Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 траўня 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі будуць афіцыйна абвешчаныя Цэнтарвыбаркамам 19-га траўня. Прычым, як паведамілі ў ЦВК, будзе абвешчаная колькасьць тых, хто прагаласавалі як за Міхаіла Чыгіра, так і за Зянона Пазьняка, які да 16 траўня зьяўляўся кандыдатам у Прэзыдэнты, на думку Цэнтарвыбаркаму.

Паводле дадзеных ЦВК, за 10 дзён галасаваньня ў выбарах ўзялі ўдзел 4 мільёны 7 тысячаў 302 чалавекі з 7,5 мільёнаў выбаршчыкаў Беларусі. У кіраўніцтве БНФ гэтыя лічбы паставілі пад вялікі сумнеў, разам з тым, сам старшыня ЦВК, Віктар Ганчар, у інтэрвію для інфармацыйнай агенцыі БелаПАН, у прыватнасьці, зазначыў: "Я ўсьведамляю той факт, што рэальна кампанія праходзіла па значных адхіленьнях ад ідэальных працэдурных умоваў, і ў сувязі з гэтым падвядзеньне вынікаў галасаваньня па кожным з кандыдатаў будзе мець сур'ёзныя юрыдычныя праблемы." З падрабязнасьцямі Юрась Карманаў:

Цэнтарвыбаркам паведамляе, што ў выбарах прыняло ўдзел 53,1% выбаршчыкаў. Прычым выбары адбыліся ва ўсіх абласьцях Беларусі. Цягам усёй кампаніі лідэрам была Віцебская вобласьць, аднак там, паводле канчатковых дадзеных ЦВК, прагаласавала ўсяго 52,5%. Лідэрам зьяўляецца Менск, дзе прагаласавала 58,09% і Менская вобласьць — 55,7%. У Гарадзенскай вобласьці ў выбарах ўзялі ўдзел 52,3%, у Берасьцейскай — 50,1%. У Магілеўскай вобласьці прагаласавалі 50,6% выбаршчыкаў.

Рэпрэсіі супраць сябраў выбарчых камісіяў на радзіме прэзыдэнта, Магілеўшчыне, былі найбольш брутальнымі. Усяго, як падае ЦВК, было рэпрэсавана блізу 200 сябраў выбарчых камісіяў з 14 тысячаў. 15 сяброў камісіяў былі асуджаныя на розныя тэрміны зьняволеньня. Толькі за ўчорашні дзень у Горадні было затрымана 14 сябраў камісіяў, у Барысаве — 5, у Полацку — 4. Факты затрыманьня сяброў камісіяў былі зафіксаваныя ўчора ў Зэльве, Слоніме і Мастах.

Камэнтуючы нашаму радыё вынікі галасаваньня, старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Віктар Ганчар заявіў:

(Ганчар:) "Яшчэ рана казаць пра якія-небудзь вынікі кампаніі, таму што ёсьць толькі папярэднія зьвесткі. Што тычыцца афіцыйных і фармальна юрыдычных вынікаў галасаваньня, то яны будуць падведзеныя, зразумела, на пасяджэньні Цэнтральнай камісіі, якое мяркуецца правесьці 19-га траўня. Калі я чую нейкія іншыя камэнтары, у мяне гэта выклікае зьдзіўленьне".

(Карэспандэнт:) Якімі Вам бачацца мэханізмы прыводу да ўлады абранага кандыдата?

(Ганчар:) "Гэта праблема палітыкаў і праблема кандыдата ў прэзыдэнты, які стаў, на самой справе, прэзыдэнтам".

(Карэспандэнт:) Спадар Ганчар, назіральнікі сьцьвярджаюць, што яшчэ адным вынікам прэзыдэнцкай кампаніі стаў раскол у шэрагах беларускай апазыцыі. Скажыце, як Вы расцэньваеце сытуацыю?

(Ганчар:) "Неадэкватныя заявы неадэкватных палітыкаў яшчэ ня сьведчаць пра нейкі раскол. Больш за тое, раскалоць можна тое, што ёсьць на самой справе. На сёньняшні дзень для мяне зразумела, што прайшло, і гэта я расцэньваю як пазытыўны момант, разьмежаваньне паміж тымі палітыкамі, што могуць штосьці зрабіць, і тымі, палітыкамі, якіх, ну напрыклад Зянон Пазьняк у свой час называў імітатарамі.Гэтая кампанія якраз паказала тое, што асобная частка беларускай апазыцыі, што зьяўляецца ну вельмі дзіўным, працуе ў адным ланцугу з Лукашэнкам."

(Карэспандэнт:) Скажыце калі ласка, ці прагназуеце Вы правядзеньне прэзыдэнцкай кампаніі, але пры падтрымцы афіцыйных уладаў? Калі так, то можа Вам удасца акрэсьліць нейкія тэрміны правядзеньня гэтай кампаніі і, можа нечаканае для Вас пытаньне — ці зьбіраецеся Вы браць у гэтай кампаніі, якая можа адбыцца, удзел у якасьці кандыдата ў прэзыдэнты?

(Ганчар:) "Гэтае пытаньне, можа, і слушнае, але задаваць яго яшчэ зарана. Таму я хачу падкрэсьліць, што трэба падвесьці вынікі гэтай кампаніі, тады стане відавочным, які будзе працяг гэтага працэсу. Што тычыцца магчымых прэзыдэнцкіх выбараў пад кантролем міжнародных арганізацыяў, гэта стане рэальнасьцю ў тым выпадку, калі па выніках гэтай кампаніі будуць аб'яўленыя паўторныя выбары. Зразумела, я выступаю за такія выбары, але без удзелу так званых беларускіх уладаў, бо відавочным вынікам гэтай кампаніі зьявілася і тое, што Лукашэнка ўжо зараз страціў фактычна легітымнасьць, і застаецца толькі дачакацца страты і юрыдычнай легітымнасьці."

Незалежна ад колькасьці аддаўшых свае галасы за Зянона Пазьняка, Беларускі Народны Фронт не прызнае вынікаў гэтай выбарчай прэзыдэнцкай кампаніі. Пра гэта нашаму радыё заявіў прэсавы сакратар БНФ Валеры Буйвал. Ён назваў заяву ЦВК аб немагчымасьці Пазьняка выхаду з кампаніі "увядзеньнем у зман грамадзкасьці". Валеры Буйвал яшчэ паведаміў, што БНФ лічыць вынікі кампаніі сфабрыкаванымі. Нагадаю, што выбарчыя камісіі на 90% складаліся зь сябраў БНФ, якія, магчыма, выйшлі са складаў выбарчых камісіяў.

"Цалкам рэальнымі" назвала лічбы ЦВК жонка кандыдата ў прэзыдэнты Міхаіла Чыгіра Юлія.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG