Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 траўня 1999 г.


Віталь Тарас, Менск

Сёньня ў Менску адбыліся шэсьце і мітынг, арганізаваныя апазыцыяй у падтрымку Міхаіла Чыгіра і ў абарону ўсіх палітвязьняў.

(Удзельнікі акцыі скандуюць:) «Сва-бо-ду Чы-гі-ру! Сва-бо-ду Чы-гі-ру! Жы-ве Беларусь! Жы-ве Беларусь!»

З гэтымі словамі пачалі маніфэстанты сваё шэсьце па праспэкце Скарыны. Як і было дазволена ўладамі, маніфэстанты — а іх было каля тысячы — рушылі па праезнай частцы, не перашкаджаючы транспарту. Многія трымалі ў руках плякаты з надпісамі «Свабоду палітвязьням!», «Свабоду Міхаілу Чыгіру!», «НЕ — дыктатуры!» Акцыя была арганізаваная зь ініцыятывы Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Партыі «Народная Грамада», але ў арганізацыйны камітэт увайшлі акрамя прадстаўнікоў «Народнае Грамады» актывісты іншых дэмакратычных партыяў і рухаў.

Наколькі паказальнай атрымалася сёньняшняя акцыя? З гэтым пытаньнем я зьвярнуўся падчас шэсьця да аднаго зь ягоных удзельнікаў — сябра БСДП Лявона Дзейкі.

(Дзейка:) «Сёньняшняя акцыя паказвае, што людзі ўсё-такі ня могуць прывыкнуць да таго, што ў краіне, якая павінна быць нармальнай эўрапейскай краінай, існуе дзіўны інстытут палітвязьняў, калі сядзяць за кратамі дэпутаты Вярхоўнага Савету, двойчы Героі Сацыялістычнай Працы, якія абаранялі вось гэтую самую зямлю ад фашызму, міністры, калі зьнікаюць вядомыя палітыкі — людзі ня могуць з гэтым пагадзіцца, і я думаю, што ўсё-такі рана ці позна — а той час наступіць значна хутчэй, чым мы думаем — улада і ўсе гэтыя яе прыхвасьні адкажуць за ўсё тое, што яны робяць з народам».

Арганізатары акцыі не хавалі, што яна была прымеркаваная да дня народзінаў Міхаіла Чыгіра, якому сёньня, 24 траўня, споўніўся 51 год. Да дня народзінаў улады падрыхтавалі прэтэндэнту на прэзыдэнцкі пост свайго роду сюрпрыз — за некалькі хвілінаў да пачатку мітынгу стала вядома, што тэрмін утрыманьня Чыгіра пад вартай працягнуты сьледзтвам яшчэ на два месяцы. Пра гэта на мітынгу, які пачаўся а 18-ай гадзіне ў сквэры Янкі Купалы, паведаміла жонка вязьня Юлія Чыгір. Яна зьвярнулася да прысутных са словамі:

(Ю.Чыгір:) «Я хачу сказаць тым, хто пасьля гэтага скажа, што нас нямнога — так, як сказаў мне пару дзён назад сьледчы — не, нас многа, ці будзе вас столькі, калі вы адыйдзеце ад улады? Ці будзе хто-небудзь стаяць тут на гэтай плошчы ім прасіць свабоды вам? Ці будуць успамінаць пра вас добрым словам? Я веру ў тое, што скора наша Беларусь будзе свабодная».

Адзін з актывістаў партыо «Народная Грамада», рабочы Мікола Ўсьціменка з Пухавічаў заявіў, што разьлік уладаў на запалохваньне сяброў камісіяў у выбарах прэзыдэнта не апраўдаўся.

(Усьціменка:) «Сёньня мы сабраліся, каб улады бачылі, што не адна Юлія Чыгір, не адна жонка Захаранкі змагаецца за свайго мужа. Мы разам. А калі разам — то мы пераможам. Не яны моцныя, а мы ўсе, на жаль, слабыя. І чым больш будзе нас, тым мы будзем мацнейшыя».

Тэму выбараў закрануў у сваім выступе і намесьнік старшыні Беларускага Народнага Фронту Юры Хадыка:

(Хадыка:) «Выбары гэтыя скончыліся. Яны насілі характар не змаганьня двух кандыдатаў. Яны насілі характар плебісцыту аб даверы Лукашэнку. І гэты плебісцыт закончыўся пасьпяхова. Толькі разам, толькі дапамагаючы адзін аднаму, мы можам перамагчы гэты жахлівы рэжым. І ў тыя месяцы, якія застаюцца да 20 ліпеня, калі гэты рэжым згубіць нават апошнія прыкметы легітымнасьці, мы павінны прыкласьці ўсе намаганьні для таго, каб яго перамагчы. Патрэбнае адзінства, і я заклікаю прадстаўнікоў усіх партыяў, усіх арганізацыяў — памятаць пра гэту неабходнасьць».

На прапанову дэпутата Вярхоўнага Савету Анатоля Лябедзькі, удзельнікі мітынгу правялі сымбалічную акцыю ў падтрымку Міхаіла Чыгіра — яны ўзяліся за рукі, утварыўшы на момант жывы ланцуг.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG