Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 траўня 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

У Беларусі працягваецца наступ на незалежныя сродкі масавай інфармацыі. Для барацьбы з вольным друкам ўлады выкарыстоўваюць новыя сродкі і спрычыняюцца новыя ведамствы. Ня без удзелу КДБ газэту "Навіны" высяляюць з памяшканьня, якое яна займала.

"Навіны" ўжо і штрафавалі, і зачынялі, і з памяшканьня выганялі. Рэдакцыя знайшла прытулак у прыватнай кватэры на вуліцы Бядулі, але перасьлед працягваецца. Некалькі дзён таму Вышэйшы гаспадарчы суд адмовіў "Навінам" і яшчэ шэрагу газэтаў у хадайніцтве аб скасаваньні папярэджаньня Дзяржкамдруку. Зараз супраць выданьня ўжываюць, так бы мовіць, "камунальныя" сродкі. Вось што распавёў сёньня на прэсавай канферэнцыі галоўны рэдактар выданьня Павел Жук.

(Жук:) " Яны прымушаюць кіраўніціва камунальных службаў, якія абслугоўваюць гэтую кватэру, проста вырубаць сьвет, перакрываць ваду, ну, і так далей... Гэта значыць, зрабіць такім чынам, каб немагчыма было тут працаваць. Гэта нейкім чынам усё ж такі зьвязана з заканадаўствам, таму што ёсьць нейкая пастанова Міністэрства камунальнай гаспадаркі, што калі ў прыватным памяшканьні знаходзіцца фірма, яна павінна расплочвацца з камунальнымі службамі па іншым тарыфам. Але звычайна ўсё робіцца так: папярэджваецца шэф гэтай фірмы, потым складаецца пратакол, аплочваецца памяшканьне па новым тарыфам, і на гэтым справа заканчваецца. Учора была проста гвалтоўная спроба проста прыйсьці сюды і абрэзаць электрычныя дроты, як раз у самы напружаны момант вёрсткі газэты. Сіламі супрацоўнікаў рэдакцыі ўдалося скінуць з лесвіцы гэтых майстроў ЖЭС, якія апраўдываліся тым, што яны самі па сабе не вінаватыя, што ім сказаў начальнік. Але потым мы правялі сваё такое маленькае расьледваньне, і выявілася, што начальнік тут таксама не пры чым, што загады ідуць зверху, завязана ў гэтым пытаньні ніхто іншы, як гэта магутнае ведамства — КДБ".

Па меркаваньні сп. Жука, спроба адключыць газэце сьвятло і ваду - гэта помста з боку КДБ за шэраг публікацыяў, якія выкрывалі дзейнасьць гэтай арганізацыі. Па зьвестках рэдакцыі, кіраўніцтва жыллёвага ўпрауленьня мае намер у судовым парадку высяліць рэдакцыю з памяшканьня, якое яна займае. Рэдакцыя мела намер арэндаваць новае памяшканьне ў Нацыянальным алімпійскім камітэте, літаральна ўчора была падпісаная дамова, але, як сказаў спадар Жук, сёньня прыйшоў новы адказ - свабодных плошчаў няма.

Для "Навінаў", для свабоды на Беларусі няма месца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG