Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 траўня 1999 г.


Новы пэрыяд палітычнай нестабільнасьці ў Расеі, верагоднае незацьвярджэньне Думаю Сьцяпашына на пасадзе прэм'ера, магчымы імпічмент Ельцына — усё гэта дае магчымасьці спаўзаньня Расеі бліжэй да бездані, зазначае сёньня газэта Washington Post. Амаль усе заходнія выданьні сёньня зьмясьцілі рэдакцыйныя артыкулы ды камэнтары на тэму расейскага палітычнага крызысу.

Газэта New York Times у сваім рэдакцыйны артыкуле зазначае, што нічога добрага не атрымаецца з гэтай нікому не патрэбнай канфрантацыі ў Расеі. У выніку Расея стане яшчэ больш аслабленай, чым цяпер. Імпічмент жа выглядае як зусім нікому не патрэбны, ён цяпер — адзін з працэсаў, якія можна было б назваць асноўнымі разбуральнікамі Расеі, піша New York Times.

У сваім эўрапейскім выпуску Wall Street Journal зьмясьціла артыкул прэзыдэнта амэрыканскага аналітычнага цэнтру Ніксана, Дзьмітрыя Сімса, які заўважае, што адстаўка Прымакова і прызначэньне на ягонае месца Сьцяпашына можна назваць выбухам у расейскай стабільнасьці. На думку Сімса, зараз існуе большая верагоднасьць, што Дума прагаласуе за імпічмент, чымсьці падтрымае кандыдытуру Сьцяпашына на пасаду прэм'ер-міністра.

Гішпанская газэта El Mundo называе Ельцынa такім жа дыктатарам-крывасмокам, як і Сталін. Каб утрымацца ва ўладзе, ён выкарыстоўвае тыя самыя спосабы. Ніхто ня верыць у тое, што Сьцяпашын справіцца з эканамічнымі праблемамі Расеі лепш, чымсьці адпраўлены ў адстаўку Прымакоў. Відавочна, што сам Ельцын ня здольны вывесьці Расею з эканамічнага крызысу, але ён ізноў паказаў сябе майстрам палітычнай гульні і здолеў моцна зачапіцца за ўладу, піша газэта El Mundo.

Заходнія выданьні зазначаюць, што палітычны крызіс у Рaсеі значна паслабіў яе пазыцыі на міжнароднай арэне, калі зьявілася надзея, што менавіта Расея здолее выканаць ролю міжнароднага пасярэдніка ў вырашэньні Балканскага крызысу.

Сёньняшнюю расейскую сытуацыю называюць самай горшай за апошнія 5 гадоу з часу расстрэлу Ельцыным Вярхоўнага Савету у 1993 годзе. Расстрэл Белага Дому значыцца сярод 5 абвінавачаньняў у бок Ельцына ў працэдуры імпічмэнту.

Дзеля таго, каб працэс імпічмэнту пайшоў далей, Дзярждуме трэба каб хоць адно з гэтых 5 абвінавачаньняў падтрымалі мінімум 300 дэпутатаў ніжняй палаты расейскага парлямэнту. Усяго у Думе — 440 дэпутатаў.

Згодна з апошняй інфармацыяй, 225 ці нават 285 дэпутатаў могуць падтрымаць абвінавачаньне Ельцына, зьвязанае з чачэнскай вайной. 125 з розных фракцыяў выступаюць рашуча супраць адхіленьня Ельцына ад улады — гэтую інфармацыю падае агенцтва Ройтэрс.

Калі ніжняя палата парлямэнту вынясе рашэньне, што прэзыдэнт парушыў законы і Канстытуцыю, працэдцру яго адхіленьня ад улады працягнуць Вярхоўны й Канстутуцыйны Суды і Савет Фэдэрацыі. Усе мусяць прагаласаваць за імпічмент кастытуцыйнай большасьцю ў дзьве траціны.

Сам Ельцын адмовіўся прыйсьці на слуханьні па імпічменту ў Думу. Не прыйшлі на слуханьні сьведкі, такія як былы прэзідэнт СССР Міхаіл Гарбачоў.

Сёньня акрамя слуханьняў па імпічменту Дзярждума разглядала кандыдатуру Сяргея Сьцяпашына на пасаду прэм'ера, зацьвердзіць якога прапанаваў ужо Ельцын. Нагадаем, што згодна з расейскай Канстытуцыяй, калі Дзярждума тры разы адхіліць кандыдата на кіраўніка кабінэту міністраў, якога прапануе прэзыдэнт, прэзідэнт можа распусьціць Думу і прызначыць новыя парлямэнцкія выбары.

Чарговыя выбары ў расейкую Думу заплянаваныя на сьнежань, але ў сытуацыі роспуску Дзярждумы могуць прайсьці раней.

Адна з самых уплывовых амэрыканскіх газэтаў Washington Post разглядае сёньняшні расейскі палітычны крызыс з пазыцыяў дзяржаўных інтарэсаў ЗША. У большай ступені — у аслабленьні расейскай ваеннай машыны і абароназдольнасьці Расеі.

Расея зараз знаходзіцца на мяжы развалу, піша Washington Post. Расейкія ўлады ня здольныя гарантаваць нават мінімальныя магчымасьці дзеля нармальнага жыцьця і дзейнасьці сваёй дзяржавы. Яны ня могуць ні зьбіраць падаткі, ні падтрымліваць бясьпеку краіны. Ваенны бюджэт Расеі складае 4 мільярды даляраў — значна меней за тое, што выдаткавалі Злучаныя Штаты толькі на вайну ў Югаславіі. І гэта ўжо само па сабе азначае, што Расея сёньня ня можа нікому пагражаць і ўспрымацца як пагроза. Але хаос і нестабільнасьць у расейскім войску можа быць сапраўднаю пагрозаю стабільнасьці у самой Расеі, піша Washington Post.

Можа, менавіта таму Ельцын абраў генэрала Сьцяпашына на пасаду прэм'ер-міністра. Генэрал, які мае аўтарытэт сярод вайскоўцаў, зусім магчыма, можа ўтрымаць хоць бы сілавыя структуры ад поўнага развалу і супрацьстаяньня уладам.

XS
SM
MD
LG