Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 траўня 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Сёньня Беларуская Асацыяцыя Журналістаў наладзіла прэсавую канфэрэнцыю з нагоды вынясеньня ДзяржКамДрукам папярэджаньня газэце «Навіны». Выдавец і галоўны рэдактар «Навінаў» Павал Жук заявіў, што верагоднасьць закрыцьця газэты вельмі вялікая. Недзяржаўнае выдавецтва «Полімарк», да якога Павал Жук мае непасрэднае дачыненьне, ужо зачыненае. ДзяржКамДрук пазбавіў «Полімарк» ліцэнзіі на паліграфічную дзейнасьць.

Адзіным матывам вынясеньня газэце другога за гэты год папярэджаньня ДзяржКамДруку галоўны рэдактар і выдавец газэты «Навіны» Павал Жук назваў набліжэньне 20 ліпеня — тэрміну сканчэньня 5-гадовых паўнамоцтваў прэзыдэнта Лукашэнкі. Выдавец лічыць, што кіраўнік ДзяржКамДруку Міхаіл Падгайны, якога Жук назваў «камсамольскім халопам», выконвае загад вышэйшага кіраўніцтва. Тымі самымі матывамі кіраваўся ДзяржКамДрук, калі скасаваў 20 траўня ліцэнзію на паліграфічную дзейнасьць недзяржаўнага выдавецтва «Полімарк». Кіраўнік гэтай друкарні Зьміцер Капцелін паведаміў на прэсавай канфэрэнцыі, што 10 траўня — яшчэ да прэзыдэнцкіх выбараў — у выдавецтве быў праведзены ператрус, але нічога не было знойдзена. Тым ня менш выдавецтва было абвінавачана ў друкаваньні ўлётак, бюлетэню «Хартыі-97» і часопіса «Фабрык Думак». На гэтай падставе і была скасаваная ліцэнзія.

У папярэджаньні «Навінам» газэта абвінавачваецца ў «распальваньні сацыяльнай варожасьці», прыкметы якой ДзяржКамДрук убачыў у фэльетоне Аляксандра Дубравіна «Карбункулы законнасьці», які прысьвечаны беларускім міліцыянтам.

Аляксандар Дубравін прысутнічаў на прэсавай канфэрэнцыі. У фэльетоне выкарыстоўваецца лексыка, якая мяжуе зь нецэнзурнай лаянкай. Аўтар Дубравін дзеліцца сваімі асацыяцыямі з нагоды словазлучэньня афіцэр міліцыі: «Пры словах афіцэр міліцыі ў галаве ўзьнікае вобраз пакамячанага даўно ня голенага дзядзькі з чырвоным тварам у нагавіцах з выцягнутымі каленкамі, абвіслай прарэхай-матнёй зь невялікім партатыўным пузам і кабурой, набітай ватай і г.д.» Зразумела, што гэтая лексыка не магла пакінуць абыякавым ДзяржКамДрук.

Галоўны рэдактар «Навінаў» Жук заявіў на прэсавай канфэрэнцыі, што газэта будзе зьвяртацца ў Найвышэйшы Гаспадарчы Суд з скаргай на папярэджаньне ДзяржКамДруку, але тут жа дадаў, што, улічваючы папярэдні досьвед, суд наўрад ці задаволіць хадайніцтва газэты. Як толькі будзе вынесенае рашэньне суду, газэта аўтаматычна будзе лічыцца зачыненай. Павал Жук ня выключыў, што аналягічнае папярэджаньне бліжэйшым часам атрымаюць іншыя недзяржаўныя газэты.

Нагадаю, што ў лютым шэсьць недзяржаўных выданьняў атрымалі папярэджаньне ДзяржКамДруку за друкаваньне матэрыялаў ЦэнтарВыбарКаму з фармулёўкай «за заклікі да гвалтоўнага захопу ўлады». Усе скаргі на лютаўскія дзеяньні ДзяржКамДруку суд адхіліў. Няма падставаў меркаваць, што цяпер і Найвышэйшы Гаспадарчы Суд і ДзяржКамДрук будуць выкарыстоўваць іншую тактыку.

Старую і ўжо адпрацаваную тактыку хутчэй за ўсё выкарыстае і Павал Жук. Пасьля закрыцьця газэты «Свабода» калектыў выданьня пачаў выдаваць газэту пад назвай «Навіны». Цяпер, паведаміў Павал Жук, ягоны сын Зьміцер Жук зарэгістраваў на сваё імя газэту «Наша Свабода». Аднак варыянт выхаду газэты пад новай назвай Павал Жук назваў непажаданым, бо пацерпяць падпісчыкі. Аднак іншага выйсьця ў газэты ў выпадку закрыцьця ня будзе.

Найбольш верагодна, што празь месяц у Беларусі зьявіцца старое новае выданьне «Наша Свабода».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG