Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 траўня 1999 г.


Мікола Іваноў, Прага

Сёньня Міжнародны трыбунал у Гаазе, які створаны ААН спэцыяльна дзеля перасьледу і пакараньня ваенных злачынцаў у былой Югаславіі, апублікаваў новы сьпіс падазроных асобаў. Усе яны абвінавачваюцца ў злачынствах супроць чалавецтва, зьдзейсьненых падчас вайны ў Косаве, а міратворчыя войскі ААН атрымалі ордэр на іх арышт. На 62-м месцы ў гэтым сьпісе фігуруе прозьвішча Слабадана Мілошавіча, прэзыдэнта Фэдэратыўнай Рэспублікі Югаславіі. Які ўплыў можа мець гэты крок міжнароднага грамадзтва на пэрспектывы мірнага ўрэгуляваньня на Балканах?

Ужо больш за дзесяць год запар прэзыдэнт Югаславіі Слабадан Мілошавіч выкарыстоўвае балканскі крызыс дзеля ўмацаваньня сваёй улады. З кожнай амаль што вайны — усе іх ён дарэчы прайграў — Мілошавіч выходзіў больш моцны і ўпэўнены ў сваіх сілах. Зь ягонай ідэі вялікай Сэрбіі, якая павінна была ўключаць у сябе сэрбскія раёны Харватыі і Босьніі-Герцагавіны, нічога ня выйшла. Больш таго, пераважная большасьць сэрбаў Харватыі і Босьніі самі пераўтварыліся ва ўцекачоў. Але Мілошавіч з кожнай паразы выходзіў больш моцны, таму што ён увесь час адыгрываў ролю, і трэба прызнаць нядрэнна адыгрываў, адзінага абаронцы і духовага кіраўніка сэрбаў.

І вось цяпер выглядае, што час ягоны палічаны. Міжнародны ваенны трыбынал у Гаазе абвінавачвае югаслаўскага прэзыдэнта ў ваенных злачынствах у Косаве.

Калі больш за два месяцы таму авіяцыя НАТО пачала бамбаваньне і ракетны абстрэл югаслаўскіх ваенных аб'ектаў, былі спадзяваньні, што гэта змусіць прэзыдэнта Мілошавіча прыпыніць рэпрэсіі супроць альбанскага насельніцтва. У адказ, аднак, югаслаўская армія пачала жорсткую кампанію перасьледу. Каля аднаго мільёну чалавек пераўтварыліся ва ўцекачоў. Сотні забітыя, расстраляныя, дзясяткі тысячаў прапалі бязь весткі.

Вядома, што загад у справе гэтых рэпрэсіяў аддаў Слабадан Мілошавіч. І вось цяпер яму давядзецца адказваць за свае дзеяньні. І адказваць перад высокімі судзьдзямі Міжнароднага ваеннага трыбуналу, які зьяўляецца аўтарытэтнай і шанаванай міжнароднай арганізацыяй, што працуе ў структуры ААН.

Дзяржаўны сакратар ЗША Мэдлін Олбрайт гэткім чынам ахарактарызавала супрацоўніцтва трыбуналу з амэрыканскім урадам:

(Олбрайт:) «Мы аказваем вялікую падтрымку дзейнасьці Міжнароднага ваеннага трыбуналу, як фінансавую, так і ў кадравай галіне. І калі старшыня трыбуналу судзьдзя Арбур знаходзілася тут у Злучаных Штатах, мы запэўнілі яе ў нашай падтрымцы, у падтрымцы той палітыкі, якую праводзіць трыбунал ад пачатку сваёй дзейнасьці да сёньняшняга дня.

Я са свайго боку падчас перамоваў падкрэсьліла, што сабраныя сьведчаньні аб ваенных злачынствах павінны быць выкарыстаныя для справядлівага судовага разьбіральніцтва. І я пераканая, што гэтую працу трэба працягваць. І я падкрэсьліла неабходнасьць судовых пастановаў у гэтых справах».

Калі Мілошавіча пасадзяць на лаву падсудных — гэта будзе трыюмфам справядлівага правасудзьдзя. Так лічыць бальшыня міжнародных палітычных аглядальнікаў. Але ёсьць і такія, хто сьцьвярджае, што гэты крок міжнароднага трыбуналу ў Гаазе яшчэ больш ускладніць і заблытае сытуацыю ў Косаве. Мілошавіча гэтым крокам як бы заганяюць у кут, не дазваляюць яму надалей удзельнічаць у мірным працэсе і зводзяць шансы мірнага паразуменьня да мінімуму.

Але старшыня Міжнароднага трыбуналу Луіза Арбур перакананая ў тым, што абвінавачаньне Мілошавіча зробіць сваё. У заяве з гэтай нагоды яна сьцьвердзіла:

(Арбур:) «22 траўня я выставіла на пасяджэньні трыбуналу абвінавачаньне супроць Слабадана Мілошавіча і чатырох іншых дзеячоў. Я абвінаваціла іх у злачынствах супроць чалавецтва, у прыватнасьці: у забойствах, дэпартацыях, перасьледзе і парушэньнях законаў і правілаў вядзеньня вайны. 24 траўня адказны судзьдзя трыбуналу згадзіўся са мной. Гэтае абвінавачаньне захоўвалася ў таямніцы да 12 гадзінаў сёньняшняга дня. Гэта было зроблена зь меркаваньняў бясьпекі, з прычыны знаходжаньня ў Югаславіі гуманітарнай місіі ААН, якая пакінула краіну сёньня раніцай».

Мілошавіч абвінавачаны не ў адзіноце. Разам зь ім Міжнародны гаагскі трыбунал хоча пасадзіць на лаву падсудных амаль усё бялградзкае кіраўніцтва. Луіза Арбур працягвае:

(Арбур:) «Абвінавачваюцца наступныя асобы: Слабадан Мілошавіч, прэзыдэнт Фэдэратыўнай Рэспублікі Югаславія, Мілан Мілуцінавіч, прэзыдэнт Сэрбскай Рэспублікі, Нікола Сайнавіч, віцэ-прэм'ер Фэдэратыўнай Рэспублікі Югаславія, Драгалюб Багданавіч, старшыня генэральнага штабу войска Фэдэратыўнай Югаславіі і Влайка Стоілкавіч, міністар унутраных справаў Сэрбскай Рэспублікі».

Як жа сам Мілошавіч адрэагаваў на гэткія абвінавачаньні? Пакуль што вядома, што ягоная рэакцыя наступная. Югаслаўскае інфармацыйнае агенцтва Танюг распаўсюдзіла інфармацыю пра тое, што Мілошавіч выступіў з заклікам неадкладна прыпыніць бамбаваньне і пачаць пошук мірнага рашэньня косаўскай праблемы.

Магчыма, такім чынам Мілошавіч хоча ратаваць сябе? Бо неаднойчы сьцьвярджалася, што зьмена ўлады ў Югаславіі — ключ да мірнага ўрэгуляваньня. А калі гэта так, ці здольны нехта ў Югаславіі ўзяць уладу з рук Мілошавіча? У якой сытуацыі знаходзіцца сэрбская апазыцыя? Каб знайсьці адказ на гэтае пытаньне, я пазваніў у Бялград у штаб-кватэру апазыцыйнай Дэмакратычнай Партыі. Да тэлефона падыйшла прэсавы сакратар партыі і член яе прэзыдыюму Аляксандра Яксімавіч. Вос, што яна расказала:

(Яксімавіч:) «Сытуацыя апазыцыі вельмі, вельмі цяжкая ў цяперашні момант. Гвалт пашыраецца па ўсёй краіне. Дзяржаўнае тэлебачаньне нават абвясьціла нашую партыю здрадніцай. Мы здраднікі разам з прэзыдэнтам Чарнагорыі Міла Дзюканавічам. Прычына гэтакага стаўленьня ў тым, што мы заклікаем да адказнасьці тых у нашай краіне, хто распачаў гэтую вайну, хто выклікаў пакуты народаў Югаславіі. Мясцовыя прадстаўніцтвы нашай партыі атакуюцца па ўсёй краіне. У Бялградзе нас закідвалі камянямі і сьмецьцем. Тое самае адбылося ў Новым Садзе. Ясна, што рэжым хоча знайсьці ахвярнага казла, якога можна было б абвінаваціць за сытуацыю ў краіне.

Старшыня нашай партыі Зоран Джынджыч цяпер знаходзіцца ў Чарнагорыі. Таму што мы баімся за ягонае жыцьцё. У Бялградзе яго маглі проста забіць. Цяпер ён знаходзіцца ў Чарнагорыі і працуе разам зь Міла Дзюканавічам».

Амаль усе буйныя сродкі масавай інфармацыі ў сьвеце цяпер абмяркоўваюць магчымасьць наземнай апэрацыі супроць Югаславіі. А ці абмяркоўваюць гэткую пэрспэктыву ў апазыцыйных колах Сэрбіі? Аляксандра Яксімавіч адказвае:

(Яксімавіч:) «Трэба абмяркоўваць усе магчымыя варыянты разьвіцьця сытуацыі. І мы тут сапраўды спадзяемся, што наземнай вайны ня будзе. Нашыя спадзяваньні базуюцца на некалькіх прычынах:

— па-першае, ахвяраў сярод вайскоўцаў будзе значна болей, чымся цяпер;
— па-другое, наземная вайна створыць магчымасьці для рэжыму яшчэ больш узмацніць свае рэпрэсіі супроць апазыцыі. Гэта будзе новай пагрозай для нашых членаў, для дэмакратыі ў Сэрбіі.
— па трэцяе, значна ўзрасьце колькасьць ахвяраў і пакутаў сярод цывільнага насельніцтва.

Таму я спадзяюся, што наземнай вайны ўсё-такі ня будзе».

Нягледзячы на гэткія спадзяваньні наземная вайна ў Косаве ўжо ідзе. Супроць сэрбскага войска яе вядзе Армія Вызваленьня Косава, якая ўчора паспрабавала пры падтрымцы натаўскай авіяцыі правесьці наступленьне ў раёне гораду Кукес з альбанскай тэрыторыі. Пры гэтым у апэрацыі ўдзельнічалі некалькі альбанскіх танкавых частак. Завязалася нават танкавая перастрэлка паміж сэрбамі і альбанцамі, але пасьля моцнага ўдару НАТО з паветра сэрбы вымушаныя былі замаўчаць. Падтрымка НАТО, аднак, не дапамагла. Пасунуцца на тэрыторыю Косава альбанцы ня здолелі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG