Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 траўня 1999 г.


Віталь Тарас, Менск

Першая рэакцыя беларускага МЗС на рашэньне Літвы адмовіцца ад стварэньня агульнай энэргетычнай сыстэмы краінаў Балтыі, Беларусі й Расеі аказалася вельмі асьцярожнаю. На сёньняшнім брыфінгу ў МЗС было заяўлена пра жаданьне Беларусі надалей разьвіваць двухбаковыя дачыненьні зь Літоўскай Рэспублікай.

Прэсавы сакратар міністра замежных справаў Беларусі Мікалай Барысевіч распавёў напачатку пра візыт першага намесьніка міністра Сяргея Мартынава ў Вільню, які адбыўся на мінулым тыдні. Як нагадаў прэсавы сакратар, Мартынаў правёў кансультацыі з адным з намесьнікаў міністра замежных справаў Літвы, а перад гэтым сустрэўся з кіраўніком зьнешнепалітычнага ведамства краіны Саўдаргасам. Паводле Барысевіча, галоўнай тэмай кансультацыяў была выплата беларускім бокам запазычанасьці за электраэнэргію. Закраналася і тэма двухбаковага супрацоўніцтва ў стварэньні памежнай інфраструктуры, у прыватнасьці па будове новых памежных пунктаў пропуску на дзяржаўнай мяжы ў рамках эўрапейскай праграмы PHARE. Акрамя таго йшла размова пра трансмежавыя перавозкі, забесьпячэньне транспартнай сувязі Беларусі з марскім портам у Клайпедзе, што магло б паспрыяць у будучыне разьвіцьцю гандлю эўрапейскага саюзу з краінамі Ўсходняй Эўропы.

Як вядома, Літва апошнім часам займае дастаткова жорсткую пазыцыю ў пытаньні выплаты запазычанасьці за электраэнэргію, што пастаўляецца ў Беларусь. Таму ўсіх цікавіла рэакцыя МЗС Беларусі на ўчорашнюю заяву літоўскага ўраду, які рэзка нэгатыўна паставіўся да магчымай дамовы аб стварэньні агульнай энэргетычнай сыстэмы з удзелам Беларусі, Расеі, Латвіі, Эстоніі й Літвы. Гэтая дамова была названая спробай уцягнуць краіны Балтыі ў структуры СНД. Мікалай Барысевіч выказаўся ў тым сэнсе, што Беларусь цяпер акцэнтуе ўвагу перш за ўсё на двухбаковых стасунках зь Літвой. Ён падкрэсьліў, што беларускі бок, паводле ягоных словаў, цяпер своечасова расплочваецца за бягучыя пастаўкі электраэнэргіі, а таксама паступова разьлічваецца і за ранейшую пазыку.

У сувязі зь беларуска-літоўскімі дачыненьнямі на брыфінгу прагучала пытаньне наконт звароту прэзыдэнта Лукашэнкі да прэзыдэнта Адамкуса. Як вядома, Лукашэнка выказаў просьбу даць магчымасьць аднаму з былых камуністычных дзеячаў — Буракявічусу — прыехаць лячыцца ў Беларусь. Нагадаем, што Буракявічус некаторы час пасьля вядомых падзеяў 1991 году хаваўся ад літоўскіх уладаў у Менску, але з дазволу тагачаснага кіраўніцтва Беларусі быў вывезены ў Вільню, дзе адбывае пакараньне паводле рашэньня суду. Прапанова Лукашэнкі некалькі тыдняў таму была шырока растыражаваная афіцыйнымі СМІ, і толькі пазьней амбасадар Беларусі ў Вільні Гаркун перадаў афіцыйнае пасланьне Лукашэнкі ў канцылярыю літоўскага прэзыдэнта. Прэсавы сакратар Барысевіч аднак сказаў сёньня, што яму нічога не вядома наконт рэакцыі літоўскага боку на гэтую ініцыятыву.

Тым часам прэзыдэнт Беларусі атрымаў запрашэньне наведаць з афіцыйным візытам Аб'яднаныя Арабскія Эміраты. Гэтая прапанова была выказаная ў часе візыту міністра замежных справаў Беларусі Латыпава ў сталіцу гэтай краіны Абу-Дабі. У рамках паездкі, якая распачалася ўчора, беларуская дэлегацыя на чале з Уралам Латыпавым наведае таксама суседнія з Эміратамі Бахрэйн і Катар.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG