Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 18 траўня 1999 г.


Пасьля больш як 50 дзён бамбаваньня Прэзыдэнт Мілошавіч рыхтуецца да здзелкі, але такой, якую можна было б назваць перамовамі, але не капітуляцыяй, — сцвярджаюць югаслаўскія аналітыкі. Пра тое, якія варыянты могуць быць прымальнымі як для югаслаўскага лідара, так і для НАТА, піша сёняшняя заходняя прэса.

Сярод палітыкаў і аналітыкаў Югаславіі існуе кансэнсус на конт таго, што Мілошавіч усё яшчэ мае палітычную прастору для манэўраў і можа падаць амаль любы вынік перамоваў як перамогу ў імкненьні захаваць сваю ўладу, — піша сёньняшняя International Herald Tribune. Газэта прапаноўвае шырокі спэктар меркаваньняў на конт магчымых вырыянтаў разьвязаньня Косаўскага канфлікту.

Незалежны аналітык Браніслаў Грубачыч кажа, што складанасьці ў разьвязаньні крызысу палягаюць у знаходжаньні менавіта такога рашэньня, якое дазволіць захаваць аблічча для ўсіх уцягнутых у канфлікт бакоў. Для Мілошавіча ключом будзе падкрэсленьне югаслаўскага сувэрэнітэту над Косавам. Яму таксама важна захаваць, як мінімум, частку югаслаўскай арміі і паліцэйскіх сілаў уздоўж мяжы з Альбаніяй і Македоніяй. Неабходна таксама, каб Мілошавіч адчуваў, што пагадненьне абараняе яго і ягоную сям'ю.

Паведамляецца, што Мілошавіч моцна раззлаваны слабымі дзеяньнямі расейскага пасланьніка на Бальканах Віктара Чарнамырдзіна. Югаслаўскія афіцыйныя асобы ня робяць сакрэтаў са свайго раздражненьня расейскім пасланьнікам, які ня здолеў прыбыць у Бялград у нядзелю, як чакалася. Замест гэтага, Чарнамырдзін выбраў візыт у Пэкін і потым у Маскву для перамоваў зь кітайскімі і амэрыканскімі прадстаўнікамі. Прыезд Чарнамырдзіна ў Бялград заплянаваны на чацьвер. Горан Маціч, уплывовы міністр без партфеля ад югаслаўскай Аб'яднанай левай партыі, якую ўзначальвае жонка Мілошавіча Мір'яна Маркавіч, кажа: "Расея пільнуецца свіх інтарэсаў ды імкнецца вярнуць прыхільнасьць Захаду. Кожная бомба НАТА, якая падае на Югаславію, мае на сабе штамп Расеі".

Іншыя югаслаўскія палітыкі, такія як Мілан Божыч, лічаць, што Мілошавіч напэўна адхіліць любую першую прапанову Чарнамырдзіна проста з прынцыпу. Божыч сцвярджае, што бязладзьдзе ў Расеі пасьля адстаўкі Прымакова – гэта яшчэ адна прычына, паводле якой Мілошавіч адхіліць першую прапанову Чарнамырдзіна. Ён скажа Чарнамырдзіну – вяртайцеся тады, калі вы будзеце сур'ёзнымі. Югаслаўскія палітыка разглядаюць хаос у Расеі як больш істотную перашкоду да міру чым бамбаваньне кітайскай амбасады ў Белградзе. Пэкін, вераць яны, ня будзе накладаць вэта на прапановы, вылучаныя сумесна Расеяй і ЗША. Некаторыя югаслаўскія палітыкі спадзяюцца, што шчыльныя сувязі Мілошавіча з Пэкінам могуць дапамагчы падтрымліваць ціск на Расею, каб тая была ня толькі "паштальёнам амерыканцаў". Яны адзначаюць, што Мілошавіч і Ельцын ня любяць адзін аднаго. Гэта пайшло яшчэ зь 1991 года, калі Бялград адразу падтрымаў спробу путчу, якую ўчынілі ў жніўні гэкачапісты.

Душан Міхайлавіч, лідар празаходняй апазыцыйнай партыі "Новая дэмакратыя" думае, што Мілошавіч не "прапусьціць шансу на мір". Альтэрнатыва, кажа Міхайлавіч, гэта "выпаленая зямля і ўварваньне наземных войскаў, што будзе значыць акупацыю і далейшыя разбурэньні, але нават гэта ня будзе азначаць канца Мілошавіча".

Заходныя краіны вельмі спадзяюцца на нязгоду і раскол, якія павінны зьявіцца ў югаслаўскім кіраўніцтве і грамадзтве. Вось што паведаміў на прэсавай канфэрэнцыі сёньня міністр абароны Вялікай Брытаніі Джордж Рабэртсан.

(Голас:) " Учора зьявілася шчыліна ў Югаслаўскім фасадзе. Па чарнагорскай тэлевізіі было паказана, як каля пяці тысячаў чалавек, пераважна жанчыны і дзеці, сабраліся на мітынг у горадзе Крушэвацы, у цэнтральнай Сэрбіі. Яны патрабавалі вяртаньня салдатаў з Косава. Галоўны лёзунг дэманстрантаў быў: мы хочам сыноў, а ня труны."

Пакуль што, аднак, большасьць сэрбаў думаюць, што патрабаваньні НАТО няслушныя, што НАТА "ня мае права рабіць гэта зь якім-небудзь народам, не залежна ад таго, што мы робім у Косаве" – кажа журналіст Ліліяна Смаялавіч, якая яшчэ да вайны папярэджвала, што Мілошавіч хутчэй будзе збамбаваным чым пагадзіцца на патрабаваньні НАТА.

Алекса Джылас, выдатны гісторык і палітоляг, мяркуе, што Захад палічыць занадта дарагім, з пункту гледжаньня грошай і крыві, уварваньне наземных войскаў. Ён адзначае, што сярод эўрапэйцаў існуе моцная апазыцыя наземным ваенным дзеяньням.

"Я думаю, Захад загнаў Мілошавіча ў кут са сваім ультыматумам і Мілошавіч не ведае, як адтуль выйсьці" – кажа Джылас.

Агляд падрыхтаваў Віталь Цыганкоў

XS
SM
MD
LG