Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 траўня 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

Прэзыдэнт Лукашэнка лічыць несправядлівай палітыку, якую Міжнародны Валютны Фонд праводзіць у дачыненьні да Беларусі. Заяву пра гэта прэзыдэнт зрабіў сёньня падчас размовы з дырэктарам другога эўрапейскага дэпартамэнту МВФ Джонам Одлінг-Смі.

Місія МВФ знаходзіцца ў Беларусі для падрыхтоўкі штогадовай справаздачы аб стане эканомікі краіны. Гэткія кансультацыі прадугледжаныя статутам фонду. Але пытаньне значна больш важнае для Беларусі — ці выдасьць МВФ надзвычайны кампэнсацыйны крэдыт? З просьбай аб выдачы крэдыту афіцыйны Менск зьвярнуўся яшчэ летась у кастрычніку. Падчас шматлікіх перамоваў у канцы 1998 - пачатку 1999 году складвалася ўражаньне, што рашэньне будзе станоўчае. Але красавіцкае паседжаньне дырэктароў фонду, на якім мусіла быць прынятае рашэньне, так і не адбылося. Больш таго, на мінулым тыдні супрацоўнікі офіса МВФ у Менску заявілі «Белорусской Деловой Газете», што Беларусь гэты крэдыт не атрымае, і патлумачылі, што ўрад ня выканаў умовы крэдытаваньня, узгодненыя з фондам, у прыватнасьці ў галіне лібэралізацыі цэнаўтварэньня.

Звычайна дыпляматычныя чыноўнікі МВФ ня кажуць ні «так» ні «не», і такая жорсткая заява — зьява паказальная. Відаць, інфармацыя аб гэтым рашэньні падштурхнула прэзыдэнта Лукашэнку да жорсткай заявы, якую ён зрабіў сёньня падчас сустрэчы з дырэктарам другога эўрапейскага дэпартамэнту МВФ сп. Одлінг-Смі. На думку прэзыдэнта, адбітак на дачыненьні фонду зь Беларусьсю накладае тая палітыка, якую праводзяць да Беларусі Злучаныя Штаты Амэрыкі. Лукашэнка адзначыў, што калі б амэрыканская палітыка была больш стрыманая і добразычлівая, то і беларуская палітыка была б крыху іншая. У прыватнасьці, дзяржава ў Беларусі ня ўмешвалася б гэтак актыўна ў эканамічныя працэсы, асабліва ў сфэры цэнаўтварэньня.

Кіраўнік дзяржавы патлумачыў, што дзяржаўнае рэгуляваньне цэнаў, якое існуе ў краіне цяпер, ёсьць вымушаная мера, часткова зьвязаная зь зьнешнім уплывам. «Я не задаволены супрацоўніцтвам з МВФ. Для адсутнасьці вынікаў няма ніводнай аб'ектыўнай прычыны», — заявіў Лукашэнка. Ён нават выказаў разуменьне сытуацыі, у якой знаходзіцца кіраўніцтва МВФ, бо, паводле Лукашэнкі, Злучаныя Штаты зьяўляюцца асноўным донарам фонду і таму маюць вырашальны голас пры прыняцьці тых ці іншых рашэньняў. «Я вымушаны будаваць беларускую палітыку не спадзеючыся на дапамогу МВФ. Будзе дапамога — будзем вам вельмі ўдзячныя», — сказаў прэзыдэнт.

У размове з сп. Одлінг-Смі кіраўнік дзяржавы падкрэсьліў, што цалкам давярае старшыні Нацыянальнага Банку Пятру Пракаповічу, і паведаміў, што прымае ўсе ягоныя прапановы, нават «супэррыначныя», якія рэалізуюцца на прапанову МВФ.

Дачыненьні Беларусі і ЗША цяпер сапраўды ня самыя лепшыя. Прэзыдэнту Лукашэнку да гэтага часу забаронены ўезд у Злучаныя Штаты. Ня вырашанае пытаньне з рэзыдэнцыяй амэрыканскага амбасадара. Лукашэнка адкрыта салідарызуецца зь Мілошавічам і называе ваенныя апэрацыі НАТО ў Югаславіі агрэсіяй. І ўсё ж лідэры краінаў, якія маюць справу з МВФ, часьцяком перабольшваюць палітычны аспэкт дзейнасьці фонду. А некаторыя, як бачым, перакладаюць віну, як кажуць, «з хворай галавы на здаровую».

Беларускі ўрад дамовіўся з фондам, што выканае шэраг умоваў, у прыватнасьці — разьняволіць цэны, што ёсьць умовай атрыманьня крэдыту. Прэзыдэнт Лукашэнка сваім указам, падпісаным на мінулым тыдні, усталёўвае, так сказаўшы, «цэнавую дыктатуру» і абвінавачвае ў гэтым — каго б вы думалі? —МВФ і Злучаныя Штаты, якія не даюць грошай. Лёгіку кіраўніка Беларусі зразумець ня менш цяжка, чым беларускую эканоміку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG