Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 траўня 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Сёньня Цэнтрвыбаркам паведаміў, што па ўсёй Беларусі прагаласавала 48,7 адсоткі выбаршчыкаў і выбары працягваюцца. Разам з тым кіраўніцтва БНФ на адмысловай прэсавай канфэрэнцыі заявіла, што 80 адсоткаў сябраў Фронту выходзяць з выбарчых камісіяў. (Эфір 15 траўня)

Прэсавы цэнтар ЦВК сцвярджае, што на 14 траўня ў выбарах узялі ўдзел 3 мільёны 676 тысячы 344 чалавекі. Гэта складае 48,7 адсоткі ад агульнай колькасьці выбаршчыкаў. Па абласьцях дынаміка застаецца нязьменнай: на першым месцы — Віцебская, на апошнім — Магілеўская. Адкліканьне Зянонам Пазьняком сваёй кандыдатуры не сарвала выбары. Да моманту атрыманьня арыгіналу пісьмовай заявы і адпаведнага сходу ЦВК ён лічыцца кандыдатам у Прэзідэнты — заяўляе старшыня ЦВК Віктар Ганчар.

Матывы кроку Пазьняка сёньня журналістам тлумачылі ў сядзібе Фронту на адмысловай прэсавай канфэрэнцыі. У кіраўніцтве Фронту думкі жорстка падзяліліся. Адказны сакратар Управы БНФ Анатоль Крыварот паведаміў, што сябры БНФ адкліканыя з выбарчых камісіяў ужо ў 30 гарадах Беларусі. Намесьнік старшыні Фронту Сяргей Папкоў заявіў, што Фронт лічыць выбары "бруднай антызаконнай фальсыфікацыяй, якая праводзіцца на расейскія грошы". Пры гэтым ён не ўдакладніў, каму з расейскіх груповак належаць гэтыя грошы. Дыямэтральна супрацьлеглай думкі прытрымліваеццца сакратар Управы Фронту Вячаслаў Сіўчык, які лічыць, што Фронт не павінен адклікаць сваіх сяброў з выбарчых камісіяў і тым самым зрываць кампанію.

У якасьці жывога сьведкі фальсіфікацыяў на прэсавай канферэнцыі выступаў Мікола Занька з Ганцавічаў, які ўзначальвае там выбарчую камісію. Ён паведаміў, што выбарчыя бюлетэні паступілі толькі 9 траўня ўвечары, але ЦВК паведамляе, што ў Ганцавіцкім раёне на той момант прагаласавала 10 адсоткаў выбаршчыкаў. У сувязі з гэтым Сяргей Папкоў заявіў:

Ужыта тэхналёгія дэманстратыўнай фальсыфікацыі. Ужыта для разбурэньня якраз адной з асноўных арганізацыяў, якая змагаецца супраць камуна-фашысцкага рэжыму, супраць дыктатуры. Менавіта Ганчар, уступіўшы на шлях падману і дэманстратыўнай фальсыфікацыі, здрадзіў чарговы раз пад прыкрыцьцём сп. Шарэцкага; здрадзілі беларускаму народу, не арганізаваўшы дакладна нармальнае правядзеньне выбараў, — лічыць намесьнік Старшыні Фронту Сяргей Папкоў.

Сакратар Управы Вячаслаў Сіўчык заклікае аб"ектыўна ацаніць сытуацыю, пры якой БНФ дзейнічае сінхронна з афіцыйнымі ўладамі. Сп. Сіўчык нагадвае, што за час кампаніі 150 сяброў Фронту арыштаваныя і 15 асуджаныя. Адказваючы на пытаньне нашага Радыё наконт магчымага расколу ў Фронце, Сіўчык заявіў:

(Сіўчык: ) "Я ўсёткі спадзяюся, што БНФ пазьбегне расколу. Але ж гэта будзе магчыма, калі будуць выконвацца хоць мінімальныя дэмакратычныя нормы кіраваньня арганізацыяй. Ёсьць ухвала Сойму БНФ, ніхто легітымна ў БНФ не прымаў рашэньня аб выхадах людзей з гэтых камісіяў. Я падкрэсьліваю, што дадзеныя, якія дае ЦВК, пакуль папярэднія, яны могуць быць зьмененыя. Яны ня могуць быць арогумантам, што ідзе фальсыфікацыя, бо няма пратаколаў. Негледзячы на ўсё, што адбываецца, сябрам БНФ ні ў якім разе нельга парушаць самім заканадаўства. Сёньня я ня бачу ніякіх падставаў для таго, каб сябры БНФ выходзілі з выбарчых камісіяў. Вельмі, канешне, шкада, што йдуць абсалютна сынхронныя дзеяньні па разбурэньні выбарчай кампаніі --як з боку рэжыму, так і з боку некаторых кіраўнікоў БНФ. Нішто не вучыць!!!"

Вячаслаў Сіўчык на прэсавай канфэрэнцыі публічна папрасіў прабачэньня ў сям"і кандыдата ў прэзыдэнты Міхаіла Чыгіра за абразы, якія гучаць у апошнім факсе Зянона Пазьняка. Сіўчык лічыць, што Пазьняка дэзынфармуюць намесьнікі старшыні Фронту. Разам з тым на прэсавай канфэрэнцыі не прагучалі варыянты разьвіцьця падзеяў пасьля 16 траўня, а таксама пасьля 16 ліпеня, калі выцякае тэрмін прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Лукашэнкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG