Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 траўня 1999 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Скандал у Вільні, зьвязаны з учорашняй адмовай літоўскіх уладаў увайсьці ў супольную з Расеяй энэргетычную сыстэму, між іншым закранае і інтарэсы Беларусі. Рэч у тым, што Масква й Менск апошнім часам актывізавалі свае дзеяньні ў энэргетычнай інтэграцыі.

Падставай для актывізацыі беларуска-расейскіх энэргетычных стасункаў сталася леташняя дэклярацыя прэзыдэнтаў Барыса Ельцына і Аляксандра Лукашэнкі аб утварэньні ў 1999 годзе саюзнай дзяржавы. У адпаведнасьці з гэтым дакумэнтам за 25 сьнежня 1998 году, кіраўнікі Беларусі й Расеі даручылі сваім урадам ужо ў першым квартале сёлета стварыць аб'яднаную энэргетычную сыстэму.

Прэзыдэнт дзяржаўнага канцэрну «Белэнэрга» Валянцін Герасімаў і старшыня праўленьня расейскага акцыйнага таварыства «ЕС Расеі» Анатоль Чубайс, трэба сказаць, прынялі згаданую каманду да выкананьня і за кароткі тэрмін падрыхтавалі праект двухбаковага пагадненьня аб утварэньні аб'яднанай сыстэмы.

Як паведаміў днямі сродкам масавай інфармацыі галоўны энэргетык Беларусі сп. Герасімаў, гэты праект ужо прайшоў узгадненьне ў Маскве й Менску і пададзены на разгляд «выканкаму саюзу». Ня выключана, што дакумэнт аб стварэньні адзінай энэргетычнай сыстэмы Беларусі й Расеі будзе падпісаны ўжо на найбліжэйшым паседжаньні выканаўчага воргану «двойкі». Прынамсі кіраўнікі энэргасыстэмаў Герасімаў і Чубайс нават пры ўмове падпісаньня інтэграцыйнага дакумэнту, здаецца, разумеюць цяжкасьці яго практычнага ўвасабленьня ў жыцьцё. Ва ўсялякім разе кіраўнік энэргетычнай галіны Беларусі публічна зазначыў, што аб'ядноўвацца давядзецца на падставе аднолькавых правілаў гульні, а менавіта — адзінага заканадаўства, тарыфаў ды маёмаснага статусу.

Між тым цяпер на кожным з гэтых кірункаў шмат праблемаў. Напрыклад, расейскай энэргетыкай валодаюць акцыянэры, а беларускай — выключна дзяржава. Ці пагодзіцца Аляксандар Лукашэнка на разьдзяржаўленьне галіны, якая займае ключавое становішча ў эканоміцы краіны? Пытаньне зусім не рытарычнае. Тым болей, што пры свабодным абарачэньні беларускіх акцыяў ня выключаны ператок іх у рукі каманды Анатоля Чубайса, да якога ў кіраўніка Беларусі асабліва непрыязнае стаўленьне.

Пабудова адзінай энэргетычнай сыстэмы патрабуе ад Масквы й Менску правядзеньня і адзінай тарыфнай палітыкі. Прэзыдэнт «Белэнэрга» Валянцін Герасімаў мусіў прызнаць, што на сёньняшні дзень тут паміж беларусамі й расейцамі існуе шмат супярэчнасьцяў. Паводле ягоных словаў, збліжэньне тарыфнай палітыкі патрабуе ад беларускіх энэргетыкаў змаганьня за кожную дзясятую долю цэнта. Пры гэтым сп. Герасімаў чамусьці безапэляцыйна заяўляе: «Інтэграцыя з расейскай энэргасыстэмай выгадная для Беларусі».

Што тычыцца паводзінаў кіраўніка расейскай энэргетычнай манаполіі «ЕС Расеі» Анатоля Чубайса і ягоных паплечнікаў, дык яны зразумелыя: Беларусь — гэта выдатны калідор для выгаднага бізнэсу расейскіх энэргетыкаў. З дапамогай беларускіх энэргасетак расейцы могуць пераганяць на Захад сваю электраэнэргію ды атрымвасць за кошт таннага беларускага транзыту гіганцкія прыбыткі.

Відавочна, што ў расейскіх інтарэсах прыбраць да рук і транзытныя сыстэмы балтыйскіх дзяржаваў, у тым ліку, зразумела, і літоўскую. Учорашні скандал у Вільні, зьвязаны з адмовай Літвы падпісаць энэргетычнае пагадненьне краінаў «паўночна-заходняга рэгіёну» — гэта рэакцыя свабоднай краіны на дыктат Масквы.

Сёньняшняя Беларусь відавочна на такі крок ня здатная. Як у іншых сфэрах, у энэргетыцы яна, на думку назіральнікаў, даволі цьмяна ўсьведамляе свае нацыянальныя інтарэсы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG