Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 траўня 1999 г.


Жана Залозная, Віталь Тарас,

"Мне падаецца, што ў дадзеным выпадку пазыцыя Зянона Пазьняка, які заявіў аб тым, што ня ўдзельнічае ў гэтай кампаніі, больш слушная, чым пазыцыя выбарчай камісіі", - лічыць карэспандэнт газэты "Беларускі рынак" Паўлюк Быкоўскі.

(урывак зь перадачы "Панядзелак, панядзелак", эфір 17 траўня).

Сваю думку пра наступствы выбарчай кампаніі мы папрасілі выказаць карэспандэнта газэты "Беларускі рынак" Паўлюка Быкоўскага.

(Быкоўскі:) "Сама ідэя выбараў мне падаецца вельмі цікавай і разумнай, але - як яна была праведзеная... Калі палова грамадзянаў прагаласавала - дык было б вельмі добра гэтую палову пабачыць.

Мне падаецца, што ў дадзеным выпадку пазыцыя Зянона Пазьняка, які заявіў аб тым, што ня ўдзельнічае ў гэтай кампаніі, больш слушная, чым пазыцыя выбарчай камісіі.

На маю думку, тыя відавочныя фальсыфікацыі, што прысутнічалі ў падпольнай выбарчай кампаніі, абавязкова дыскрэдытуюць і ўжо дыскрэдытавалі апазыцыю ў вачах грамадзтва. Але, разам з тым, апазыцыя можа, і было б вельмі добра, каб яна магла выкарыстаць тое, што адбылося каб ачысьціцца ад бруду. Калі хлусяць палітыкі - дык гэта горш за ўсё. Асабліва калі гэта робяць тыя, хто можа абаперціся толькі на сваіх прыхільнікаў, якія дапамагаюць ім толькі з-за веры ў нейкія ідыялы.

Сёньня вельмі лёгка вырабляць з Віктара Ганчара нейкі сучасны варыянт папа Гапона, але мне падаецца, што гэта неправільнае параўнаньне. Ганчар нічога новага не прыўнёс. Такія мэтады заўсёды прысутнічалі, калі браць тое, што рабілі ўлады з рэфэрэндумамі і выбарамі. Зараз нешта падобнае паспрабавала зрабіць апазыцыя, і экспэрымент паказаў, што лепей надалей не выкарыстоўваць падобныя мэтады.

І цяпер проста няма магчымасьці апазыцыйным беларускім палітыкам знаходзіцца ў традыцыйным беларускім балоце, калі не прымаюцца ніякія рашэньні і атрымоўваецца толькі нейкае рэагаваньне на тое, што робяць улады. Проста неабходна пераходзіць у наступ, каб ня быць задушанымі крытыкай тых жа самых уладаў. Бо тое, што робіцца сёньня на Беларускім тэлебачаньні і ў дзяржаўных газэтах, - проста ёсьць выціраньнем ног аб апазыцыю, прычым апазыцыя сама пад гэта падставілася".

(Карр.:) Ці сапраўды адбыўся раскол у БНФ, як пішуць некаторыя газэты?

(Быкоўскі:) "Мне падаецца, што раскол у гэтай арганізацыі напспяваў ужо даўно, і гэтыя выбары могуць быць толькі штуршком дзеля таго, каб раскол праявіўся. Ня ведаю, што адбудзецца на з'езьдзе БНФ гэтым летам, але можа так здарыцца, што ўзьнікне дзьве ці нават болей арганізацыяў, якія будуць нашчадкамі Беларускага Народнага Фронта".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG