Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 траўня 1999 г.


Уладзімер Глод, Менск

Ініцыятыва старшыні адмысловай рабочай групы па Беларусі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ Адрыяна Сэвэрына аб правядзеньні ў Бухарэсьце нефармальных перамоваў, якую ён упершыню агучыў 10 дзён таму ў Менску, атрымала свой працяг. Што робіць АБСЭ для зьмены сытуацыі ў Беларусі?

10 дзён таму, падчас свайго візыту ў Менск, кіраўнік адмысловай рабочай групы па Беларусі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ Адрыян Сэвэрын упершыню агучыў новую ініцыятыву гэтай міжнароднай арганізацыі — правесьці ў канцы чэрвеня ў Бухарэсьце нефармальныя перамовы з удзелам беларускіх афіцыйных уладаў, апазыцыі і так званага трэцяга сэктару — грамадзкіх арганзіацыяў. Неабходнасьць такой сустрэчы сп. Сэвэрын тлумачыў усім, з кім ён сустракаўся ў Менску тым, што пакуль у АБСЭ бачаць як найлепшы выхад з крызыснай сытуацыі ў Беларусі правядзеньне свабодных і справядлівых выбараў у нашай краіне. Таму кіраўнік групы і патлумачыў, што перамовы ня будуць выходзіць за межы гэтага пытаньня.

І яшчэ дзьве рэчы тлумачыў сп. Сэвэрын. Першае: што сустрэча павінна адбыцца да 20 ліпеня, і другое: Румынія — ягоная бацькаўшчына, тут ён працаваў міністрам замежных справаў і тут яму лягчэй стварыць неабходныя ўмовы для дыялёгу.

І вось сёньня прыйшло паведамленьне: АБСЭ прапануе правесьці перамовы 11-13 чэрвеня. Папярэдняя праграма сустрэчы выглядае так:

11.06 — Першая пленарная сэсія з выступамі і агульнай дыскусіяй;
12.06 — Тры сустрэчы па трох тэмах: заканадаўчая ўлада, сродкі масавай інфармацыі, выбары;
13.06 — Выніковая сэсія па трох сустрэчах і абмеркаваньне высноваў, якія плянуецца зрабіць.

Да гэтага пляну прыкладаецца і сьпіс удзельнікаў перамоваў. Ад афіцыйнай групы яго ўзначальвае Ўладзімер Канаплёў, намесьнік старшыні «палаты прадстаўнікоў». Затым у сьпісе ідуць прозьвішчы спсп. Кулакоўскага і Красуцкага з той самай «палаты», Абрамовіча ад адміністрацыі прэзыдэнта, Вітко ад Фэдэрацыі Прафсаюзаў, Ярмошынай ад ЦэнтарВыбарКаму, Васілевіча ад Канстытуцыйнага Суду ды іншых. У сьпісе апазыцыі — восем асобаў. Тут — дэпутаты Домаш, Калякін, Лябедзька, Грыб, Лявон Баршчэўскі ад Беларускага Народнага Фронту, Валеры Ціхіня як былы старшыня Канстытуцыйнага Суду, Аляксандар Сасноў ад Нацыянальнага Выканаўчага Камітэту і Мікалай Статкевіч — лідэр Сацыял-Дэмакратычнай Партыі «Народная Грамада». У сьпісе трэцяга сэктару — таксама восем прозьвішчаў, у тым ліку Андрэя Саньнікава, Тацяны Процькі, Алега Манаева ды ішных.

Вядома, адразу кідаецца ў вочы, што сярод запрошаных няма першых асобаў пэўнага ўзроўню. Напрыклад, Шарэцкага і Малафеева. Ёсьць Ярмошына, але чамусьці няма Ганчара. А пытаньні сродкаў масавай інфармацыі будуць амбяркоўваць хто заўгодна, але не прафэсійныя журналісты.

Адчуваецца, што арганізатары сустрэчы сьпяшаліся. І ў гэтым сэнсе іх можна зразумець — час ляціць, а Эўропа ня мае агульнай пазыцыі ў пытаньні што рабіць пасьля 20 ліпеня, якія трэба прымаць захады. Таму заплянаваныя ў сталіцы Румыніі перамовы выглядаюць як спроба Эўропы — перш за ўсё АБСЭ — яшчэ раз убачыць, на якія крокі гатовыя беларускія ўлады і беларуская апазыцыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG