Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 траўня 1999 г.


Заходняя прэса надала сёньня ня надта шмат увагі прэзыдэнцкім выбарам. "Апазыцыя ў Беларусі аказалася нагэтулькі моцна падзеленая ў выбарах, якія адбыліся ўчора, што аўтарытарнаму прэзыдэнту краіны Аляксандру Лукашэнку зусім не прыйшлося хвалявацца аб страце сваёй пасады", — да такой высновы прыйшла карэспандэнтка нямецкай газэты "Франкфуртэр Руншаў" Эдзіт Гелер.

"Абставіны гэтых выбараў былі далёкія ад нармальных, — піша Эдзіт Гелер, — хаця яны і былі прызначаныя дэмакратычным парлямэнтам. Гэты самы парлямэнт быў зьліквідаваны тры гады таму прэзыдэнтам, які адным махам і прадоўжыў свой тэрмін да 2001 году. З гэтае прычыны Лукашэнка і не прызнае выбары і робіць усё магчымае, каб ім перашкодзіць. Усё ж апазыцыя настойліва дамаглася іх правядзеньня. Але пасьля расколу, які адбыўся ў апазыцыі, ужо вядома, хто атрымаўся сапраўдным пераможцам — ягонае імя Аляксандар Лукашэнка."

Не такое фатальнае бачаньне сытуацыі ў сябра рабочай групы Парлямэнцкае асамблеі АБСЭ па Беларусі дэпутата нямецкага Бундэстага Герта Вайскірхена. Сваю ацэнку сытуацыі ў Беларусі ён даў нашаму радыё ў кароткім інтэрвію па тэлефоне з Бону.

(Вайскірхен:) Ну гэта неверагодна вялікая лічба тых, хто прагаласавалі ў гэтых выбарах, і яна паказвае, што апазыцыя да рэжыму Лукашэнкі ўзрастае. Гэтая лічба павінна функцыянаваць як адна з важных прыкметаў таго, што надышла пара знайсьці канструктыўны кампраміс паміж бакамі процістаяньня — унутры самой апазыцыі, а таксама паміж апазыцыяй і лукашэнкаўскім рэжымам. А для нас як удзельнікаў працоўнай групы Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ было б вельмі добра выкарыстаць гэтую прыкмету дзеля знаходжаньня кампрамісу паміж гэтымі бакамі і дзеля таго, каб урэшце дэмакратыя ў Беларусі магла бы быць узмоцненай.

XS
SM
MD
LG