Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 19 траўня 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

Партызанскі РАЎС Менску зачыніў справу аб збіцьці актывістаў Хартыі-97 сябрамі "Русского национального единства".

Супрацоўнік Партызанскага РАЎС Васіль Нікановіч пісьмова паведаміў зьбітым, што крымінальная справа спыненая ў сувязі з тым, што ў дзеяньнях удзельнікаў утрымліваецца склад злачынства, прадугледжаны артыкулам №110 Крымінальнага кодэксу. Пацярпелыя маюць права абскардзіць гэтую пастанову і зьвярнуцца ў суд у парадку прыватнага абвінавачаньня.

У згаданым 110 артыкуле размова ідзе аб нанясеньні лёгкіх цялесных пашкоджаньняў ці пабояў. Папера з Партызанскага РАЎСу накіраваная ня толькі пацярпелым сябрам Хартыі-97 - Андрэю Саньнікаву, Алегу Бебеніну і Дзьмітрыю Бандарэнку, але й сябру РНЕ Кірылу Зяньковічу, які таксама фігураваў у справе ў якасьці пацярпелага.

Варта нагадаць, што сябры партыі не падавалі скаргу ў міліцыю, бо лічылі гэта бессэнсоўным. Праваахоўныя ворганы ўзбудзілі справу на сваю ініцыятыву, паводле факту нанясеньня цялесных пашкоджаньняў. Зараз, як бачым, сьледства прыйшло да высновы, што былі толькі лёгкія пабоі і таму справа адстойваньня інтарэсаў пацярпелых - гэта справа саміх пацярпелых.

На думку Алега Бебеніна, справу спынілі з палітычных меркаваньняў. Паводле ягоных звестак, у часе допытаў баркашоўцы зашмат гаварылі. Яны прызнаваліся, у прыватнасьці, у тым, што іхная арганізацыя мае ваенізаваны характар, што ўсе дзеяньні яны робяць паводле загаду. Бібенін мяркуе, што ўлады былі незацікаўленыя ў тым, каб на судзе выплылі гэтыя падрабязнасьці.

А вось меркаваньне яшчэ аднаго пацярпелага сябра Хартыі-97 Дзьмітрыя Бандарэнкі:

(Бандарэнка:) "Мы думаем, што гэта рэалізацыя нейкай устаноўкі зверху. Гэта тлумачыцца тым, што былі лёгкія цялесныя пашкоджаньні і гэтая справа не нясе нейкай грамадзкай небясьпекі. Маўляў, гэта была бойка, якая ўзьнікла на груньце асабістай непрыязьні".

(Карэспандэнт:) Гэта — вашае ўласнае меркаваньне, ці гэта вам, нейкім чынам, афіцыйна паведамілі, што матыў менавіта ў гэтым?

(Бандарэнка:) "Гэта матыў, які гучаў у часе размоваў зь міліцыянтамі, што праводзілі сьледзтва. Гэта прыблізна так тлумачылася. Ну, і нам сказалі, і напісана ў гэтай паперы, што калі мы хочам, мы можам абскардзіць гэтае рашэньне ў судзе".

(Карэспандэнт:) А вы будзеце гэта абскарджваць?

(Бандарэнка:) "Я думаю - не. Таму што ад самага пачатку мы лічылі, што гэтая справа ня будзе даведзеная да канца, бо за гэты час стала відавочным, што ўлады, тым ці іншым чынам, прыкрываюць баркашоўцаў. Зараз ёсьць інфармацыя, што свастыка ў такім варыянце была зарэгістраваная як афіцыйны сымбаль ваенна-спартовага клюбу "Коловрат", што баркашоўцы разам зь міліцыяй аднаго з раёнаў Менску патрулявалі вуліцы. Уявіце сабе карціну, калі ўначы ідуць міліцыянты і "молодчики в камуфляжах" са свастыкай, і яны забясьпечваюць грамадзкі парадак. А яшчэ мы лічым, што закрыцьцё гэтай справы дазволіць уладам выкарыстоўваць гэтых людзей. Таму што некалькі чалавек баркашоўцаў мы апазналі і гэтыя людзі маглі б сядзець у турме. А так - яны не сядзяць і зараз яны вымушаныя будуць, на нашую думку, неяк выконваць, скажам, просьбы ўладаў, калі ў гэтым узьнікне неабходнасьць. А тое, што баркашоўцы не спынілі сваёй дзейнасьці - ведаюць шмат жыхароў Менску, таму што баркашоўскімі ўлёткамі і плякатамі са свастыкай заклееныя раёны Серабранка, Малінаўка, Чыжоўка і іншыя".

Гэта было меркаваньне сябра Хартыі-97 Дзьмітрыя Бандарэнкі, які разам з Андрэем Саньнікавым і Алегам Бібеніным, у лютым сёлета, быў збіты сябрамі "Русского национального единства".

XS
SM
MD
LG