Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 траўня 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

У Найвышэйшым Судзе Рэспублікі Беларусь на працэсе ў справе забойства Яўгена Мікалуцкага — скандал. Адзін за адным адмаўляюцца ад сваіх паказаньняў удзельнікі працэсу.

На вачах рассыпаецца справа аб забойстве галоўнага кантралёра Магілеўскай вобласьці Яўгена Мікалуцкага. Працэс у гэтай справе ўжо каля месяца ідзе за зачыненымі дзьвярыма ў Найвышэйшым Судзе краіны. Паводле інфармацыі, якая прасочваецца з працэсу, яго ўдзельнікі адзін за адным пачалі адмаўляцца ад былых паказаньняў. Як і варта было чакаць, на кавалкі распадаецца вэрсія сьледчых, якія падазравалі ў забойстве прэзыдэнцкага кантралёра Мікалуцкага жыхароў Магілева Рамана Радзюкоўскага, Віктара Янчэўскага і Анатоля Гаўрылава.

Першым адмовіўся ад сваіх былых паказаньняў Анатоль Гаўрылаў. Днямі маладзён заявіў, што яго зьбівалі сьледчыя і такім чынам прымусілі даць паказаньні супраць сябе ды іншых абвінавачаных. Таксама, згодна з крыніцамі, пра незаконныя дзеяньні з боку сьледчых заявіў Віктар Янчэўскі. Яшчэ адзін удзельнік працэсу — сьведка Аляксандар Кулікоў — не пацьвердзіў былых паказаньняў супраць свайго знаёмага Рамана Радзюкоўскага. Сьведка сказаў суду, што пад дыктоўку сьледчых заявіў, нібыта Раман дзейнічаў пад кіраўніцтвам арганізатара забойства Ткачова. Прычына, зь якой Кулікоў даў хлусьлівыя паказаньні, простая — сьледчыя пагражалі яму турмой за былое хуліганства. Хлопец усё ж адолеў страх, зьявіўся на суд і сказаў, што ўсе ягоныя ранейшыя заявы наконт Радзюкоўскага — паклёп.

Тым часам іншыя сьведкі, заяўленыя раней Радзюкоўскім, пацьвердзілі свае ранейшыя паказаньні пра тое, што Раман ніколі не займаўся продажам зброі, аб чым сьцьвярджалі сьледчыя.

Паводле зьвестак, гэтыя заявы на судзе не засталіся без увагі судовай калегіі пад кіраўніцтвам судзьдзі Фёдара Чубко. На суд былі спэцыяльна выкліканыя следчыя з Магілева, якія расьсьледавалі справу аб забойстве Мікалуцкага. Суд прасіў сьледчых патлумачыць — чаму адмаўляюцца ад сваіх паказаньняў удзельнікі працэсу, і адказаць на пытаньне — ці зьбівалі яны абвінавачаных. Безумоўна, магілеўскія «пінкертоны» сказалі, што і пальцам нікога не кранулі. Ці задаволіў гэты адказ судзьдзяў — невядома, як невядома і тое, што зараз будзе рабіць прадстаўнік пракуратуры, які ўдзельнічае ў працэсе. Згодна з законам, на заяву абвінавачаных наконт зьбіцьця іх сьледчымі трэба рэагаваць узбуджэньнем праверкі. Гэта можа зрабіць суд пасьля слуханьняў. Аднак, не чакаючы рашэньня суду, на незаконныя дзеяньні сьледчых можа адрэагаваць і пракуратура. На жаль — адрэагавала яна ці не — высьветліць не ўдаецца. Усё, што зьвязана з працэсам, афіцыйныя структуры хаваюць у сакрэце.

Нагадаем: напярэдадні працэсу ў справе забойства Мікалуцкага грамадзкасьць і родныя абвінавачваных настойліва дамагаліся адкрытага суду. Маці Янчэўскага, Радзюкоўскага і Гаўрылава нават пісалі ліст прэзыдэнту Лукашэнку з гэтай просьбай, аднак зварот застаўся без адказу. Паводле адвакатаў абвінавачваных, кропка ў працэсе ў справе забойства Мікалуцкага можа быць пастаўленая праз два-тры тыдні. Вынікі слуханьняў адвакаты цяпер называць адмаўляюцца.

XS
SM
MD
LG