Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 траўня 1999 г.


«НАТO не прыпыніць нанясеньне бомбавых удараў па Югаславіі, нягледзячы на патрабаванні гэта зрабіць», — заявіў сёньня галоўнакамандуючы войскмі альянсу Ўэслі Кларк. На думку Кларка, удары даказалі сваю эфэктыўнасьць: Мілошавіч адчувае, што ён прайграе. Паводле агенцтва Associated Press, сэрбскі ўрад выказаў сваю гатовасьць уступіць у перамовы з НАТО і краінамі васьмёркі пра ўмовы спыненьня бамбаваньня.

Наплыў косаўскіх альбанцаў на мяжу з Македоніяй зноў дасягае рэкордных памераў: больш як дзесяць тысячаў за адзін дзень. Паводле гэтых лічбаў, назіральнікі мяркуюць, што па ўсёй верагоднасьці, югаслаўскія сілы завяршаюць ачыстку косаўскай сталіцы Прышціны ад альбанскіх жыхароў. Да вайны яго насельніцтва складала 250 тысячаў.

Гуманітарныя арганізацыі паведамляюць, што ўцекачы ў многіх лягерах знаходзяцца ў экстрэмальных умовах — часам да 150 чалавек у адной палатцы. Македонскія ўлады прымаюць іх з усё большай неахвотай і настойваюць на тым, каб яны былі эвакуаваныя ў іншыя краіны, напрыклад, ЗША. New York Times сёньня прыводзіць сьведчаньне аднаго з уцекачоў, Ісы Гусані, што адразу па перасячэньні мяжы з Македоніяй іхнай групе было прапанавана сесьці ў аўтобус, які накіроўваўся ў Альбанію. Тыя, хто ня хоча ў аўтобус, будуць вернутыя назад, у Косава, так, паводле словаў Гусані, гаварыў паліцыянт.

У Македонію, дзе жыве 2 мільёны чалавек, з пачатку вайны прыбыло ўжо каля 240 тысячаў косаўскіх уцекачоў, каля 20 тысячаў зь іх — на працягу апошніх трох дзён. Урад краіны заклапочаны тым, што гэта можа парушыць этнічны балянс самой Македоніі, аднак прадстаўнікі тутэйшай альбанскай меншасьці настойваюць на захаваньні правоў сваіх суродзічаў і захаваньні міжнароднага заканадаўства аб наданьні прытулку. Так, прадстаўнік македонскага кааліцыйнага ўраду Арбэн Джэфары заявіў, што ён працягвае расьследаваньне фактаў, калі ў начы зь нядзелі на панядзелак улады спрабавалі прымусова вывезьці групу ўцекачоў у Альбанію.

На мяжы з Альбаніяй, паводле зьвестак газэты Financial Times, працягвае свае апэрацыі Косаўская Вызвольная Армія. Яе атрады вядуць баі з тым, каб прабіцца да тых падраьздзяленьняў, што дзейнічаюць глыбей на тэрыторыі Косава. Разам з тым, ні самі косаўскія альбанцы, ні прадстаўнікі НАТО пакуль не знайшлі тлумачэньня — чаму ў выхадныя дні сэрбы выпусцілі каля тысячы мужчынаў-альбанцаў вайсковага ўзросту. Раней яны былі вылучаныя з калёнаў уцекачоў і утрымліваліся пад арыштам. Вось сьведчаньні аднаго з вызваленых альбанцаў: «Яшчэ 5 тысячаў зьняволеных засталіся ў Косаве, і мы занепакоеныя іх лёсам, мы баімся, што ў месцы іх зьняволеньня могуць патрапіць бомбы з натаўскіх самалётаў. НАТО павінна быць вельмі і вельмі асьцярожным у выбары цэляў, выбіраць правільныя цэлі для агню, улічваючы тое, што альбанскія жанчыны і дзеці утрымліваюцца ў вялікіх памяшканьнях, куды могуць патрапіць бомбы».

Іншы з вызваленых альбанцаў засьведчыў, як шмат намаганьняў сэрбскія сілы прыкладаюць дзеля нэўтралізацыі Косаўскай Вызвольнай Арміі: «Сэрбы пыталіся ў нас, ці не зьяўляемся мы байцамі Косаўскай Вызвольнай Арміі, яны пагражалі забіць нас, калі мы ня скажам праўду. Яны таксама пыталіся — чаму вы прасілі НАТО ваяваць супраць Сэрбіі? Яны агітавалі нас далучыцца да сэрбскага боку і стаць сэрбамі».

Адзін з маладых альбанцаў, якому ўдалося застацца жывым пасьля затрыманьня сэрбскімі баевікамі з так званай брыгады Аркана, сказаў, што яму прыйшлося заплаціць як выкуп 300 нямецкіх марак. Два іншыя маладыя альбанцы, якія ня мелі такой сумы, былі расстраляныя.

Паводле зьвестак гуманітарных арганізацыяў, яшчэ каля паўмільёна этнічных альбанцаў застаюцца на тэрыторыі правінцыі выгнаныя з сваіх дамоў.

У Бялградзе з пачаткам трэцяга месяца бамбаваньня, як заўважае газэта Washington Post, настрой рэзкага адпору НАТO зьмяніўся стомленасьцю жыхароў. Многія ўспрымаюць пастаянную адсутнасьць электрычнасьці толькі як сьведчаньне, што мэта альянсу — не выгнаньне югаслаўскіх войскаў з Косава, але пакараньне грамадзянскага насельніцтва і разбурэньне краіны, піша Washington Post. Газэта прыводзіць словы лідэра апазыцыйнай Новай дэмакратычнай партыі Душана Міхайлавіча: «Жыхары Бялграду ня лічаць сябе адказнымі за тое, што адбываецца ў Косаве. Для большасьці гэта абсурдная сытуацыя, тлумачэньне якой яны ня могуць знайсьці». Раней Душан Міхайлавіч быў прыхільнікам далучэньня Югаславіі да НАТО.

Паводле амэрыканскіх прадстаўнікоў, падчас бомбавых удараў на працягу двух месяцаў з ужытку было выведзена каля 80% энэргасыстэмы Сэрбіі. Калі раней для гэтага ўжываліся графітавыя бомбы, што прыводзілі да кароткага замыканьня і адключэньня энэргіі, то цяпер прымяняецца таксама бамбаваньне трансфарматарных станцыяў. Іх аднаўленьне патрабуе больш часу. Паведамляецца таксама, што ў Бялградзе запасы пітной вады скараціліся да 8%.

Прадстаўнікі НАТО заяўляюць, што новыя ўдары па сыстэме электразабесьпячэньня зьяўляюцца часткай двухвэктарнай стратэгіі — працягу вайсковага ціску побач з дыпляматычнымі спробамі дасягнуць палітычнага ўрэгуляваньня канфлікту. У панядзелак намесьнік дзяржаўнага сакратара ЗША Строўб Тэлбат выляцеў з Вашынгтона ў Маскву з тым, каб правесьці тут перамовы зь Віктарам Чарнамырдзіным. Мяркуецца, што пасьля гэтага Віктар Чарнамырдзін зноў наведае Бялград, гэтым разам з прэзыдэнтам Фінляндыі Марці Ахцісаары.

Дзьве краіны прадстаўніцы натаўскага альянсу — Грэцыя і Чэхія — прапануюць на разгляд Брусэлю свой плян, паводле якога бомбавыя ўдары павінны быць пакуль адкладзеныя без папярэдніх умоваў. Гэтыкія самыя меркаваньні раней выказалі Італія і Нідэрлянды. Натаўскі галоўнакамандуючы Ўэслі Кларк сёньня ў інтэрвію мадрыдзкай газэце El Pais заявіў, што «з вайсковага пункту погляду, паўза ў кампаніі нявыгадная, бо гэта дасьць магчымасьць сэрбскім сілам працягваць этнічныя чысткі а таксама рэарганізаваць сваю проціпаветраную абарону». Кларк выказаў упэўненасьць у эфэктыўнасьці бамбаваньня, якое, на яго думку, падводзіць Мілошавіча да адчуваньня, што ён прайграе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG