Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 траўня 1999 г.


Уладзімер Глод, Менск

17 траўня з Кракаву ў Менск вярнуліся старшыні Вярхоўных Саветаў Х11 і Х111 скліканьня Станіслаў Шушкевіч і Сямён Шарэцкі. Яны ўдзельнічалі ў сэсіі сумеснага сходу парлямантарыяў Польшчы і Літвы.

Галоўным пытаньнем сэсіі было абмеркаваньне становішча нацыянальных меньшасьцяў у суседніх зь Беларусьсю краінах. Прысутнасьць беларускіх парлямантарыяў была абумоўленая тым, што ў Кракаве ў іх зьявілася магчымасьць правесьці шэраг перамоваў з калегамі ня толькі з Польшчы, але і зь Літвы, Эстоніі, Украіны, якія таксама ўдзельнічалі ў сэсіі.

Падчас перамоваў Шарэцкага і Шушкевіча іхнія калегі запэўнілі, што яны, як і раней, прызнаюць легітымнасьць Вярхоўнага Савету Х111 скліканьня і лічаць яго адзіным вышэйшым заканадаўчым ворганам Беларусі. Падцьверджаньнем гэтага зьяўляецца ня толькі тое, што ў дачыненьні да Сямёна Шарэцкага быў захаваны пратакол прыёму высокай афіцыйнай асобы. Спадар Шарэцкі распавёў яшчэ пра адзін эпізод.

(Шарэцкі: ) "Калі ў нас пачаліся выбары прэзыдэнцкія, дык парлямант Літвы стварыў адмысловую групу для працы зь Беларусьсю. І вось гэтыя нашыя злачынцы, якія знаходзяцца ў так званым "нацыянальным сходзе", адразу патэлефанавалі, павіншавалі іх, думалі, што гэта дзеля таго, каб зь імі працаваць, а тыя ім адказалі: "Ды не! Мы ж дэмакратычная краіна, і таму мы будзем працаваць толькі з дэмакратамі, з сумленнымі людзьмі".

Вялікую цікавасьць у парлямантарыяў суседніх краінаў выклікала сытуацыя ў Беларусі, зьвязаная з прэзыдэнцкімі выбарамі. Сямён Шарэцкі, якому далі магчымасьць дзеля гэтага выступіць на сэсіі, заявіў:

(Шарэцкі: ) "Праходзяць выбары, якія прызначыў Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь, і людзі выкажуцца, падтрымоўваюць яны сапраўды тую дыктатуру, якая ўвесь час пра гэта бубніць, што нібыта яе большасьць падтрымоўвае, - ці не падтрымоўваюць. А тое, што мы павінныя праводзіць выбары дзесяць дзён, дык у гэтым ня мы вінаватыя. Вінаватая сама ўлада выканаўчая, якая не дазволіла людзям выкарыстаць свае канстытуцыйныя правы і абіраць цывілізваным шляхам прэзыдэнта кожныя пяць гадоў. Больш таго, мы падкрэсьлілі, і яны з гэтым пагадзіліся, што ніякага тут парушэньня канстытуцыі і заканадаўства няма. Проста мы больш вымушаныя працаваць у дадзеным выпадку па выключэньні, а не па правілах. Але ж закон пры гэтым не парушаецца".

З гэтай нагоды Станіслаў Шушкевіч лічыць:

(Шушкевіч : ) "Мы навучыліся таму-сяму ў літоўцаў і ў палякаў. Мы цяпер выкарыстоўваем тую зброю, яна мацнейшая. Вось паспрабаваў прэзыдэнт супраць нас стаяць шляхам галасаваньня ў розныя дні – і мы ўзялі гэта на ўзбраеньне, і паказалі, што мы яшчэ лепей гэта можам зрабіць. І яны сказалі, што сьмеху было б варта, калі б хто з гэтым не пагадзіўся. І таму ў пэўным сэнсе сьмеху вартая тая заява Пазьняка, які сядзіць у Польшчы стэрыльнай і даўно ня ведае, што робіцца ў Беларусі. І гэта атрымала гарачую падтрымку, гарачае адабрэньне, што на месцы можна вырашаць пытаньні, а не даваць парады з-за бугра".

Што тычыцца далейшых дзеяньняў Вярхоўнага Савету Х111 скліканьня, дык ён, па словах маіх суразмоўцаў, будзе як і раней прытрымлівацца Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 года. Плянуецца правесьці паседжаньне Прэзыдыўму, а затым і агульнага сходу дэпутатаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG