна ў гэтым маленькім сэрбскім мястэчку Варварын - піша з месца падзеі карэспандэнт "New York Times". Да нядзельнай трагедыі гэтае мястэчка ў 95 мілях на поўдзень ад Белграду, у якім жыве каля 4000 жыхароў, была амаль ідылічным месцам.

Каля першай гадзіны дня зьявіліся самалёты НАТА. Яны кінулі бомбы на мост над ракой Южная Морава, і потым вярнуліся для другой атакі.

Рыбак, які стаяў на беразе ўніз па плыні, кажа, што ён назіраў у жаху, як людзі і машыны звальваліся ў раку. "На мосьце было вельмі многа людзей і машынаў. Нядзеля -- рынкавы дзень, і тут былі тысячы, была абсалютная паніка, мы былі ў шоку" - кажа гэты чалавек, які адмовіўся назваць заходняму карэспандэнту сваё імя.

Як паведамляецца, як мінімум 9 чалавек былі забітыя і 28 параненыя ў выніку гэтага авіяўдару. Адна зь іх, 17-гадовая Саня Міленковіч, выдатніца каледжу ў Белградзе, ішла проста па мосьце, калі пачалося бамбаваньне. Яна атрымала сьмяротныя раны асколкамі і памерла па дарозе ў шпіталь.

Пасьля першага налёту людзі з бліжэйшага рынку кінуліся на дапамогу параненым на мосьце, але самалёты НАТА нечакана вярнуліся і скінулі яшчэ дзьве бомбы, якія абрынулі бетонныя апоры маста. Асколкі паляцелі ў бок рыначнай плошчы, дзе стаяла шмат людзей.

Цырыч, сьвятар, выйшаў з каплічкі, калі пачуў першы выбух, і стаяў у двары царквы, прыблізна 100 метраў ад масту. Асколкі патрапілі ў галаву, адразу яго забіўшы

"Мы яшчэ не ведаем, колькі людзей знайшлі магілу ў рацэ" - кажа Драган Кавніч, мэр Варварына.

"Гэта катастрофа для нас, — гаворыць мясцовы афіцэр паліцыі Драган. - Мы проста маленькі гарадок. Тут няма нічога, акрамя сельскай гаспадаркі".

"Я спрабую быць рэалістычным. Можа быць мост зьяўляецца вайсковай цэлью, але нават калі гэта мішэнь, чаму яны не бамбавалі яе ўначы, калі тут не было людзей? Добра вядома, што нядзеля - рынкавы дзень і людзі ходзяць уздоўж вуліцы каля маста, абменьваючыся рэчамі" - кажа мясцовы паліцыянт карэспандэнту.

Але НАТА заяўляе, што пілёты не бачылі ніякіх цывільных людзей на мосьце і ня могуць пацьвердзіць ніякіх ахвяраў. "Мост быў галоўнай магістральлю для сэрбскай арміі і таму зьяўляўся законнай ваеннай цэльлю" - сцьвярджаяюць прадстаўнікі НАТА ў Брусэлі.

У сувязі з інцыдэнтам прэса пералічвае некаторыя прыклады ўдараў НАТА, якія прывялі да гібелі мірных людзей. У пачатку кампаніі самалёт альянсу зьнішчыў пасажырскі цягнік, які йшоў праз мост, калі лётчык убачыў цягнік занадта позна, каб пасьпець спыніць атаку. У наступным інцыдэньце у пачатку гэтага месяца адна з ракетаў выпадкова патрапіла ў цывільны аўтобус.

Усё часьцейшыя атакі на цывільную інстраструктуру, нарпыклад, электрастанцыі, якія абслугоўваюць шпіталі і воданапорныя станцыі, а таксама ахвяры сярод мірнага насельніцтва, вымушаюць некаторых членаў альянсу, такіх як Італія і Грэцыі, заклікаць да мараторыя на авіяўдары. Яны кажуць, што гэта можа стаць пэўным стымулам для Слабадана Мілошавіча для прыняцьця патрабаваньняў блёку. Але такому падыходу пярэчыць галоўны галоўнакамандуючы НАТА генерал Уэсьлі Кларк. "Я думаю, ўсё наадварот, — кажа ён. - Менавіта бамбаваньне прыводзіць, вымушае дыпляматыю".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG