Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 траўня 1999 г.


Аляксандар Сярдзюкоў, Магілеў

Улада ў Беларусі, як вядома, заўсёды насьцярожана ставіцца да любых ініцыятываў "трэцяга сэктару". Не складаюць выключэньня і арганізацыі, створаныя людзьмі, так сказаўшы, "з волі лёсу". Сёньня Магілеўскі гарвыканкам адмяніў сваё папярэдняе рашэньне аб дазволе магілеўскай асацыяцыі інвалідаў-калясачнікаў на правядзеньне марафонскіх спаборніцтваў.

Гэтая грамадзкая арганізацыя аб'ядноўвае некалькі дзясяткаў магілеўцаў, якія з нараджэньня альбо ў выніку траўмы ня могуць хадзіць. Жыцьцё здаровых людзей у сучасных умовах таксама не салодкае, аднак тым, хто пазбаўлены адносінаў зь іншымі і зачынены ў сьценах уласнай кватэры, — значна горш.

Каб падтрымаць адзін аднаго, некалькі гадоў таму яны аб'ядналіся ў асацыяцыю інвалідаў-калясачнікаў. Сёлета вясной яны ўпершыню вырашылі праявіць грамадзкую ініцыятыву і прымеркаваць яе да 55- годзьдзя вызваленьня гораду падчас Другой сусьветнай вайны.

Яны накіравалі заяву ў гарвыканкам з просьбай даць дазвол на правядзеньне 20 траўня марафону інвалідаў-калясачнікаў па цэнтральнай вуліцы гораду, ад плошчы Леніна да Савецкай плошчы.

Спачатку гарвыканкам даў надзею на рэалізацыю гэтай ідэі, дазволіў марафон, хаця і перанес яго на 23 траўня. Натхнёныя інваліды зьвярнуліся за дапамогай у арганізацыі да прадпрыемстваў гораду. І што адметна, амаль усе яны адклікнуліся на заклік аб дапамозе - пералічвалі грошы, абяцалі дапамагчы з транспартам і выдзеліць прызы пераможцам.

Аднак у апошнюю хвіліну мясцовая "вэртыкаль" адмяніла ўласнае рашэньне - на той падставе, што ўдзельнікі марафону будуць перашкаджаць транспартнаму руху. Згодна новай пастанове, марафон быў дазволены ад кавярні "Пінгвін" да Савецкай плошчы.

Гэтае рашэньне інакш, чым насьмешкай, не назавеш, бо адлегласьць ад кавярні да плошчы не ўкладаецца ў сто мэтраў.

Старшыня асацыяцыі інвалідаў-калясачнікаў Сьвятлана Жаркова заявіла: "Яны пазбавілі нас надзеі і сапсавалі настрой".

Цяжка сказаць, чым абумоўленае гэткае рашэньне - свавольствам чыноўнікаў альбо іхняй душэўнай чэрствасьцю.

XS
SM
MD
LG