Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 траўня 1999 г.


Казімір Яноўскі, Гомель

Па папярэдніх дадзеных, на Гомельшчыне прагаласавала 55,5 адсоткаў выбаршчыкаў. Найбольшай актыўнасьцю вызначыліся, апроч абласнога цэнтру, Сьветлагорск і Жлобін.

Паводле папярэдніх зьвестак, не адбыліся выбары ў Гомельскім сельскім раёне і Рэчыцы. У апошнім горадзе высілкамі мясцовай пракуратуры і сьледчых міліцыі праводзіліся павальныя ператрусы ў кватэрах сяброў тэрытарыяльнай выбарчай камісіі. Дзейнасьць яе, па сутнасьці, была паралізаваная і пераведзеная на паўлегальнае становішча.

Вялікі ўціск зьведалі і сябры абласной камісіі па выбарах прэзыдэнта. Нават ейны старшыня Яўген Мурашка у сувязі зь перасьледам праваахоўчымі ворганамі складваў зь сябе паўнамоцтвы. Ён, дарэчы, і зараз знаходзіцца пад арыштам у Калінкавіцкім міліцэйскім пастарунку.

Шэраг сяброў Гомельскай гарадзкой і раённых камісіяў з БНФ выйшлі зь іхняга складу пасьля таго, як Зянон Пазьняк адмовіўся ад кандыдацтва ў прэзыдэнты. Нагадаю і такі факт: напярэдадні нядзельных выбараў сьледчыя міліцыянты Савецкага РАЎСу абласнога цэнтру хадзілі па кватэрах сяброў абласной камісіі і папярэджвалі іх аб крымінальнай адказнасьці за правядзеньне галасаваньня шляхам пакватэрнага абходу.

Такія папярэджаньні атрымалі, у прыватнасьці, Зінаіда Шуміліна і Сьвятлана Нікуліна.

Сёньня я папрасіў сябру абласной камісіі па выбарах прэзыдэнта, старшыню рэгіянальнай арганізацыі АГП Віктара Карніенку падсумаваць здабыткі і мінусы беспрэцыдэнтнай акцыі. Спадар Карніенка заявіў, што дэталёвыя падсумаваньні будуць зробленыя пасьля канчатковага афіцыйнага паведамленьня Цэнтарвыбаркаму. Разам з тым ён выказаў засмучэньне, што законныя канстытуцыйныя выбары ўлады не далі правесьці.

XS
SM
MD
LG