Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 траўня 1999 г.


Мікола Іваноў, Прага

Прэзыдэнт Югаславіі Слабадан Мілошавіч мае ў Югаславіі амаль абсалютную ўладу. На сёньняшні дзень толькі ён можа аддаць загад аб вывадзе сэрбскіх войскаў з Косава і прыпыненьні гвалту ў гэтым краі. І толькі ён сёньня можа быць рэальным верагодным партнэрам у любых перамовах паміж НАТО і Югаславіяй. Але цяпер ён — ваенны злачынца. Як весьці зь ім перамовы? Хто можа пачаць дыялёг са злачынцам?

Абвінавачаньне Міжнародным трыбуналам у Гаазе прэзыдэнта Слабадана Мілошавіча і чатырох іншых кіраўнікоў Югаславіі ў ваенных злачынствах бясспрэчна стала навіной нумар 1 у сусьветных сродках масавай інфармацыі. Але нягледзячы на гэта паветраная кампанія авіяцыі НАТО працягвалася як бы нічога ня здарылася. Самалёты НАТО з падвойнай сілай бамбавалі сыстэму электразабесьпячэньня Сэрбіі. Бомбы зноў упалі на самую вялікую сэрбскую цеплаэлектрастанцыю ў Абрэнавацы. Ракетны ўдар амаль цалкам зьнішчыў трансфарматарную станцыю ў бялградзкай ваколіцы Безанійска Коза. І больш як двухмільённая югаслаўская сталіца засталася амаль на ўсю ноч без электрычнасьці.

Раней дзеля збамбаваньня сэрбскіх аб'ектаў электрычнай сеткі НАТО выкарыстоўвала так званыя мяккія бомбы, якія выклікалі галоўным чынам масу кароткіх замыканьняў, але не рабілі сур'езных шкодаў. Цяпер жа НАТО поўнасьцю зьнішчае бомбамі магутнай сілы трансфарматарныя падстанцыі. Адрэмантаваць іх хутка вельмі цяжка.

Мінулай ноччу без вады і электрычнасьці акрамя Бялграду засталіся іншыя гарады Сэрбіі: Нові Сад, Панчава, Крагуевац і іншыя. Найбольш цяжкая сытуацыя ў шпіталях, дзе лекарам даводзіцца лячыць хворых пры сьвечках. Галоўны лекар Бялградскага шпіталя хуткай дапамогі Влада Дзюрыч паведаміла агенцтву Ройтар, што ў такіх варунках бальшыня цяжкахворых папросту асуджаная на сьмерць. Складаныя мэдыцынскія прыборы адключаюцца, і хворыя паміраюць на працягу некалькіх гадзінаў.

Бомбы, як бачым, бязьлітасна зьнішчаюць інфраструктуру Югаславіі і робяць нармальнае жыцьцё ў Сэрбіі немагчымым. НАТО робіць разьлік на тое, што падобныя бамбаваньні раней ці пазьней павінны раскалоць югаслаўскае грамадзтва і скіраваць абурэньне простых сэрбаў на тых, хто сваёй палітыкай спрычыніўся да гэтай трагедыі. І гэта будзе сымбалізаваць сабой канец прэзыдэнта Мілошавіча. Аб тым, што НАТО разьлічвае менавіта на гэта, пацьвердзіла ў сваёй заяве і дзяржаўны сакратар ЗША Мээлін Олбрайт:

(Олбрайт:) «Я вельмі зацікаўленая і задаволеная шматлікімі ініцыятывамі ў справе інтэграцыі балканскага паўвострава ў Эўропу, у сучасную Эўропу. Адна з прычынаў, чаму мы так зацікаўленыя гэтымі ініцыятывамі, палягае ў тым, што ўпершыню ёсьць магчымасьць стварыць вобраз адзінай і аб'яднанай Эўропы, упершыню ў гісторыі. І таму трэба выпрацоўваць розныя пляны дзеля справядлівай інтэграцыі Балканаў у Эўропу.

Мы неаднойчы падкрэсьлівалі, што толькі дэмакратычная Сэрбія будзе мець магчымасьць быць членам гэтай Эўропы. Мы не ваюем з сэрбскім народам, і урад Сэрбіі, пабудаваны на дэмакратычных прынцыпах, мае ўсе шанцы быць часткай любога паразуменьня».

Міжнародны трыбунал у Гаазе — арганізацыя міжнародная, створаная на падставе пастановы Рады Бясьпекі, за якую прагаласавалі ўсе члены Рады, у тым ліку і Расея. Яе голас — гэта голас міжнароднай супольнасьці. Дарэчы і сам прэзыдэнт Мілошавіч зусім нядаўна прызнаваў яе паўнамоцтвы і нават абяцаў дапамагчы ў затрыманьні падазроных у ваенных злачынствах падчас грамадзянскай вайны ў Босьніі-Герцагавіне. Цяпер жа ён сам павінен сесьці на лаву падсудных. ЗША лічаць, што гэта папярэджаньне ўсім цяперашнім і патэнцыяльным дыктатарам. Прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан вітаў пастанову Міжнароднага гаагскага трыбуналу наступным чынам:

(Клінтан:) «Гэта дапаможа нам прадухіліць будучыя ваенныя злачынствы з дапамогай вызначэньня тых, хто дае загады і хто будзе за іх адказваць. Цяпер сэрбскі народ дакладна зразумее, хто адказны за канфлікт, і хто яго працягвае. Пастанова трыбуналу гаворыць усяму сьвету, што справа, за якую мы змагаемся ў Косаве, справядлівая. Я зьвяртаюся да ўсіх народаў з заклікам падтрымаць пастанову трыбуналу і супрацоўнічаць зь ім у яе выкананьні».

Абвінавачаньне Мілошавіча ў ваенных злачынствах, сьцьвярджаюць скептыкі, змусіць яго яшчэ больш глыбока закапацца ў яго падземных бункерах, дзе ён у стане вытрымаць не адзін год, і працягваць вайну з НАТО да апошняга сэрбскага жаўнера ў Косаве. Тым больш, што па-ранейшаму, нягледзячы на вялізныя страты, сэрбская грамадзкая думка падтрымлівае яго ў справе абароны Косава.

Абвінавачаньне Мілошавіча можа зрабіць таксама непатрэбнай пасярэдніцкую місію былога расейскага прэм'ера Віктара Чарнамырдзіна, які сёньня зноў накіраваўся ў Бялград і вядзе перамовы менавіта з гэтым ваенным злачынцам.

Нягледзячы на ўсе гэтыя засьцярогі амэрыканцы перакананыя, што абвінавачаньне Мілошавіча нясе з сабой значна больш пазытыўных момантаў для мірнага працэсу. Былы міністар абароны ЗША Фрэнк Карлуччы на спэцыяльна скліканай у Вашынгтоне канфэрэнцыі выказвае наступную думку:

(Карлуччы:) «Абвінавачаньне Мілошавіча — добры крок зь дзьвюх прычынаў. Па-першае, ён заслугоўвае гэтага. Мілошавіч павінен адказаць за свае ўчынкі. Па-другое, перамовы зь ім будуць больш складаныя. І гэта добра таму, што раней Мілошавіч неаднойчы ішоў на паразуменьне, і раптам адмаўляўся ад яго. І таму я лічу, што перамовы зь Мілошавічам заўсёды давалі яму ініцыятыву, а нам толькі трэба было пераглядаць мэты НАТО. І ёсьць яшчэ адна праблема — праблема выкарыстаньня Расеі ў якасьці пасярэдніка. Чарнамырдзін нядаўна ў сваёй заяве сьцьвердзіў, што Расея не зьбіраецца бараніць інтарэсы НАТО, і я не разумею: чаму мы так доўга лічылі, што яна будзе гэта рабіць».

Ёсьць яшчэ адна думка, якая выказваецца на старонках заходняга друку. Абвінавачаньне Слабадана Мілошавіча ў ваенных злачынствах сымбалізуе сабой гатовасьць НАТО, і перш за ўсё ЗША, да наземнай ваеннай апэрацыі. Ёсць магчымасьць, што пастанова Гаагскага трыбуналу цалкам заблякуе мірны працэс і Захаду папросту не застанецца нічога іншага, як толькі зьбіраць войскі для наземнай апэрацыі. Магчыма, невыпадкова, што пастанова трыбуналу ў справе Мілошавіча супала ў часе з рашэньнем Рады амбасадараў НАТО падвоіць свой вайсковы кантынгент ля межаў Косава. Былы кіраўнік службы бясьпекі ЗША генэрал Ўільям Одам камэнтуе такія пляны:

(Одом:) «Я думаю, што наземная апэрацыя сёньня бліжэйшая, чымся ўчора. Але яна патрэбная. Посьпех наземнай апэрацыі залежыць ад таго, зь якіх кірункаў НАТО дазволіць сваім войскам наступаць на Сэрбію. Калі ваенная інтэрвэнцыя абмяжуецца толькі Косавам, гэта дасьць сэрбам значныя перавагі на мясцовасьці і абмяжуе перавагі нашых мабільных танкавых і матарызаваных частак. Калі будуць дадатковыя кірункі наступленьня, напрыклад з Вугоршчыны, дык я думаю, што ваенная апэрацыя вельмі хутка давядзе да перамогі».

Высьвятляецца, аднак, што з наземнай апэрацыяй усё ня так проста. Міністар замежных справаў Італіі Лямбэрта Дыні ўчора заявіў, што калі такая апэрацыя будзе праводзіцца, дык Італія выразна ад яе адмяжуецца. Ён таксама падкрэсьліў, што для італьянскага ўраду гэта будзе сымбалізаваць сабой агрэсію. Некалькі дзён таму падобную думку выказаў і канцлер Нямеччыны Герхард Шрэдэр. Тым часам некалькі тысячаў італьянскіх і нямецкіх жаўнераў знаходзяцца па дарозе на Балканы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG