Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 19 траўня 1999 г.


Ірына Курапаткіна, Вашынгтон

Дзярждэпартамант ЗША пакуль устрымаўся ад выказваньня афіцыйнай пазыцыі наконт вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Аднак гэта не азначае, што сытуацыя ў Беларусі знаходзіцца па-за ўвагай Вашынгтону. Ход, канфлікты, а цяпер ужо і вынікі прэзыдэнцкіх выбараў актыўна абмяркоўваюцца амэрыканскімі экспэртамі.

Сапраўды, Дзярждэпартамант ЗША пакуль ня выказаў свайго стаўленьня да вынікаў выбараў. Адной з прычынаў, як мне ўчора паведамілі ў Дзярждэпартаманце, ёсьць тое, што на той момант афіцыйныя вынікі галасаваньня яшчэ не былі абвешчаныя. Паводле інфармацыі, атрыманай зь Дзярждэпартаманту, афіцыйная заява для прэсы з'явіцца бліжэйшым часам.

Складаецца ўражаньне, што для ЗША не 16 траўня, а хутчэй 20 ліпеня ёсьць істотнай датай. сваю пазыцыю Дзярждэпартамант выказаў ў часе слуханьняў у Кангрэсе вуснамі адмысловага дарадцы Дзяржсакратара ЗША ў дачыненьнях з новымі незалежнымі дзяржавамі Роса Уілсана, які, у прыватнасьці, зазначыў, што "заканчэньне дэмакратычнага, паводле Канстытуцыі 1994 г. мандату прэзыдэнта Лукашэнкі 20 ліпеня стане фармальным завяршэньнем працэсу, што пачаўся колькі гадоў таму. Адыход Лукашэнкі ад канстытуцыйных нормаў, замах на правы беларускіх грамадзянаў ужо паставілі пад сумнеў ягоную легітымнасьць у дэмакратычнай Эўропе".

Аднак наколькі прынцыповай будзе пазыцыя ЗША ў адносінах да Лукашэнкі, а таксама як былі ўспрынятыя падзеі вакол прэзыдэнцкіх выбараў, - казаць зарана.

Вось як пракамэнтаваў гэтую сытуацыю юрыст, экспэрт па Беларусі Іэн Бэргэр.

(Бэргэр: ) "Трэба ўсьведамляць розьніцу паміж асабістымі сымпатыямі людзей у амэрыканскім урадзе і афіцыйнымі захадамі. Канфлікт у Сэрбіі значна ўскладніў сытуацыю. Падзеі ў Беларусі заўсёды будуць разглядацца скрозь прызму дачыненьняў ЗША з Расеяй. Падтрымка Лукашэнкі расейскімі ўрадавымі коламі гарантуе абароненасьць ад адкрытай канфрантацыі з Захадам. Трэба адзначыць, што Злучаныя Штаты жадаюць бачыць разьвіцьцё і ўсталяваньне ў Беларусі адкрытага грамадзтва і легітымнай стабільнай палітычнай сыстэмы. Аднак у той жа час амэрыканскі ўрад вельмі асьцярожны і практычны. Нерэальна чакаць ад ЗША захадаў, якія грамадзяне Беларусі павінныя зрабіць самі".

Сп. Бэргэр лічыць, што выбары, якія працшлі ў Беларусі, адыгралі істотную ролю ў прыцягненьні ўвагі міжнароднай супольнасьці да Беларусі, што ў іншым выпадку было б малаверагодна, а таксама стварылі адпаведны я фон і ўмовы для вяртаньня ў Беларусь дэмакратыі. Аднак, як лічыць Бэргэр, выглядае, што беларускім палітычным лідарам не стае вопыту ўзамадзеяньня і супрацоўніцтва. Беларуская апазыцыя павінна сапраўды аб'яднацца і навучыцца працаваць узгоднена і прафэсыйна, каб прадэманстраваць, што беларускія дэмакратычныя сілы здольныя ня толькі на палітычныя акцыі, але гатовыя да кіраваньня краінай, - лічыць амэрыканскі экспэрт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG