Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 траўня 1999 г.


Уладзімер Глод, Менск

Малойчыкі з расейскай нэафашысцкай арганізацыі «Русское Национальное Единство», якія цяпер адкрыта дзейнічаюць у Беларусі, зрабілі яшчэ адзін крок да сваёй легітымізацыі. Яны зьвярнуліся ў Міністэрства Юстыцыі з просьбай зарэгістраваць іхнае аб'яднаньне ў Беларусі.

Рэгістрацыяй грамадзкіх арганізацыяў у Беларусі афіцыйна займаецца Міністэрства Юстыцыі. У ягоных структурах дзеля гэтага ўтвораная адмысловая Ўправа грамадзкіх аб'яднаньняў. Кіраўнік гэтай управы Міхаіл Сухінін сёньня ў гутарцы са мною пацьвердзіў: дакумэнты ад «Русского Национального Единства» з просьбаю зарэгістраваць гэтае аб'яднаньне ў Беларусі атрыманыя. Згодна з дакумэнтамі, структуры РНЕ дзейнічаюць ня толькі ў Менску, пра што ўжо ўсе добра ведаюць, але і ў іншых гарадох, у прыватнасьці ў Берасьці й Кобрыне, Гомлі й Баранавічах, Віцебску, Магілеве, нават у такім параўнальна невялічкім горадзе, як Крупкі.

Я пацікавіўся ў сп. Сухініна — як ён ставіцца да РНЕ? У адказ я пачуў, што ён як дзяржаўны чыноўнік на сваёй пасадзе павінен падыходзіць да пытаньня нэўтральна, перш-наперш зь юрыдычнага боку. У гэтым сэнсе ў яго ёсьць пэўныя прэтэнзіі да дзейнасьці арганізацыі РНЕ. У прыватнасьці з Кобрыну прыйшла інфармацыя пра тое, што лідэр мясцовых нэафашыстаў абвінавачваецца ў ганеньнях супраць гэбраяў і цыганоў, што тут жывуць. Калі гэтыя факты пацьвердзяцца — а паводле кіраўніка ўправы, яны цяпер якраз і правяраюцца — дык тады такія дзеяньні будуць сьведчыць пра парушэньне беларускага заканадаўства. А гэта ў сваю чаргу можа прывесьці да адмоўнага адказу ініцыятарам рэгістрацыі.

Аднак перад тым, як вынесьці вэрдыкт — адмоўны або станоўчы — Міністэрства Юстыцыі накіравала на экспэртызу рэгістрацыйныя дакумэнты РНЕ, а таксама пэўныя матэрыялы аб дзейнасьці гэтай арганізацыі. Сп. Сухінін адмовіўся даць даведку пра тое, хто будзе выступаць у ролі аналітыкаў-экспэртаў. Але ад добра інфармаваных людзей я даведаўся і пра гэта: у якасьці «трацейскага судзьдзі» будуць выступаць супрацоўнікі Дзяржаўнага Камітэту Рэспублікі Беларусь у справах рэлігіі і нацыянальных меншасьцяў. Ад іхнага заключэньня будзе залежаць шмат чаго, калі ня ўсё, бо кожны разумее — адна справа, калі дзеяньні актывістаў РНЕ будуць ацэненыя як спрыяньне распальваньню нацыянальнай варожасьці, і зусім іншая справа, калі такія самыя дзеяньні будуць характарызавацца як «узмацненьне інтэграцыі двух братніх славянскіх народаў».

А пакуль прадстаўнікі расейскай нацыянальнай арганізацыі свабодна раздаюць каля ўваходу ў розныя станцыі менскага мэтро газэты з выступам свайго лідэра Аляксандра Баркашова, правакацыйныя ўлёткі. Яны паводзяць сябе нахабна, часам нават не хаваюць значкі з выявай свастыкі. Варта згадаць і пра іхныя правакацыі падчас масавых акцыяў «Чарнобыльскі Шлях», калі правакатары накідваліся на ўдзельнікаў маніфэстацыяў, білі шыбы ў прылеглых дамах. Дружыньнікі Беларускага Народнага Фронту затрымлівалі экстрэмістаў і перадавалі іх міліцыі. Аднак у дачыненьні да іх не былі распачатыя ня толькі крымінальныя, але нават адміністрацыйныя справы, а вінаватых адразу адпускалі зь міліцыі.

Ня дзіўна, што Беларусь нароўні з такімі рэгіёнамі Расеі, як Краснадарскі край, ператвараецца ў пляцдарм РНЕ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG