Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 траўня 1999 г.


Мікола Іваноў, Прага

Мінулай ноччу і раніцай паветраныя атакі авіяцыі НАТO былі сканцэнтраваныя на югаслаўскіх электрастанцыях. Бомбы ўпалі на самую вялікую зь іх у бялградскай ваколіцы Абрэнавац, якая пастаўляе электрычнасць Бялграду. Бомбы і ракеты трапілі таксама ў лініі электраперадачаў і станцыі гарадоў Ніш, Нові Сад, Смэрэдова. На некалькі гадзінаў югаслаўская сталіца і іншыя гарады засталіся без электрычнасьці. Але разам з баявымі дзеяньнямі актывізуюцца высілкі, накіраваныя на мірнае ўрэгуляваньне косаўскага крызысу.

Адной з галоўных падзеяў сёньняшняга дня стаў візыт Гілары Родэм Клінтан, жонкі прэзыдэнта ЗША Біла Клінтана, у Македонію, якая стала прытулкам для амаль чвэрці мільёна ўцекачоў з Косава. Гілары Клінтан прыехала ў гэтую малую балканскую краіну, каб асабіста падзякаваць македонскім уладам за высілкі ў справе дапамогі такой вялікай колькасьці ўцекачоў. Яна сустрэлася з прэзыдэнтам краіны Кіра Глігаравым, прэм'ер-міністрам Любча Георгіеўскім, наведала Стэнкавіцкі лягер уцекачоў, дзе часова пражывае амаль 20 тыс. чалавек, асабіста на месцы пагутарыла зь дзясяткамі зь іх, выказала спачуваньне амэрыканскага ўраду і, калі была магчымасьць, аказвала дапамогу на месцы.

Між тым, Масква апошнімі днямі стала цэнтрам дыпляматычных высілкаў, накіраваных на ўрэгуляваньне косаўскага канфлікту. Увесь дзень учора тут вёў перамовы прэзыдэнт Францыі Жак Шырак. Спачатку ён сустрэўся з прэзыдэнтам Барысам Ельцыным, пазьней правёў перамовы з расейскім міністрам замежных справаў Ігарам Івановым і спэцыяльным пасярэднікам расейскага прэзыдэнта ў справе вырашэньня косаўскага крызысу Віктарам Чарнамырдзіным.

Пасьля перамоваў Жак Шырак заявіў пра сваю ўпэўненасьць, што Расея надалей будзе адыгрываць канструктыўную ролю ў міратворчых высілках сусьветнай супольнасьці, што на ягоную думку няма сьведчаньняў таго, каб Расея хацела выйсьці зь міратворчага працэсу.

Аб гэтым заявіў на прэсавай канфэрэнцыі ў Вашынгтоне і прэсавы сакратар Дзяржаўнага Дэпартамэнту Джэймс Рубін: «Мы працягваем канструктыўную працу з расейцамі ў рабочых групах. Яны будуць працаваць і сёньня. Намеснік дзяржаўнага сакратара Тэлбот вёў учора і сёньня перамовы. І я ня бачу сьведчаньняў таго, каб праца прыпынілася, яна працягваецца».

Падобнай думкі прытрымліваецца і намеснік дзяржаўнага сакратара ЗША Строўб Тэлбат, які правёў у Маскве некалькі раўндаў перамоваў з расейскім кіраўніцтвам. Пасля першага раўнду маскоўскіх перамоваў Строўб Тэлбат накіраваўся ў Гельсынкі на перамовы зь фінскім прэзыдэнтам Маці Анцісаары, якога разглядаюць у якасьці магчымага пасярэдніка ў перамовах паміж НАТО і Югаславіяй. Фінляндыя ўваходзіць у склад Эўрапейскага саюзу, але не зьяўляецца членам НАТО. За Тэлбатам у Гельсынкі пасьпяшаўся Віктар Чарнамырдзін, які таксама вёў зь фінскімі лідэрамі перамовы аб пасярэдніцтве.

Генэральны сакратар ААН Кофі Анан таксама намагаецца актыўна ўключыцца ў перамоўны працэс. У Жэнэве ён правёў перамовы са Строўбам Тэлбатам, які вяртаўся з Масквы ў Вашынгтон. Сюды таксама накіраваўся на перамовы з Ананам былы швэдзкі прэм'ер-міністар Карл Більд, які будзе выконваць ролю спэцыяльнага прадстаўніка генэральнага сакратара ААН на Балканах, і славацкі прэм'ер Эдуард Кукан, таксама магчымы кандыдат у пасярэднікі.

У самых ЗША таксама ў афіцыйных заявах і прамовах пачаў пераважаць памяркоўны тон. Прэзыдэнт Біл Клінтан, выступаючы ў Нацыянальным Інстытуце Ваенных Дасьледаваньняў у Форце Макнэйер заявіў:

(Клінтан:) «Мы спрачаемся ня з сэрбскім народам. Амэрыканцы сэрбскага паходжаньня шмат зрабілі для ЗША. Мільёны амэрыканцаў радасна глядзяць тэлевізыйныя рэпартажы з баскетбольных матчаў, дзе гуляюць сэрбскія амэрыканцы.

Людзі сэрбскага паходжаньня — важны элемэнт амэрыканскага грамадзтва. Мы ніколі не забудзем, як сэрбы мужна змагаліся з фашысцкай агрэсіяй падчас Другой сусьветнай вайны. Яны шмат пакутавалі. Мы ведаем, што сэрбаў таксама выганялі з дамоў, што яны пакутавалі на працягу апошняга дзесяцігодзьдзя ў канфліктах, якія справакаваў прэзыдэнт Мілошавіч.

І таму мы гатовыя прыняць Сэрбію ў якасьці часткі новай Эўропы, калі народ Сэрбіі згодзіцца прыняць і працаваць для падобнай будучыні».

У Вашынгтоне таксама група амэрыканскіх кангрэсмэнаў распрацавала магчымыя прынцыпы мірнага пагадненьня ў Косаве. І цяпер 11 амэрыканскіх кангрэсмэнаў рыхтуюцца прапанаваць адпаведную рэзалюцыю на форум амэрыканскага кангрэсу. У рэзалюцыі гаворыцца аб магчымасьці прыпыненьня бамбаваньняў адначасна з пачаткам вываду сэрбскіх войскаў у Косаве. Вядома, што калі падобная рэзалюцыя будзе прынятая, яна ня будзе мець сілу закону. Але яна будзе сымбалізаваць сабой чарговы націск амэрыканскай грамадзкай думкі на адміністрацыю прэзыдэнта Клінтана пайсьці на кампраміс у справе Косава. Старшыня гэтай парлямэнцкай групы кангрэсмэн Курт Ўэлдан ахарактарызаваў свае дзеяньні наступным чынам:

(Ўэлдан:) «Ад пачатку наша галоўная мэта была не перамовы. Ад пачатку мы ведалі, і працаўнікі дзяржаўнага дэпартамэнту пацьвярджалі гэта сваімі дзеяньнямі, што трэба падтрымліваць нашу адміністрацыю і 5 варункаў НАТО. І вось цяпер мы згаджаемся, што трэба вызначыць парамэтры мірнага паразуменьня, парамэтры, на падставе якіх можна будзе ісьці наперад».

Самае цікавае тут тое, што гэты праект рэзалюцыі амэрыканскага кангрэсу амэрыканскія парлямэнтарыі распрацавалі разам са сваімі расейскімі калегамі. На пачатку траўня члены гэтай групы са згоды Дзяржаўнага Дэпартамэнту правялі на нэўтральнай тэрыторыі ў Вене перамовы з групай членаў расейскай Дзяржаўнай Думы. У выніку і зьявіліся гэтыя супольныя расейска-амэрыканскія парлямэнцкія кампрамісныя прапановы. Пасля перамоваў у Вене плянавалася нават супольная паездка амэрыканскіх і расейскіх парлямэнтарыяў у Бялград, каб на месцы паспрабаваць пераканаць югаслаўскага прэзыдэнта Слабадана Мілошавіча прыняць гэтыя прапановы. Дзяржаўны Дэпартамент, аднак, не згадзіўся на гэта. Курт Ўэлдан перакананы, што Расея здольная адыгрываць у мірным працэсе канструктыўную ролю. Ён працягвае:

(Ўэлдан:) «Упершыню ў выніку перамоваў Расея згадзілася на ўзброеныя міжнародныя сілы ў Косаве. Упершыню Расея згадзілася на вывад узброеных сэрбскіх частак з Косава. Упершыню Расея згадзілася ўжываць тэрмін "этнічныя чысткі" у дакумэнце».

Аднак нельга пераацэньваць гэтую канструктыўную ролю Расеі ў міжнародных міратворчых высілках. Учора ў Маскве зьявілася афіцыйная заява Міністэрства Замежных Справаў Расеі, у якой ёсьць патрабаваньне неадкладнага прыпыненьня бамбаваньняў і ракетнага абстрэлу Югаславіі. Сама заява вытрыманая ў вельмі жорсткіх фразах. У ёй гаворыцца, напрыклад, што Расея ня будзе фірмаваць сваім імём перамовы толькі дзеля перамоваў, што магчыма яна адмовіцца ад сваёй ролі пасярэдніка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG