Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 траўня 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Сёньня газэта «Навіны» атрымала другое за гэты год папярэджаньне ДзяржКамДруку, што на практыцы можа азначаць закрыцьцё газэты.

Як паведаміў нашаму радыё намесьнік галоўнага рэдактара газэты «Навіны» Мікалай Халезін, сёньня праз пошту газэта атрымала другое за гэты год папярэджаньне ДзяржКамДруку, у якім выданьне гэтым разам абвінавачваецца ў распальваньні сацыяльнай варожасьці. Гаворка йдзе пра матэрыял журналіста Аляксандра Дубравіна «Карбункулы законнасьці», надрукаваны два тыдні таму. У артыкуле выказваюцца ацэнкі дзейнасьці беларускіх міліцыянтаў, якія, як сказана ў артыкуле, «ня б'юць маніфэстантаў, выконваюць закон і г.д.». У гэтым ДзяржКамДрук убачыў прыкметы распальваньня сацыяльнай варожасьці.

Як заявіў намесьнік галоўнага рэдактара «Навінаў» Мікалай Халезін, рэдакцыя зьвернецца ў суд, каб абскардзіць вынесенае папярэджаньне.

У самім ДзяржКамДруку атрымаць камэнтар так і не ўдалося. Старшыня гэтай установы Міхаіл Падгайны ў адпачынку, ягоны намесьнік Уладзімер Глушакоў пра папярэджаньне даведаўся ад мяне.

(Карманаў:) Калі газэта атрымала другое папярэджаньне, то ёсьць падставы для яе закрыцьця — паводле беларускага заканадаўства. Ці зьбіраецца ДзяржКамДрук ініцыяваць гэты працэс?

(Глушакоў:) «Я не гатовы да размовы, таму што я проста ня ведаю... вот-эээ... папярэджаньне... калі гэта за маім подпісам... але, здаецца, я не рабіў пакуль што такога подпісу, так скаць... вот і назву артыкулу што-та не зусім, так скаць... вот... Вы паглядзіце, хто падпісваў вам папярэджаньне, а потым, так скаць, вот...»

Як удалося даведацца не ў ДзяржКамДруку, папярэджаньне падпісаў Міхаіл Падгайны, шэф гэтай установы.

Разам з тым, паводле беларускага заканадаўства, пасьля вынясеньня двух папярэджаньняў ДзяржКамДрук мае права закрыць выданьне. Ці будзе ДзяржКамДрук ініцыяваць гэты працэс — пакуль не вядома.

У рэдакцыі «Навінаў» паведамілі, што да гэтага варыянту разьвіцьця падзеяў газэта падрыхтавалася. Ужо зарэгістраванае новае выданьне пад назвай «Наша Свабода». У выпадку закрыцьця газэты «Навіны» калектыў рэдакцыі пачне выдаваць газэту пад новай назвай.

Першае сёлетняе папярэджаньне газэта «Навіны» атрымала 10 лютага. Папярэджаньне было вынесенае за надрукаваньне газэтай матэрыялу ЦэнтарВыбарКаму пра травеньскія прэзыдэнцкія выбары. Абскарджаньне рашэньня ДзяржКамДруку ў Найвышэйшым Гаспадарчым Судзе было не на карысьць газэты. 13 траўня суд адхіліў скаргу газэты. «Няма падставаў спадзявацца, што Найвышэйшы Гаспадарчы Суд зараз вынясе іншае рашэньне», — гавораць у рэдакцыі «Навінаў».

Разам з тым намесьнік галоўнага рэдактара выказаў меркаваньне, што пытаньне з закрыцьцём газэты будзе вырашацца да 20 ліпеня — тэрміну сканчэньня паўнамоцтваў прэзыдэнта Лукашэнкі.

Сыходзячы з папярэдняга досьведу — у лютым некалькі недзяржаўных выданьняў сынхронна атрымалі папярэджаньні ДзяржКамДруку — можна меркаваць, што бліжэйшымі днямі гэтая сытуацыя паўторыцца.

XS
SM
MD
LG