Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 19 траўня 1999 г.


Мікола Іваноў, Прага

На фоне новых дыпляматычных высілкаў сусьветнай супольнасьці, накіраваных на заканчэньне канфлікту ў Югаславіі, ён працягваецца з неаслабнай сілай. Мінулай ноччу бомбы і ракеты зноў упалі на аб'екты ў ваколіцах Белграду. Знішчаны цукровы камбінат. Авіяцыя НАТА таксама моцна атакавала палявыя пазыцыі югаслаўскай арміі ў раёне ракі Савы ў Косаве. Бомбы тарпілі таксама ў ваенныя аб'екты сэрбскіх гарадоў Ніш, Нові Сад і Крагуевац. Не прыпыняецца таксама паток уцекачоў з Косава. Каля 1500 албанцаў-уцекачоў перакрочылі косаўскую мяжу з Македоніяй. Некалькім сотням удалося ўцячы у Албанію, хаця югаслаўскія ўлады і намагаюцца закрыць мяжу.

Акрамя перамоўчага працэсу і чарговага візіту Віктара Чарнамырдзіна ў Белград тры падзеі апошніх 24 гадзінаў здамінавалі інфармацыю на тэму косаўскага крызісу. Першая - гэта новыя масавыя дэманстрацыі пратэсту супроць палітыкі прэзідэнта Мілошавіча ў самой Югаславіі. Другая — гэта ўпершыню за ўвесь час канфлікту прызнаньне прэзідэнта ЗША Біла Клінтана пра магчымасць накіраваньня наземных вайскаў у Косава. І трэцьцяя - гэта пачатак эксгумацыі сэрбскімі войскамі і паўваеннымі фармаваньнямі масавых брацкіх магілаў на тэрыторыі Косава, каб такім чынам схаваць свае злачынствы.

Пачнем з першага. Масавыя пратэсты супроць палітыкі прэзідэнта Мілошавіча - абсалютна новая з'ява на ўнутрыпалітычнай арэне сёньняшняй Югаславіі. Дасюль афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі Сэрбіі актыўна распаўсюджвалі інфармацыю аб аддзінстве сэрбскага народу перад агрэсіяй НАТА, аб згуртаванасьці сэрбаў вакол свайго кіраўніцтва і самога прэзідэнта Мілошавіча. Цяпер высвятляецца, што гэта далёка не так. Трэці дзень запар на вуліцах сэрбскіх гарадоў адбываюцца маніфестацыі пратэсту. І дэманстрацыі гэтыя адбываюцца нягледзячы на тое, што паводле законаў ваеннага часу ўлады маюць права жорстка расправіцца зь іх удзельнікамі.

Няўжо гэта першае сьведчаньне таго, што паволі, але няўхільна рэжым прэзідэнта Мілошавіча пераходзіць у стан крызісу, што ягоны час палічаны? Былі ж раней такія галасы, асабліва сярод расейскіх палітычных каментатараў, што налёты НАТА здольныя яшчэ мацней аб'яднаць народы Югаславіі вакол яе кіраўніцтва. Каб абмеркаваць гэтую сітуацыю, я запрасіў да мікрафону галоўнага рэдактара Паўднёва-славянскай рэдакцыі нашага радыё Нэра Пэджыча. Вось што ён мне расказаў.

(Пэджыч:) "На працягу мінулых сутак у Югаславіі назіраліся масавыя пратэсты. Я б нават назваў іх зародкам паўстаньня супроць прэзідэнта Мілошавіча. Спачатку у горадзе Чачак быў скліканы незалежны прадстаўнічы сход, на пасяджэньні якога была прынятая рэзалюцыя, якая заклікае (я цытую) "прыпыніць авантурную палітыку Слабадана Мілошавіча". У рэзалюцыі таксама маецца заклік да насельніцтва выходзіць на вуліцы і пратэставаць супроць палітыкі прэзідэнта Мілошавіча.

Другі прыклад грамадскіх пратэстаў - гэта адкрыты ліст 37 недзяржаўных арганізацыяў, у якім асуджаецца арышт незалежнага журналіста. Трэці прыклад пратэстаў - гэта маніфестацыя ад 3 да 4-х тысячаў сэрбаў у горадзе Крушэвац, падчас якой высоўваліся лёзунгі з патрабаваньнямі вярнуць сэрбскіх жаўнераў з Косава. "Мы хочам вярнуць нашых сыноў, а не труны", - скандавалі маніфестанты. "Дурні ваююць, а мудрыя вядуць перамовы" - такі транспарант таксама з'явіўся на гэтай маніфестацыі.

Чацвёрты прыклад пратэстаў - гэта стварэньне ў горадзе Нові Сад, сталіцы правінцыі Ваяводзіна, незалежнай акадэмічнай даследчыцкай структуры, каб распрацаваць магчымасьці мірнага выхаду з Крызісу.

І пяты прыклад. І горадзе Кральева мясцовае насельніцтва звярнулася з пратэстам, у якім гаворыцца, што мы ня ў стане змагацца з усім сьветам, што сярод сэрбаў няма здраднікаў, аб якіх гавораць дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі.

Прыгадаю яшчэ, што мэр горада Чачак у інтерв'ю з нашай радыёстанцыяй сцвердзіў, што ён не згаджаецца з поглядамі дзяржаўнага телебачаньня, якое ўсіх тых, хто ня згодны з пазыцыяй ураду, абвяшчае здраднікамі.

Быў яшчэ інцыдзент у горадзе Александрава, дзе група мясцовых жыхароў сілай намагалася перашкодзіць мабілізаваць у войскі іх сыноў.

Усё гэта - сьведчаньне нараджэньня новых падзелаў у Сэрбіі".

Амаль два месяцы безупынных бамбаваньняў і ракетнага абстрэлу Сэрбіі і Чарнагорыі, бясспрэчна, нанеслі Югаславіі вялікія страты. Паводле паведамленьня афіцыйнага югаслаўсчкага інфармацыйнага агенцтва Танюг, страты забітымі толькі сярод мірных жыхароў дасягнулі некалькіх тысячаў чалавек. Але галоўнае - зьнішчаная інфраструктура краіны, якая з кожным днём разбураецца ўсё болей і болей. І таму ці не з'яўляюцца апошнія пратэсты вынікам панікі, нейкай безвыходнасьці сэрбаў перад атакамі НАТА, а не вынікам рэальнага незадавальненьня тоталітарызмам Слабадана Мілошавіча?

(Пэджыч:) " Гэтыя пратэсты ня выкліканыя панікай. Але яны - вынік вайны, зьнішчанай гаспадаркі, зруйнаваных мастоў і фабрыкаў. І я мушу растлумачыць, што толькі сэрбскае тэлебачаньне увесь час распаўсюджвае інфармацыю аб аддзінстве сэрбскага народу. І толькі сам рэжым у Белградзе ўвесь час гаворыць, што яны аддзіныя. Яны зусім не аддзіныя. Сэрбскае грамадства не было адзінае і перад гэтай вайной. А цяпер у сувязі з баявымі дзеяньнямі голас тых, хто мае іншую думку, заглушаецца. І вось цяпер паволі, але яны пачынаюць гаварыць уласным голасам".

Але ці здольныя гэтыя пратэсты рэальна зьмяніць палітычную сутнасць югаслаўскага рэжыму? Ці могуць яны прывесьці да краху прэзідэнта Мілошавіча?

(Пэджыч:) Ня трэба перабольшваць іх значэньне. Калі мы параўнаем сёньняшнія падзеі з учорашнімі, дык сапраўды мы бачым больш прэтэстаў, але гэтыя пратэсты адбываюцца на індывідуальнай падставе,бо няма палітычнага лідара, няма палітычнай арганізацыі, няма палітынай улады, партыі, якая б магла іх аб'яднаць і ўзначаліць. Няма сілы, якая б выказвала агульныя інтарэсы народу, за выключэньнем, зразумела, Чарнагорыі."

Члавекам, які адным з першых заявіў пра сваю нязгоду з палітыкай прэзідэнта Слабадана Мілошавіча, быў доўгагадовы сэрбскі дысыдэнт, палітычны дзеяч і апошнім часам віцэ-прэм'ер ураду Вук Драшкавіч. Цяпер пасля сваёй адстаўкі ён замаўчаў. Што здарылася? Чаму, калі шырацца пратэсты, Вук Драшкавіч маўчыць?

(Пэджыч:) " Вук Драшкавіч даўно ў югаслаўскай палітыцы. І мы прызвычаіліся, што ён даволі часта зьмяняе свае палітычныя погляды. Ён быў вялікім сэрбскім нацыяналістам прыблізна 10 гадоў таму, пазней ён прымаў удзел у дэманстрацыях супроць прэзідэнта Мілошавіча, затым ён прыняў прапанову быць віцэ-прэм'ерам ураду на чале з прэзідэнтам Мілошавічам. Мілошавіч двойчы кідаў яго за краты. Ён заяўляў, што ён ніколі нічога дрэннага не гаварыў супроць Мілошавіча. І вось цяпер яго накіравалі ў адстаўку таму, што рэзка скрытыкаваў Мілошавіча. Пазней ён маўчаў. І вось два дні таму ён заявіў, што прэзідэнт Чарнагорыі Міло Д'юканавіч і лідар дэмакратычнай партыі Джынджыч, якія наведалі шэраг заходніх сталіцаў, каб паспрабаваць знайсці мірнае вырашэньне крызісу, - дрэнна сябе паводзяць. Ён ня ўжыў слова здраднікі, але ён заявіў (цытую)"мы маем толькі аднаго афіцыйнага прэзідэнта, і гэта прэзідэнт Слабадан Мілошавіч". Так, што я лічу, што гэта трагікамічная асоба".

Пазьбяганьне ўласных стратаў з"яўляецца адным з галоўных прынцыпаў амерыканскага вядзеньня вайны. І войскі НАТА пад камандваньнем амерыканцаў дакладна гэтага прынцыпа прытрымліваюцца. Вось чаму да сёньняшняга дна ўсе разважаньні аб магчымасьці накіраваньня ў Косава наземных войскаў не выходзілі за межы выразна тэарытычных. Але ў кіраўніцтве НАТА расьце перакнананьне, што для перамогі неабходна прысунасць войскаў НАТА на зямлі. І вось упершыню падобную думку выказаў і сам прэзідэнт Клінтан. Выступаючы на прэсавай канферэнцыі ў Белым Доме, Клінтан падкрэсліў, што НАТА не адступіць ад сваіх умоваў, высунутых Мілшавічу. НАТА павінна перамагчы, а калі дзеля гэтага трэба будзе выслаць наземныя войскі, дык саюз пойдзе і на гэта.

Але дзеля таго, каб прыняць падобны пункт гледжаньня і накіраваць наземныя войскі, трэба будзе пераадолець даволі значную апазыцыю іншых краінаў-членаў НАТА, якія супроць наземнай інтэрвэнцыі. Найбольш востра супроць ідэі накіраваньня наземных войскаў выступіў гэтымі днямі канцлер Нямеччыны Герхард Шродэр:

(Шродэр:) "Нямецкі ўрад і нашая парляманцкая апазыцыя разам маюць цалкам ясную пазыцыю. Мы супроць накіраваньня наземных войскаў. Гэта нямецкая пазыцыя, якую цалкам падтрымлівае наш парлямант. І калі я не памыляюся, гэта і пазыцыя НАТА. Я сам дапамагаў распрацоўваць гэтую пазыцыю, і гэта цяперашняя стратэгія НАТА. А стратэгія саюзу можа быць зьмененая толькі ў выніку паразуменьня паміж саюзнікамі."

Тое, што пэрспэктыва накіраваньня наземных войскаў у Косава яшчэ вельмі далёкая, падцьвердзіў на прэсавай канфэрэнцыі ў Бруселі і прэсавы сакратар НАТА Джэмі Шэй. На ягоную думку, праблема накірваньня наземных войскаў нарадзілася перш за ўсё у галовах журналістаў.

(Шэй:) " Мы ня маем намеру накіроўваць наземныя войскі ў Косава, яны накіруюцца туды толькі ў якасьці міратворчага кантынгенту, у якасьці часткі міжнароднага войска, калі югаслаўскія войскі пачнуць свой адыход. Я разумею, што калі вайна перакрочыла свой 56 дзень, кожны шукае сэнсацыі. Калі б я быў журналістам, я б зрабіў тое самае. Але ў НАТА няма сэнсацыі ў справе накіраваньня войскаў у Косава. Я гаварыў гэта раней, гавару і цяпер. Дакладны час, дакладныя акалічнасьці, калі гэтыя войскі будуць накіраваныя ў Косава, будзе вырашана ў адпаведны момант усімі 19 краінамі - членамі Паўночна-Атлантычнага саюзу. Але гэты час яшчэ не прыйшоў. І таму мы гэта не абмяркоўваем".

І апошняе, аб чым я хацеў бы расказаць у сёньняшняй перадачы, прысьвечанай косаўскаму крызісу, - гэта праблема ваенных злачынстваў. Паводле заявы спецыяльнага пасланьніка ЗША у справе ваенных злачынстваў у Касаве Дэвіда Шэфера, высвятляецца, што мінімум 5 тысячаў цывільных абанцаў Косава былі забітыя падчас карных аперацыяў сэрбскага войска і паліцыі ў Косаве і пахаваныя ў брацкіх магілах. Усяго на сёньня без ветскаў згінула каля 230 тысячаў албанцаў.

І вось цяпер, як некалі фашысцкія злачынцы, сэрбскія вайскоўцы пачалі выкопваць трупы сваіх ахвяраў і зьнішчаць іх. Гісторыя паўтараецца. Але цяпер не Другая сусветная вайна. Амерыканская спадарожнікавая разведка сфатаграфавала эксгумацыйныя працы і цяпер аб гэтым ведае ўвесь сьвет.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG