Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 траўня 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Крымінальная справа паводле факту зьнікненьня экс-міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі дагэтуль ня ўзбуджаная — пацьвярджаюць у менскай гарадзкой міліцыі. Тым часам грамадзкасьць выказвае незадаволенасьць тым, як вядуцца пошукі Захаранкі, і зьвяртаецца з спэцыяльнай заявай да беларускіх уладаў і сілавых ведамстваў.

Ужо амаль дваццаць дзён вядуцца пошукі былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі, аднак вынік гэтых пошукаў несуцяшальны для родных экс-міністра і ўсіх, хто занепакоены ягоным лёсам.

Захаранка зьнік прыкладна а 22-ой гадзіне 7 траўня, і дзе ён знаходзіцца ды ўвогуле ці жывы — невядома. Пэўны час пасьля здарэньня палітычныя аднадумцы Захаранкі меркавалі, што ўлады ізалявалі яго на час правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў і выпусьцяць як толькі яны завершацца. Але вось ужо тыдзень не гучаць выбарчыя баталіі, а пра Захаранку нічога не чуваць.

Афіцыйныя дзеяньні, дарэчы, так і ня выйшлі за межы звычайных пошукаў, якія прадпрымаюцца адпаведнымі міліцэйскімі структурамі, калі зьяўляюцца зьвесткі пра зьнікненьне чалавека. Гэтая інфармацыя бярэцца да ведама ў райаддзелах міліцыі, зьвесткі заносяцца ў базу дадзеных аддзелу пошукаў гарадзкой міліцыі, але нейкія спэцыяльныя мерапрыемствы ў пошуку праводзяцца толькі калі ўзбуджаная крымінальная справа. Гэтак патлумачылі мне ў прэсавай службе менскай міліцыі.

Якія гэта могуць быць мерапрыемствы — бачна з гэткага прыкладу: другі дзень уся менская міліцыя паднятая на ногі і шукае невядомага, які ўчора раніцай застрэліў дзяжурнага міліцыянта Леаніда Касабуцкага. Факт вельмі сумна, нельга ня выказаць спачуваньня родным нябожчыка і ягоным калегам. Аднак гэтак жа нельга ня выказаць зьдзіўленьня абыякавасьцю, якую ўлада і тая самая менская міліцыя 20 дзён дэманструе адносна лёсу экс-міністра ўнутраных справаў Захаранкі. Каб яго знайсьці, не паднімалася па трывозе ня тое што адна міліцэйская частка — увогуле ніводзін міліцыянт ня быў патурбаваны. Дагэтуль ня ўзбуджаная нават крымінальная справа паводле факту зьнікненьня былога міністра, што мне пацьвердзілі ў прэсавай службе гарадзкой міліцыі з спасылкай на крымінальны вышук Кастрычніцкага раёну, на тэрыторыі якога адбылося здарэньне.

Аднадумцы Юрыя Захаранкі гэткай пазыцыяй уладаў абураныя і заяўляюць пра свае падазрэньні ў тым, што кіраўніцтва краіны і яе спэцслужбы зацікаўленыя, каб праўда пра здарэньне з Захаранкам ніколі ня стала вядомая.

Сёньня калега Захаранкі ў справе стварэньня Саюзу Афіцэраў Уладзімер Барадач пашырыў празь незалежны друк зварот ад імя аргкамітэту Саюзу Афіцэраў: «Мы патрабуем ад уладаў афіцыйнай заявы аб прычынах затрыманьня Захаранкі альбо пацьверджаньня, што ўлада і дзяржаўныя спэцслужбы ня маюць дачыненьня да гэтага факту. Патрабуем таксама тэрміновага ўзбуджэньня крымінальнай справы паводле факту зьнікненьня Юрыя Захаранкі».

Між тым, нагадаем, гэта ўжо ня першае катэгарычнае патрабаваньне прадстаўнікоў грамадзкасьці да ўладаў адносна Захаранкі. З аналягічнай заявай ужо зьвярталася грамадзкая камісія ў справе пошукаў былога міністра, праваабарончыя ды іншыя арганізацыі. Не дапамагло. Міліцыю нават не зацікавілі паказаньні сьведкаў, якія бачылі, як Захаранку схапілі і зацягнулі ў «Жыгулі» асобы ў цывільным — канстатуе старшыня грамадзкай камісіі ў справе пошукаў Захаранкі былы сьледчы Алег Волчак. Паводле ягоных словаў, намаганьнямі камісіі былі запісаныя на стужку паказаньні ажно трох сьведкаў захопу Захаранкі, аднак гэтыя дадзеныя засталіся незапатрабаваныя.

XS
SM
MD
LG