Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 траўня 1999 г.


Міхал Стэльмак, Менск

На нядаўняй прэсавай канфэрэнцыі генэральнага пракурора краіны Алега Бажэлкі прагучала цьверджаньне, што Міхаіл Чыгір падазраецца ня толькі ў нібыта меўшым месца крадзяжы 1 мільёну даляраў так званага канадыйскага крэдыту. Пракурор у прыватнасьці паведаміў, што колішняму кіраўніку «Белаграпрамбанку» інкрымінуецца і беспадстаўнае крэдытаваньне розных таварыстваў з абмежаванай адказнасьцю.

Алег Бажэлка не рассакрэціў перад грамадзкасьцю падрабязнасьцяў новага кірунку ў так званай крымінальнай справе Міхаіла Чыгіра, зьвязанага зь ягонымі нібыта незаконнымі службовымі дзеяньнямі пры крэдытаваньні «Белаграпрамбанкам» таварыстываў з абмежаванай адказнасьцю. Але, камэнтуючы арышт былога банкіра, генэральны пракурор спаслаўся на плённую працу міжведамаснай камісіі ў справе спагнаньня нявернутых крэдытаў. А пра плён працы згаданай камісіі ёсьць пэўныя зьвесткі. У сакавіку гэты створаны зь ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі ворган з шырокімі паўнамоцтвамі рабіў справаздачу для прэзыдэнта ў справе вывучэньня падставаў для прыцягненьня да адказнасьці былога кіраўніка «Белаграпрамбанку». Дык вось, у справаздачы фігуруюць і два крэдыты, што былі выдадзеныя таварыствам з абмежаванай адказнасьцю пры ўдзеле Міхаіла Чыгіра. Зь вялікай доляй верагоднасьці можна меркаваць, што якраз імі цяперашнія сьледчыя і спрабуюць папоўніць крымінальную біяграфію зьняволенага палітыка.

Яшчэ да свайго арышту Чыгіру ўдалося азнаёміцца з тэкстам справаздачы прэзыдэнту, пасьля чаго ён вырашыў пракамэнтаваць журналістам высунутыя супраць яго падазрэньні ў злачынстве. Захаваўся магнітафонны запіс той сустрэчы з журналістамі, дзе цяперашні вязень заявіў, што згаданыя падазрэньні цалкам надуманыя. У першым нявернутым крэдыце фігуруе таварыства з абмежаванай адказнасьцю «МСТ». Вось якое тлумачэньне два месяцы таму даваў па гэтым факце былы старшыня «Белаграпрамбанку»:

(Чыгір:) «Т.а.а. «МСТ» атрымала перад самым маім адыходам з пасады старшыні праўленьня «Белаграпрамбанку», літаральна за некалькі дзён да гэтага, 200 000 даляраў. Усё было застрахавана, ёсьць на гэты конт усе неабходныя дакумэнты. У даведцы прэзыдэнту таксама гаворыцца, што застрахаваная гэтая сума ў Белдзяржстраху. Таму чаму гэты крэдыт аказаўся нявернутым — мне незразумела».

Яшчэ больш абсурднымі выглядаюць падазрэньні ў нейкім фінансавым махлярстве былога кіраўніка «Белаграпрамбанку» пры дзелавым партнэрстве гэтай установы з таварыствам з абмежаванай адказнасьцю «Ажур». «Белаграпрамбанк» выступіў яго фінансавым гарантам. Пры гэтым гарантыйнае абавязацельства складала яшчэ меншую, чымсьці ў папярэднім выпадку, суму — 50 000 даляраў. Мяркуючы з вынікаў працы міжведамаснай камісіі, яны патрацілі шмат намаганьняў, каб знайсьці тут сьлед злачынства Чыгіра. Гэты сьлед прэзыдэнцкай пошукавай камандзе бачыўся ў прыватнасьці ў тым, што пры выдачы гарантыйнага абавязацельства недзяржаўнаму суб'екту гаспадараньня «Белаграпрамбанк» не правёў аналізу фінансавага стану таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Ажур», яго платнасьці, рэальнасьці выкананьня трансакцыі, на якую атрымваўся крэдыт. Зьдзіўляе аднак — навошта было займацца так званай справай «Ажуру», калі, як сьведчыць тэкст справаздачы Лукашэнку, тут няма ніякіх фінансавых падставаў для падазрэньня ў злачынстве.

Вось што пра гэта гаварыў напярэдадні свайго зьняволеньня Міхаіл Чыгір:

(Чыгір:) «У канцы напісана: запазычанасьць пагашаная не грашовымі сродкамі, а матэрыяльнымі каштоўнасьцямі, атрыманымі ад таварыства. Навошта тады наогул адносіць гэты факт з «Ажурам» да ліку нявернутых крэдытаў?»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG