Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 траўня 1999 г.


Мікола Іваноў

Ваенная апэрацыя НАТО супроць Югаславіі цягнецца ўжо амаль два месяцы, але карэннага пералому ў ходзе косаўскай вайны ня бачна. НАТО з кожным днём павялічвае моц і інтэнсіўнасьць сваіх налётаў. Сэрбы ў адказ пашыраюць палітыку этнічных чыстак у Косаве. Колькасьць уцекачоў-альбанцаў з гэтай правінцыі паволі набліжаецца да аднаго мільёну. Гэта амаль палова ўсіх тых, хто жыў у Косаве да вайны. Але ці набліжае вайна ўрэгуляваньне крызысу?

Для атакаў супроць югаслаўскай арміі, якая знаходзіцца ў Косаве, НАТО выкарыстоўвае найлепшую тэхніку: ракеты Круз і Тамагаўк, супэрсучасныя бамбавікі Б-1 і А-10. І таму, як лічыць галоўнакамандуючы паветранымі сіламі НАТО, сканцэнтраванымі супроць Югаславіі, амэрыканскі генэрал Майкл Шорт, перамога ў вайне вельмі блізкая. Паводле ягоных словаў, яшчэ два месяцы падобных атакаў — і сэрбы будуць пераможаныя. «Калі над вашымі галовамі ўвесь час лётаюць Б-1, Б-52, А-10, калі яны палююць на вас, - сьцьвярджае ён, - і калі вы толькі пачынаеце рухацца і— у вас могуць трапіць. І раней ці пазьней вашыя нэрвы не вытрымліваюць, асабліва, калі вы не атрымліваеце ніякай дапамогі зь Бялграду. Я ня ведаю, - працягваў амэрыканскі генэрал, - як доўга сэрбы вытрымаюць, але я перакананы, што калі мы такім чынам будзем бамбаваць іх на працягу двух месяцаў, мы альбо зьнішчым гэтую армію, альбо змусім яе ўцячы».

Генэрал Шорт — чалавек вайсковы, ён не хавае свайго незадавальненьня з таго, што палітыкі накладаюць абмежаваньні на дзеяньні авіяцыі. Калі б гэтых абмежаваньняў не было, дык перамога да НАТО прыйшла б хутчэй, лічыць ён.

Прэсавы сакратар НАТО Джймі Шэй быў больш канкрэтны. На прэсавай канфэрэнцыі ў Брусэлі ён не рабіў прагнозаў «што б было, калі», а падсумаваў канкрэтныя вынікі двухмесячнага бамбаваньня Сэрбіі наступным чынам:

(Шэй:) «На ваенным фронце мы зьнішчылі 550 адзінак ваеннай тэхнікі, уключаючы трэцюю частку цяжкага сэрбскага ўзбраеньня. Мы зьнішчылі больш за 100 сэрбскіх ваенных самалётаў, зь якіх прыблізна палова — баявыя машыны так званай першай лініі. Мы зьнішчылі 75% сталых ракетных пазыцыяў, 50% складоў боепрыпасаў у Косаве. Нашыя бомбы трапілі ў 11 батальённых камандных пастоў. Абедзьве вялікія дарогі з Косава ў Сэрбію былі перарэзаныя, а ўсе малыя дарогі былі таксама моцна пашкоджаныя. Усе масты праз Дунай, за выключэньнем Бялградзкіх былі зьнішчаныя. Значныя страты пацярпелі камандныя пункты сэрбскага войска. Усе сэрбскія нафтаперапрацоўчыя камбінаты пашкоджаныя, і сэрбскія магчымасьці перапрацоўваць сырую нафту зьведзеныя да нуля».

Але, нягледзячы на гэткія посьпехі, перамогі пакуль што няма, а гуманітарны крызыс у Косаве паглыбляецца з кожным днём, пагражаючы пашырыцца на ўвесь балканскі рэгіён. Толькі за мінулы ўікенд мяжу з Альбаніяй і Македоніяй перайшло амаль 12 тысячаў уцекачоў. Для Македоніі гэта была ўвогуле рэкордная хваля ўцекачоў. Джэймі Шэй камэнтуе:

(Шэй:) «Войскі НАТО пад камандаваньнем генэрала Джэксана ў Былой Югаслаўскай Рэспубліцы Македонія пераглядаюць сваю сучасную тактыку такім чынам, каб яны былі здольныя справіцца з дадатковай хваляй уцекачоў. Яны супрацоўнічаюць у гэтай справе з установай Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў. Разам яны будуюць два новыя лягеры ўцекачоў».

Сытуацыя ў Македоніі, аднак, не такая простая. Перад вайной да адной траціны ад усяго насельніцтва гэтай краіны былі альбанцы. Колькі іх тут цяпер, ня ўлічваючы ўцекачоў, — ня ведае ніхто. І таму македонцы зь вялікай неахвотай і толькі пад націскам міжнароднай грамадзкасьці ўпускаюць да сябе ўцекачоў. А часам яны паціху адразу змушаюць альбанцаў-косаўцаў уцякаць далей у Альбанію. Падобны інцыдэнт адбыўся і ў мінулы ўікенд. Спачатку македонскія ўлады ніяк не давалі групе прыблізна ў 3 тысячы ўцекачоў, якія чакалі на мяжы, дазвол не пераход. Пазьней, пасля таго, як прадстаўнікі ААН выказалі свой пратэст, яны нарэшце дазвол далі, але пасадзілі некалькі сот альбанцаў у аўтобусы і хацелі адразу вывезьці іх у Альбанію. І толькі калі працаўнікі ААН заблякавалі сваім аўтамабілем дарогу, усе альбанцы атрымалі прытулак у лягеры ўцекачоў у Македоніі.

Спэцыяльны прадстаўнік генэральнага сакратра ААН у Македоніі Дэніс Макнамара заявіў у сувязі зь інцыдэнтам, што македонцы ўжо ня першы раз намагаюцца высылаць уцекачоў у Альбанію. Больш таго, падчас пераходу празь мяжу македонскія памежнікі патрабауюць ад альбанцаў, каб тыя давалі расьпіску ў тым, што яны не застануцца ў Македоніі, а накіруюцца ў Альбанію.

На думку Макнамары, македонцы такім чынам парушаюць хартыю ААН у справе правоў чалавека, якая патрабуе ад кожнай краіны даваць палітычны прытулак тым, хто яго патрабуе.

З кожным днём робіцца ясна, што, каб перамагчы Мілошавіча, патрэбная новая тактыка і стратэгія НАТО. НАТО ўжо сканцэнтравала ў Македоніі са згоды македонскага ўраду 16 тысячаў жаўнераў, больш за 5,5 тысячаў сярод іх — брытанцы. Але кіраўніцтва НАТО сьцьвярджае, што гэта войскі не для наземнай апэрацыі ў Косаве, а для міратворчай місіі ў той час, калі Мілошавіч будзе пераможаны з паветра. Міністар абароны Вялікабрытаніі Джордж Робэртсан ахарактарызаваў заданьні і склад гэтых войскаў наступным чынам:

(Робэртсан:) «Гэта павінна быць моцнае войска з НАТО ў якасьці яго галоўнай сілы, таму што ўцекачы ня вернуцца да таго часу, пакуль у іх ня будзе перакананьня, што войскі, якія накіроўваюцца разам зь імі, здольныя гарантаваць іх бясьпеку. Склад гэтых войскаў і час, калі яны будуць уведзеныя, вырашыць НАТО і міжнародная супольнасць, а не Мілошавіч. І я мяркую, што туды будуць уключаныя расейцы, зь якімі нам так добра працуецца ў Босьніі».

Але як бы НАТО ні запярэчвала, што ў саюзу няма плянаў ваеннай наземнай апэрацыі ў Косаве, але ваенныя рэальнасьці дыктуюць сваё. І невыпадкова колькасць натаўскіх войскаў у Македоніі ўвесь час павялічваецца. Пра пэрспэктыву далейшага нарошчваньня войскаў у Македоніі будуць весьці гаворку і міністры абароны НАТО на пасяджэньні сёньня ў Брусэлі. Старшыня штабу брытанскай арміі генэрал сэр Чарлз Гатры расказаў пра плян працы Рады НАТО наступнае:

(Гатры:) «Будзе абмяркоўвацца плян узмацненьня войскаў НАТО дзеля забесьпячэньня мірнага пляну для Косава, калі Мілошавіч будзе пераможаны. Будзе павялічана войска ў Македоніі. Я прыгадваю, што брытанцы маюць каля 5 з паловаю тысячаў жаўнераў у Македоніі на чале з нашым корпусам хуткага рэагаваньня. Усё зроблена так, каб можна было хутка перабазавацца. Калі кіраўніцтва НАТО згодзіцца з накіраваньнем дадатковых войскаў, Аб'яднанае Каралеўства адкажа на гэткую пастанову пазытыўна і павялічыць сваю вайсковую прысутнасьць».

Акрамя вайны ў паветры і на зямлі ідзе даволі жорсткая прапагандысцкая вайна. Ідзе яна зь пераменным пакуль што посьпехам. НАТО вельмі цяжка апраўдваць свае шматлікія памылкі ў бомбавых ударах, ад якіх загінула ўжо больш за тысячу цывільных асобаў. Сэрбская ж прапаганда дасюль увесь час сьцьвярджала, што праблема ўцекачоў у Косаве ўзнікла ў сувязі ў бамбаваньнямі НАТО. Але праўду хаваць з кожным днём усё цяжэй і цяжэй. Кіраўнік групы экспэртаў ААН у справе правоў чалавека Сэрджыў дзі Мэлу, якому ўдалося пабываць у Косаве і ўвачавідкі назіраць, што там адбываецца, заявіў, што край стаў месцам масавых этнічных чыстак. Ён ахарактарызаваў сытуацыю ў Косаве як жудасную.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG