Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 31 траўня 1999 г.


Віталь Тарас, Менск

Першы спэцвыпуск навінаў беларускага тэлебачаньня выйшаў у эфір прыблізна праз 10 гадзінаў пасьля трагэдыі на станцыі метро "Няміга". Ніякіх зьменаў у дзяржаўным эфіры напярэдадні не было. Хаця каля 23 гадзінаў менскага часу першая праграма беларускага радыё упершыню паведаміла пра чалавечыя ахвяры. Ва ўсіх далейшых паведамленьнях кожны раз у якасьці арганізатара сьвята на прашпэкце Машэрава называўся "Кляс-клюб Джасс-краб". Гэтая вядомая ў Беларусім прадусарская кампанія ўжо шмат гадоў займаецца арганізацыяй выступаў эстрадных і рок-зорак, як айчынных, так і замежных. Гэтым разам "кляс-клюб" зарганізаваў прыезд у Менск папулярнага расейскага гурту "Манго-Манго".

Як сказаў сёньня ў інтэрвью радыё "Свабода" прэзыдэнт "кляс-клюбу" Генадзь Шульман, выступ "Манго-Манго" пачаўся а восьмай гадзіне. Але з прычыны моцнага дажджу музыкі выступалі ўсяго хвілінаў пятнаццаць, пасьля чаго вымушаныя былі схавацца ад граду разам з іншымі артыстамі ў аўтобусе, які прывез апаратуру.

Тое, што здарылася потым, павергла артыстаў, а таксама арганізатараў, калі яны даведаліся аб трагедыі, у сапараўдны шок. Між тым, з чатырох гадзінаў, замоўленых арганізатарамі ў гарвыканкаме дзеля правядзеньня фэсту, першыя тры гадзіны былі прадастаўленыя радыёстанццыі "Мір», якая зарганізавала канцэрт з удзелам папулярных беларускіх выканаўцаў. Канцэрт быў прысьвечаны другой гадавіне выхаду гэтай радыёстанцыі ў эфір у Беларусі ў FM-дыяпазоне. Менавіта гэтую акалічнасьць упарта замоўчваюць афіцыйныя СМІ, хаця падобныя намаганьні выглядаюць абсурднымі, паколькі перад гэтым "Мір" праводзіў у горадзе рэклямную кампанію.

Варта адзначыць, што міждзяржаўная тэлерадыёкампанія "Мір", утвораная рашэньнем кіраўнікоў дзяржаваў СНД, ад самага пачатку мела сваё прадстаўніцтва ў Беларусі з дыпляматычным статусам. Дарэчы, некалькі гадоў філію гэтай кампаніі ў Беларусі ўзначальваў цяперашні намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Іван Пашкевіч.

Акрамя радыё "Мір", да правядзеньня фэсту падключылася фірма "Аліварыя", для якой прадаставіла гэта дадатковую магчымасьць рэклямы піва сваёй вытворчасьці, а таксама фірма "Эўрастыль" - гэтая фірма праводзіла рэклямную кампанію амэрыканескіх цыгарэтаў "Магна", і ў часе нядзельнага фэсту адбывалася своеасаблівая выніковая латэарэя з выкарыстаньнем цыгарэтных пачкаў ды ўручэньнем прызоў.

Як вядома, пракуратура ўзбудзіла крымінальную справу паводле факту гібелі людзей. Паводле словаў прэзыдэнта "кляс-клюбу" Генадзя Шульмана, сёньня адзін зь ягоных намесьнікаў быў пакліканы ў гарацкі аддзел унутраных справаў, дзе даваў першыя тлумачэньні наконт арганізацыі ўчарашняга сьвята.

XS
SM
MD
LG