Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 31 траўня 1999 г.


Алесь Лазоўскі, Менск

Вечарам 30 траўня у цэнтры Менску адбылася трагедыя, у выніку якой загінулі 54 чалавекі. На прашпекце Машэрава праходзілі "масавыя гуляньні" пад назваю "Піўное сьвята "Аліварыя". Прыблізна ў 20.40 па менскім часе пасьля таго, як пачаўся лівень з градам, каля дзвюх з паловай тысячаў удзельнікаў мерапрыемства кінуліся ў падземны пераход станцыі мэтро "Няміга". Пачалася цісканіна, вынікам якой стала ці не самая масавая па колькасьці ахвяраў за апошнія дзесяцігоддзі трагедыя.

"Першы ўдар " - калі да падобнай сытуацыі пасуе такі выраз - прыняла 2-ая менская лякарня, якая знаходзіцца літаральна ў 200 мэтрах ад мейсца трагедыі. Людзей прыносілі туды літаральна на руках. Першы сігнал у лякарню хуткай дапамогі паступіў а палове восьмай вечара. Па словах медыкаў, у надзвычайным рэжыме гэтая лякарня працавала каля гадзіны. У яе патрапілі 40 чалавек, зараз там знаходзяцца 21 чалавек. Паводле галоўнага ўрача лякарні Рыгора Нарушэвіча, два зь іх у задавальняючым стане, трое - у цяжкім. 18 пацярпелых пакуль знаходзяцца ў 9-ай клініцы.

Вылучаюцца некалькі асноўных відаў нанесеных траўмаў. Гэта - здаўленьні, чэрапна-мазгавыя траўмы, пераломы. Яны разам з афіксіяй (немагчымасьцю дыхаць) і былі прычынамі сьмерцяў.

Увогуле па горадзе, ў мэтах аказаньня хуткай дапамогі, былі задзейнічаныя 58 брыгадаў урачоў. 130 чалавек працавалі непасрэдна на месцы трагедыі.

Пацярпелых адвозілі таксама ў 6-ую, 9-ую, 10-ую клінічныя лякарні. Як паведаміў міністар аховы здароў'я Ігар Зелянкевіч, было шпіталізавана 78 чалавек. Зь іх 37 пакуль знаходзяцца ў цяжкім стане. Сьпісы пацярпелых ёсьць у кожнай лякарні. Яны ж прадубляваныя ў адмысловай камісіі гарвыканкаму.

У 2-ой клінічнай лякарні, куды я пайшоў па інфармацыю, гэтыя сьпісы публічна вывешаныя не былі. Кіраўніцтва таксама адмаўлялася весьці гутарку з журналістамі, не паведамляла колькасьць асобаў, што знаходзяцца ў рэанімацыі. Праўда, санітарка паведаміла, што ўсе, хто там ёсьць, апазнаныя.

У холе лякарні былі родныя і сябры пацярпелых. Пра адну зь іх, каму зараз аказваюць дапамогу, апавяла сяброўка.

(Голас дзяўчыны: ) "Ваўковіч Вольга, ёй 17 гадоў, яна зь Менску, студэнтка архітэктурна-будаўнічага тэхнікума. Ёй здавілі грудзі. У нас у тэхнікуме правяралі адсутных, я сама тэлефанавала ёй дадому, мне маці сказала, што яна ў рэанімацыі".

Іншая дзяўчына апавяла пра тое, што бачыла на свае вочы.

(Галас дзяўчыны: ) "Там было жудасна - трупы, лужыны крыві...".

Маці мінчанкі Вольгі знайшла дачку таксама ў рэанімацыйным аддзяленьні 2-га клінічнага шпіталя. А перад гэтым былі пошукі.

(Голас жанчыны: ) "Цяпер вось, як прыехала з працы, знайшла яе. Людзі ў 10-ую езьдзілі, у морг, там знаходзілі сваіх дзяўчатак, дзяцей, ужо мёртвымі. Ведаеце, як гэта цяжка бацькам. А такіх во - колькі яшчэ. Я ня ведаю, што там такое зрабілася. Кажуць, што гэта лівень вінаваты, што яны абрынуліся туды. А хто яго ведае, хто там вінаваты?"

(Карэспандэнт: ) Яна там адна была?

(Голас жанчыны: ) "Не, яна была з хлопцам. Ён таксама згубіў прытомнасьць, але яго адкачалі. І яе згубіў, кажа, нёс на руках, а потым ня ведаю, дзе яна дзелася. Дык вось яе потым ужо знайшлі, вось сюды прывезьлі. Ай, хай Бог абносіць. Малюся во, хадзіла ўжо ў царкву, і хай Бог ёй дасьць здароў'я, каб яна хоць выжыла".

(Карэспандэнт: ) Як яе завуць?

(Голас жанчыны: ) "Вольга".

Медычная сястра другой лякарні была сярод тых, хто спрабаваў учора ўвайсьці ў мэтро. Яна, дзякуючы ведам, здолела дапамагчы сабе і выратаваць яшчэ дзвюх дзяўчатаў. У асноўным, як кажа яна, гіблі ад афіксыі.

(Жаночы голас: ) "Калі губляюць прытомнасьць - западае язык. Наперадзе яшчэ былі больш-менш нармальныя. А далей усе ляжалі.Я пачала штурхаць, дзвюх расштурхала: "Дзяўчаты, уставайце, уставайце". Адзін на другім ляжалі. Усе пачалі скандзіраваць - "Назад! Назад!". Міліцыя пачала ўсіх расталківаць, і тыя, хто стаялі ў тунэлі, тыя вярнуліся наперад. За намі ж яшчэ былі людзі. Прычым без сьвядомасьці. Яны як рванулі, і адзін на другога пападалі, я тасама ўпала, таксама ледзь не згубіла прытомнасьць, вельмі галава балела. Я бачыла толькі дзяўчат, якія ляжалі на зямлі. Усе ня ведалі, што рабіць - крыкі, невядома што... Нешта і я крычала, але што - не памятаю".

На 10 гадзінаў раніцы па менскім часе ў моргах горада апазнаныя 24 з 54 ахвяраў. Вядома, што сярод ахвяраў - 20-ці гадовая дзяўчына з Масквы. Самому старэйшаму з маладых - 24 гады.

Медыкі лічаць, што лічбы пацярпелых - не канчатковыя, паколькі наступствы ад траўмаў могуць праявіць сябе праз некалькі дзён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG